Яшчэ 5 чалавек затрыманыя па падазрэнні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Ці сярод іх Статкевіч — невядома
Пра гэта паведаміў тэлеканал СТБ са спасылкай на МУС Беларусі.
![25 сакавіка 2017 году. Мінск 25 сакавіка 2017 году. Мінск](/img/v1/images/dzenvoli__1_of_1__11_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
25 сакавіка 2017 году. Мінск
Ці ёсць сярод затрыманых лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола
Статкевіч, які знік тры дні таму, і ягоны кіроўца Сяргей Кунцэвіч, у
якога падчас затрымання канфіскавалі пляшкі «з пахам гаручай сумесі»,
невядома.
«Паступіла аператыўная інфармацыя пра тое, што некалькі грамадзян задумвалі правакацыі падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў», — цытуе МУС інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Паводле афіцыйнага паведамлення, падчас ператрусаў па месцы жыхарства затрыманых былі знойдзеныя пнеўматычная зброя, халодная зброя, кайданкі, лёгкаўзгаральныя рэчывы і хімічныя рэактывы, маскі з проразямі для вачэй, навучальная літаратура анархісцкага зместу. Цяпер дзеянням затрыманых даецца прававая ацэнка.
23 сакавіка КДБ паведаміла, што крымінальная справа ўжо распачатая супраць 26 чалавек. У КДБ заявілі, што затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале з Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам. Ім інкрымінуюць навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ).
UPD. Пазней прадстаўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітры Пабяржын паведаміў журналістам, што ведамства не валодае інфармацыяй, дзе можа быць Статкевіч.
Паводле «Радыё Свабода»