Уладзімір Кобец: «Справа патрыётаў» можа доўгі час знаходзіцца ў «падвешаным» стане

Хутка споўніцца месяц, як выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе два апошнія фігуранты справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання — Віктар Мароз і Міраслаў Лазоўскі. Тым часам, сама справа не закрытая і зараз застаецца пытанне: ці дойдзе яна да суда?

Фота 90s.by

Фота 90s.by

“Нікому не былі патрэбныя за кратамі палітычныя вязні падчас правядзення ў Мінску ПА АБСЕ, — распавядае сайту palitviazni.info  Уладзімір Кобец, які ў 2010 годзе кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, быў кінуты за краты, а пасля вызвалення з’ехаў за мяжу. — Улада выкарыстала палітвязняў, як тавар для гандлю. Бярэш закладнікаў, а потым іх выпускаеш і атрымліваеш цалкам рэальныя дывідэнты…”
Як раней паведамлялі праваабаронцы, пад абвінавачаннем па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання) знаходзяцца 16 чалавек. 14 з іх былі вызваленыя 27-30 чэрвеня з СІЗА МУС, а двое раней з СІЗА КДБ: Андрэй Бяляўскі 2 чэрвеня выйшаў пад падпіску аб нявыездзе, а Яўген Палтаржыцкі 19 траўня быў пераведзены пад хатні арышт.
Першапачаткова ўсе фігуранты справы былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, а дадатковае абвінавачванне па артыкуле 287 КК “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання” ім было прад’яўлена пазней. Пасля таго, як КДБ спыніў справу па частцы 3 артыкула 293 КК, яны заставаліся пад вартай з другім абвінавачваннем.
— “Падвешваць” палітычныя справы у Беларусі ўвайшло ў звычай, — кажа Уладзімір Кобец. — Напрыклад, яшчэ не закрыта справа аб “масавых беспарадках” 19 снежня 2010 году. Да гэтага часу па ёй абвінавачваецца кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, і запусціць махавік арыштаў можна ў кожную хвіліну.
Тое самае і па “справе патрыётаў” — яна патрэбная, як механізм стрымлівання, каб паказаць, што ўлада можа і будзе бараніць сябе любымі метадамі, прыдумваючы як у сталінскія часы, фіктыўныя арганізацыі і фіктыўныя справы, пад якія можна падвесці каго заўгодна. Таму не мае значэння, ці дойдзе гэтая справа да суда. Так ці іначай улада будзе развязваць сітуацыю, і прыклад Міхалевіча таму пацвярджэнне.
— Ці было ў “справе патрыётаў” вырашальным “гучнае слова” Еўропы — правядзенне ў Мінску Парламенцкай Асамблеі АБСЕ?
— Адназначна. Нікому не былі патрэбныя за кратамі палітычныя вязні падчас міжнароднага форуму, які Мінск чакаў так доўга. Улада, як і раней, выкарыстала палітвязняў, як тавар для гандлю — бярэш закладнікаў, а потым іх выпускаеш і атрымліваеш цалкам рэальныя дывідэнды.
Рэжым шмат чаму навучыўся за дзесяцігоддзі панавання ў краіне і не збіраўся быць высечаным на ўласнай тэрыторыі праз цвердалобасць сілавікоў. Працуе іншая логіка — больш хітрая і больш гнуткая. У іншым выпадку не варта было б і марыць пра тое, каб беларускае пытанне не трапіла ў фінальны дакумент. Таму і сапраўды майстарскі “бенефіс Варанецкага” (старшыня міжнароднай каміссіі “палаты прадстаўнікоў”) стаў магчымы дзякуючы такому фінту з вызваленнем усіх затрыманых па “справе патрыётаў”. Праўда, гэта не дапамагло Алене Купчыной узначаліць АБСЕ, але гэта ўжо іншая гісторыя.
