Іван Кавальчук за кратамі робіць малюнкі легендарнага Мядзельскага замка
Ужо амаль тры месяцы ў зняволенні знаходзіцца 25-гадовы студэнт БНТУ Іван
Кавальчук. Ён, разам з іншымі абвінавачанымі, праходзіць па так званай «справе
патрыётаў».

Іван Кавальчук. Фота svaboda.org
Студэнт-архітэктар Іван Кавальчук вучыўся на апошнім шостым курсе, нават у
зняволенні ён працягвае працаваць над дыпломам, звязаным з аднаўленнем Мядзельскага
замка.
«Мой брат Iванка моцны духам чалавек. Нягледзячы на ўсе абставiны, якiя з iм
адбылiся i адбываюцца апошнiм часам, ён не губляе час дарма, — расказвае «Нашай
Ніве» брат Івана Аляксей Кавальчук. — Акрамя самаразвiцця (чытання кнiг i
вывучэння польскай мовы), ён шмат часу праводзiць за напiсаннем сваёй дыпломнай
працы, тэмай якога з’яўляецца аднаўленне i рэканструкцыя Мядзельскага замка.
Iван скончыў 6 курс архiтэктурнага факультэта БНТУ, засталася толькi абарона
дыплома.

Да гэтага часу не засталося нiякiх выяваў i малюнкаў, як замак выглядау
раней, але на падставе ранейшых раскопак i даследаванняў, у якiх Іван i сам
прымаў удзел у валанцёрскай групе, брат зрабiў вялiкую працу.
На канфiскаваным ноўтбуку знаходзiцца ягоная праца з 3D-мадэллю замка. Каб
даведацца як выглядаў замак, брат шматразова звяртаўся ў архiвы Швецыi, бо
менавiта шведы зруйнавалi яго. На гэтае яго натхніў і дапамагаў сябра Руслан
Шошын [журналіст польскай газеты Rzeczpospolita — «НН»].

Я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта будзе вялiкi ўнёсак у гiсторыю
Беларусi i яе развiццё. Асаблiва мне было б прыемна даведацца, што ў хуткім
часе мой сын зможа даведацца са школьнага падручнiка, што быў Мядзельскi замак
i як ён выглядаў.
Я вельмi ўдзячны за дапамогу выдатнаму хлопцу Змiтру Савельеву, якi сам
раней навучаўся ў БНТУ i якi выклiкаўся дапамагчы Iвану з напiсаннем яго працы.

Калi гэта не ўнiкальны выпадак напiсання дыплома, то, пэўна, не так шмат было такіх выпадкаў, а як гэтае лiставанне адбываецца — глядзiце на прыкладзе аднаго з лістоў.
I нашыя ўлады лiчаць такiх людзей, якiя працуюць для нашай з вамi спадчыны, злачынцамi».
Запісаў Зміцер Панкавец, Наша ніва