Статкевіч пра затрыманне Яўдахі, Лазоўскага і Дундукова

Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Мікола Статкевіч лічыць, што затрыманні 21 сакавіка Алеся Яўдахі, Міраслава Лазоўскага і Андрэя Дундукова скіраваныя на тое, каб запалохаць людзей перад акцыяй 25 сакавіка.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Палітык перакананы, што яны атрымаюць па некалькі сутак адміністрацыйнага арышту і выйдуць на волю пасля 25 сакавіка. Ён абверг іх датычнасць да арганізацыі Дня Волі ў Мінску:
«Я не меў кантакту з гэтымі людзьмі. Яны не маюць ніякага дачынення да арганізацыі акцыі 25 сакавіка. Але паводзіны ўладаў зразумелыя, яны ў паніцы, яны баяцца. Улады спрабуюць паменшыць яўку людзей на акцыю 25 сакавіка. Што б там ні казалі — сцэнары, маршруты — галоўным паказчыкам будзе колькасьць людзей на акцыі. Таму што гэта будзе сведчыць пра ступені незадаволенасці грамадства. І ўлады вельмі баяцца гэтага. Таму і палохаюць людзей. Але я яшчэ раз кажу — ва ўладаў няма сродкаў, яны знаходзіцца ў такой сытуацыі, калі не можа пайсці на брутальныя метады задушэння акцыі. Таму яны дзейнічаюць загадзя, яны палохаюць, каб людзі не прыйшлі на акцыю».
Статкевіч лічыць, што затрыманыя актывісты могуць стаць героямі новых выпускаў агітпрапу на дзяржаўных каналах тэлебачаньня:
«Магчыма, што будуць новыя ролікі на дзяржаўных каналах тэлебачаньня. Тым больш што Лукашэнка казаў пра «лагер баевікоў у раёне Бабруйска —Асіповічаў». А «Белы легіён», у які калісці ўваходзіў той жа Міраслаў Лазоўскі, меў дачыненне да гэтага месца. Чарговыя «пацукі», будуць «выкалупваць». Яшчэ сітуацыя звязана з цяжкім псіхалягічным станам кіраўніка рэжыму, магчыма, з ягонай псіхалягічнай хваробай. А падначаленыя халуі вымушаныя падладжвацца пад гэты стан, забяспечваць ягоныя словы нейкімі доказамі. Я думаю, што затрыманыя атрымаюць некалькі сутак адміністрацыйнага арышту, але калі акцыя пройдзе, іх выпусцяць».
Мікола Статкевіч ухваліў рашэньне аргкамітэту святкаваньня Дня Волі ісці ў цэнтр Мінску, нягледзячы на тое, якім будзе адказ з Мінгарвыканкаму. Але лічыць, што галоўным арганізатарам акцыі застаецца БНК, які ён узначальвае:
«Ніякіх рознагалоссяў у мяне з аргкамітэтам няма. Насамрэч адзіны, хто рыхтуе акцыю, — гэта Беларускі нацыянальны кангрэс. Ён вядзе працу для падрыхтоўкі гэтай акцыі. Што тычыцца пазыцыі заяўнікаў, то гэта пазыцыя некалькіх чалавек. Я ўвайшоў з імі ў кантакт, размаўляў з імі тры гадзіны. Калі я быў там, то яны паміж сабой пасварыліся, падзяліліся тры на два. Відаць, цяпер яны прыйшлі да нейкай агульнай згоды. Але гэтага мала. Тым больш, калі яны не атрымаюць дазвол на той маршрут, які прасілі, яны перастаюць быць заяўнікамі і адказнымі за той маршрут, які яны падтрымалі. Разам з тым хачу адзначыць: тое, што ў такой цяжкай сітуацыі гэтыя маладыя людзі заявілі, што шэсце пойдзе ў цэнтар гораду, робіць ім гонар».
Паводле svaboda.org