Што малюе ў лістах з турмы Андрэй Дундукоў? (ФОТАФАКТ)
Ганна Дундукова, падзялілася малюнкамі мужа, дасланымі з СІЗА, а таксама перадала ад ягонага імя падзяку ўсім, хто дапамагае і не забываецца пра фігурантаў «Справы патрыётаў».
Паводле Ганны, Андрэй заўжды любіў і цікавіўся нацыянальным беларускім арнаментам. На фота бачныя некаторыя традыцыйныя сімвалы, сярод якіх «спарыш» ды салярны знак.
Усе чатыры апошнія лісты ад Андрэя прыходзілі з малюнкамі, — распавядае Ганна, — Гэта вельмі прыемна. Зрэшты, мы выбіраем арнамент для адной сумеснай задумы, але для чаго менавіта — пакуль распавядаць не буду. Таямніца!
Дундукоў таксама цешыцца за чатырохгадовага сына Міраслава, які вучыць беларускую мову, ды піша: «кожнае новае Беларускае слова Мірычка робіць шчаслівым».
Мірык выдатна разумее беларускую, але размаўляе па-расейску, — тлумачыць Ганна, — Я патроху замяняю расейскія словы на беларускія, напрыклад, замест «Спокойной ночи» — «Дабранач», «Спасибо» — «Дзякуй» і г.д. І так з усімі словамі, каб ведаў і беларускі, і расейскі варыянт. Ён патроху запамінае, вучыцца.
Андрэй Дундукоў у сваім лісце таксама дзякуе ўсім за падтрымку.
Нагадаем, што Андрэй Дундукоў утрымліваецца ў СІЗА КДБ ад 21 сакавіка 2017 году, праходзячы па «Справе патрыётаў». У мінулым Андрэй - выдатнік МНС.