— Калі справа “затухне”, як быць з тымі абвінавачваннямі, якія ўжо прагучалі да гэтага?
— Відавочна, што ўсе абвінавачванні высмактаны з пальца. І ўсе гэта разумеюць. Як уладзе выйсці з сітуацыі? Эвалюцыйна, як і казаў міністр Уладзімір Макей на З’ездзе беларусаў свету. Калі ж ўсур’ёз пачынаць змены ў Беларусі, варта “паліць” масты ззаду і глядзець наперад. А наперадзе — еўрапейская краіна Беларусь — наш агульны бяспечны і ўтульны дом, а не плацдарм для расійскай агрэсіі на Захад і не лабараторыя Франкенштэйна, якой краіна была ад 1996 году.
Варта спыніць і гэтую справу, і справу 2010 году. Няма ніякага сэнсу ў шматхадоўцы з мэтай захаваць твар. Няма чаго захоўваць, бо ўсе ўсё разумеюць, і не варта марнаваць час, каб усёр’ёз аналізаваць працу з таго самага набору глупстваў, што і “пацукі Сухарэнкі” у 2006 годзе. Цяперашняя ўлада пры ўсёй яе карыкатурнасці на поўным сур’ёзе нясе адказнасць за захаванне незалежнасці нашай краіны, і ўвойдзе ў гісторыю альбо як нікчэмная і недальнабачная, што страціла краіну, альбо як тая, што перарасла дзіцячую хваробу дыктатуры, і дзе перамог баларускі характар і беларускі дух. І якая эвалюцыйна вывела Беларусь з-пад пагрозы страты суверэнітэту на шлях самастойнага развіцця дэмакратычнай заможнай еўрапейскай краіны.
— Што для гэтага патрэбна?
— Насамрэч не так і шмат. Як ужо казаў, трэба пазакрываць усе палітычныя крымінальныя справы і валявым рашэннем рэабілітаваць усіх раней асуджаных палітыкаў і грамадскіх актывістаў, гарантаваць вяртанне з-за мяжы ўсім, хто з палітычных матываў не можа, ці асцерагаецца вярнуцца. Варта абвясціць пераходны перыяд, падчас якога ў краіне павінны быць запушчаны працэсы па паступовым пераходзе ўлады ад існуючых органаў да свабодна выбарных.
У ЗША ёсць такое паняцце “айцы-заснавальнікі”. Нешта падобнае можна зрабіць і ў нас — праграма пераходу можа быць распрацавана людзьмі, якія маюць бездакорны аўтарытэт і не ангажаваныя ў палітыку. Трэба даць свабоду СМІ і прызначыць парламенцкія выбары пад міжнародным наглядам — абсалютна празрыста, раз і назаўсёды закрыўшы тэму “баршча”. Альбо мягка вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году і скасаваць вынікі “рэфэрэндумаў”, альбо правесці новы і апошні рэферэндум і па новай канстытуцыі, і па тых пытаннях, якія парламент вырашыць істотнымі. Неабходна таксама раскрыць праўду аб зніклых лідарах апазіцыі, бо потым гэта ўсё роўна зробіць незалежнае следства — гэта прынцыповае пытанне, і вось яно ніяк не можа “эвалюцыянаваць” у забыццё.
— Хтосьці з фігурантаў “справы патрыётаў” распавядае пра катаванні падчас знаходжання ў СІЗА, нехта маўчыць альбо кажа, што нічога такога з ім не здаралася. На ваш погляд, ці варта людзям шчыра распавесці пра факты катаванняў, калі такія былі?
— Мне добра вядома гэтая дылема на сваім асабістым досведзе. Той, хто не прайшоў праз усё гэта, ніколі не зразумее, пра што ідзе размова. Таму разважаць пра тое, што павінны альбо не павінны тыя, хто выйшаў з-за кратаў, безадаказна і лёгкаважна. Людзям патрэбная псіхалагічная дапамога і рэабілітацыя. Пры гэтым яны яшчэ і знаходзяцца ў статусе абвінавачваных і пад падпіскай пра неразгалошванні. Рана ці позна праўда выйдзе на паверхню, але кожны сам мусіць вырашаць, як, калі і каму яе распавесці.