
Зміцер Крамянецкі. Фота Антона Матолькі
Пасля таго, як следчымі КДБ была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства, Зміцер Крамянецкі звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю ўрону. Актывіст перакананы, што ўтрыманне яго пад вартай было незаконным. Акрамя гэтага, на ўсе допыты Змітра вадзілі з надзетым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабіліся ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала яго чалавечую годнасць. Памер маральнай шкоды актывіст ацаніў у дзесяць тысяч рублёў.
Аднак, як вынікае з адказу начальніка ўпраўлення СК Рэспублікі Беларусь В. Грыца, які Крамянецкі атрымаў некалькі дзён таму, следчыя прыйшлі да высновы, што ў пытанні прызнання права на кампенсацыю яны паспяшылі:
«Вынесеная пастанова аб прызнанні за Змітром Крамянецкім права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, з'яўляецца неабгрунтаванай, паколькі затрыманне, заключэнне пад варту, а таксама рашэнне аб спыненні ў дачыненні да Крамянецкага крымінальнага пераследу рабілася Камітэтам дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь».
Маўляў, мы тут ні пры чым і з гэтым пытаннем лепш звяртацца непасрэдна ў КДБ, супрацоўнікі якога затрымлівалі актывіста і ўтрымлівалі ў камеры больш за два месяцы. Аднак пасля перадачы КДБ вытворчасці па справе ў Следчы камітэт, менавіта апошні з'яўляецца органам крымінальнага пераследу ў гэты час.
«Тут важна адзначыць, — каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Што і сама працэдура атрымання кампенсацыі шкоды, якая была нанесеная грамадзяніну органаўм следства, замацавана ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, выглядае вельмі дзіўна: для атрымання такога права грамадзянін перш за ўсё ў дасудовым парадку павінен звяртацца ў следчы орган, які непасрэдна і ажыццяўляў яго пераслед, каб апошні прызнаў такое права за грамадзянінам. Без пастановы следчага органа аб прызнанні такога права грамадзянін не можа звяртацца з пазовам у суд. Трэба адзначыць, што па iншых абставiнах прычынення маральнага і матэрыяльнага ўрону прадугледжаны прамы судовы парадак разгляду пазову».
Зміцер Крамянецкі разам з некаторымі іншымі «маладафронтаўцамі» быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года па падазрэнні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старэйшым следчым па асабліва важных справах 1 аддзела следчага ўпраўлення КДБ А.В. Грыбам вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства.