КДБ: фігурантам справы «Белага легіёна» выстаўлена новае абвінавачанне

Дваццаці фігурантам справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў ("справа "Белага легіёна") выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне — у стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання (артыкул 287 Крымінальнага кодэкса).

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага бярэта». Фота з сайта 90s.by

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага бярэта». Фота з сайта 90s.by

Гэту інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў прэс-службе КДБ.

Пра тое, што 20 фігурантам справы выстаўленае абвінавачанне па новым артыкуле, паведаміла 11 красавіка газета Адміністрацыі прэзідэнта "СБ. Беларусь сегодня" са спасылкай на матэрыялы следства.
Паведамляецца таксама, што ўсяго па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК) праходзяць 35 чалавек. З іх 17 выстаўленае абвінавачанне, яны знаходзяцца пад вартай. Яшчэ 18 знаходзяцца ў статусе падазроных. Чацвёра з іх затрыманы.
Каментуючы апублікаваныя звесткі, начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў: "Усё адпавядае рэчаіснасці".
Затрыманні грамадскіх актывістаў пачаліся 21 сакавіка, праз некалькі гадзін пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб баевіках, якія "рыхтуюць правакацыю са зброяй". 23 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што ў рамках распачатай КДБ крымінальнай справы па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках затрымана 26 чалавек.
Многія з затрыманых — былыя члены патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая не існуе ўжо 15 гадоў, а таксама актывісты афіцыйна зарэгістраванага бабруйскага клуба "Патрыёт". У рамках гэтай крымінальнай справы таксама былі затрыманыя некаторыя актывісты "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) на чале са Зміцерам Дашкевічам.
У артыкуле "Імя ім — легіён", які падпісаны "Аддзел расследаванняў", "СБ. Беларусь сегодня" сцвярджае, што на самой справе "Белы легіён" не самараспускаўся. Выданне расказвае пра падрыхтоўку членаў "Белага легіёна", якая доўжылася ўвесь гэты час, іх канспірацыю, а таксама пра тое, як спецслужбам стала вядома аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія планаваліся 25 сакавіка (апазіцыйны Дзень Волі) у Мінску.
"Востры сігнал паступіў ад грамадзянкі Германіі з беларускімі каранямі, — піша газета. — Назавем яе фрау А. Цалкам яе прозвішча кампетэнтным асобам вядомае. Дама была блізка знаёмая з французам па імені Мішэль (аматары канспіралогіі разумеюць, што ў мэтах бяспекі і гэтае імя адкрыта называць нельга), які, у сваю чаргу, кантактуе з Саннікавым і Бандарэнкам, што пражываюць у Польшчы. Якія, калі памятаеце, пісалі некалькі гадоў таму слёзную просьбу Прэзідэнту аб сваім раскаянні і памілаванні. Датэрмінова пакінуўшы зоны, "раскаянцы" з`ехалі на заходнія хлябы і ўзяліся за сваё. Менавіта яны і прагаварыліся Мішэлю аб планах на 25 сакавіка. Француз падзяліўся "сакрэтамі" з сяброўкай А. Так яна даведалася, што на 25—26 сакавіка ў Мінску рыхтуюцца не проста беспарадкі, а сапраўдныя баі. Прычым не толькі з міліцыяй. Сцвярджалася, што ў Мінск едуць баевікі, вось іх і будуць біць мясцовыя "патрыёты". Ясна, што гэтае трызненне было ўсяго толькі прыкрыццём атакі на "трон, які пахіснуўся" (такія гнілыя навіны распаўсюджвалі ў сакавіку амаль усе "хартыі" і іншыя "белсаты"). Але чужыя "баевікі", абарона ад іх мірных мінчан — гэта нешта новае і, вядома, вельмі "патрыятычнае"! Тым не менш шакаваная беларуская берлінка паспяшалася ў пасольства і ўласнаручна напісала заяву на імя Прэзідэнта, молячы прыняць "неадкладныя меры", паколькі баялася, што "пагромы могуць пагражаць яе хворай маці", якая жыве ў цэнтры Мінска".

"Зразумела, у КДБ такую заяву не маглі пакінуць па-за ўвагай, — адзначаюць аўтары матэрыялу. — Тым больш што напярэдадні сакавіцкіх падзеяў на дзяржмяжы адбылася чарада насцярожваючых інцыдэнтаў, пра якія тады паведамлялася ў СМІ. У поле зроку аператыўнікаў, натуральна, перш за ўсё патрапіў крыху прызабыты "Белы легіён".


Справа па арт. 287 КК у Беларусі распачынаецца ўпершыню. Гэты артыкул гаворыць: "Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання пры адсутнасці прыкмет артыкула 286 ("Бандытызм". — БелаПАН.) гэтага Кодэкса, альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем, або ўдзел у ім караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў". У якасці заўвагі адзначаецца, што асоба, якая добраахвотна спынiла ўдзел у незаконным узброеным фарміраванні і здала зброю, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.
Варта адзначыць, што затрыманні ў рамках гэтай крымінальнай справы многія аналітыкі звязваюць са спробамі ўладаў нейтралізаваць апазіцыю і грамадскіх актывістаў, каб не дапусціць новай хвалі вулічных акцый супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў, якія праходзілі ў лютым—сакавіку ў розных гарадах Беларусі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН