Мінскія ўлады не дазволілі пікет у падтрымку арыштаваных па справе патрыётаў
Адмову ў правядзенні пікету ў падтрымку арыштаваных атрымала сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.

Серыю пікетаў у падтрымку арыштаваных па справе патрыётаў актывістаў плануюць правесці актывісты Руху «За Свабоду». Першая заяўка была пададзеная на 20 мая. Ініцыятары акцыі прапанавалі тры магчымых месцаў правядзення пікетаў: ля КДБ, ля СІЗА № 1, на плошчы Бангалор ці любым іншым месцы Мінска.
«З прадстаўленай вамі заявы немагчыма вызначыць канкрэтнае месца правядзення масавага мерапрыемства», — паведаміў у адказе намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Юркевіч І.В.
Чыноўнік таксама палічыў, што з абавязальніцтваў незразумелая дата правядзення акцыі.
«Прэтэнзіі — беспадстаўныя, бо намі былі вызначаныя канкрэтныя месцы: былі пададзеныя некалькі месцаў у паслядоўнасці, як нас больш задавальняе. Калі і гэтыя варыянты не падыходзілі, мы гатовы сустрэцца і абмеркаваць», — нагадаў каардынтар кампаніі «Карусель пікетаў» сябра Рады Руху «За Свабоду» Арцём Лява.
Ён лічыць, што гэта паказала, што ўлады шукалі фармальны повад, каб не задаволіць заяўку і назваў прэтэнзію па абавязальніцтвах абсалютна не абгрунтаванай.
«Адзінае, што радуе, гэта характар адмовы. Мінгарвыканкам прызнаў наша права на тое, што мы можам арганізоўваць пікеты ў падтрымку арыштаваных па „справе патрыётаў“ і адмовіў па фармальнай падставе», — адзначыў Лява.
Ён плануе дачакацца адказаў па іншых заяўках і тады паспрабаваць трапіць на прыём у Мінгарвыканкам. Не выключае сябра Рады Руху «За Свабоду» і падачы іску ў суд.
pyx.by