Валянцін Стэфановіч: Мы заявілі пра палітычны матыў пераследу

Прынцып прэзумпцыі невінаватасці гарантаваны Канстытуцыяй, яго ніхто не адмяняў. Аднак у «СБ» мы бачым ужо стварэнне вобраза небяспечных, радыкальных людзей, якія нібыта рыхтавалі масавыя беспарадкі і стварылі незаконныя ўзброеныя фармаванні...

prezentaciya_knigi_sprava_belyackaga_09.jpg


20 фігурантам справы „Белага легіёна” вылучана абвінавачанне ў „стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і ўдзелу ў ім”. Пра гэта паведаміла праўладная „Беларусь сегодня”.

Новы крымінальны артыкул дае магчымасць больш жорсткага пакарання: паводле артыкула 287 пакараць можна абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што пакуль цяжка рабіць нейкія заключэнні па гэтай справе:

—    Як думаеце, з чым звязана гэтая перакваліфікацыя крымінальнай справы?

—    Па-першае, я б сказаў, што гэта не перакваліфікацыя, гэта дадатковы артыкул, які інкрымінаваны. Зараз некаторых фігурантаў абвінавачваюць па частцы 3-й 293-га артыкула ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а частку – па частцы 3-й арт. 293, яшчэ дадаткова па 287 артыкуле Крымінальнага кодэкса – гэта незаконныя ўзброеныя фармаванні.

—    Наколькі абвінавачанні, прыведзеныя ў “СБ”, адпавядаюць рэчаіснасці?

—    Пакуль рабіць нейкія заключэнні яшчэ цяжкавата, бо мы бачым, што інфармацыя па гэтай справе фактычна адсутнічае. Мы бачым толькі тое, што надрукавана ў “Савецкай Беларусі”. Трэба адзначыць, што прынцып прэзумпцыі невінаватасці гарантаваны Канстытуцыяй, яго ніхто не адмяняў. Атрымліваецца, што з аднаго боку абаронцы, адвакаты фігурантаў не могуць каментаваць, яны не каментуюць нічога, і часам нават не даюць інфармацыі пра працэсуальны статус сваіх падабаронных і пра ўмовы іх утрымання і стан здароўя і г.д. Асобы, якія былі вызваленыя, у іх таксама бяруць падпіску пра неразгалошванне матэрыялаў справы, хаця Крымінальна-працэсуальны кодэкс не прадугледжвае абавязальніцтваў менавіта падазраваных і абвінавачаных, бо гэта з’яўляецца адной з формаў абароны. Таму атрымліваецца, што адзін бок нічога не можа пракаментаваць, затое ў “СБ” мы бачым ужо стварэнне вобраза гэтакіх небяспечных, радыкальных людзей, якія нібыта рыхтавалі масавыя беспарадкі і ўвогуле стварылі незаконныя ўзброеныя фармаванні. Зноўку бачым фотаздымкі нейкай зброі, яшчэ чагосьці, што мне ў прынцыпе ні пра што не гаворыць, бо я не ведаю, што гэта за зброя. Толькі калі будзе экспертыза, дзе будзе напісана што гэта такое, тады можна будзе рабіць высновы. Можна сфатаграфаваць і пнеўматычную зброю, зараз яна прадаецца і ў прынцыпе выглядае так, што не спецыялісту адрозніць яе ад сапраўднай зброі немагчыма фактычна. Пакуль можна толькі апеляваць аргументамі кшталту “я веру”, ці “я не веру”. Канешне, я не схільны давяраць таму, што я прачытаў, убачыў, бо мы ўжо шмат разоў чулі ад Камітэта дзяржаўнай бяспекі цікавыя байкі пра розныя элементы, якія хацелі дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне: ці то кідаючы пацукоў у водаправоды, ці то гаражы са зброяй фігуравалі перад 19 снежня ў 2010 годзе. На судзе ўсё будзе бачна, калі гэта справа сапраўды шытая “белымі ніткамі”, то ўсё гэта будзе бачна.

—    Ці можна казаць пра палітычны пераслед гэтых асобаў? Ці падпадаюць яны пад статус палітвязняў?

—    Пакуль інфармацыі недастаткова, каб мы рабілі нейкія высновы адносна таго, ці можна гэтых людзей прызнаць палітычнымі зняволенымі, ці не. Трэба больш інфармацыі: ці інкрымінавана ім штосьці і што канкрэтна інкрымінавана. Ці там сапраўды зброя, бо 287 артыкул характэрны тым, што ён паглынае кваліфікацыю ў дачыненні да незаконных дзеянняў да агнястрэльнай зброі, то бок не патрабуе дадатковай кваліфікацыі, бо пакуль не зразумела, была яна ці не. Міжнародныя стандарты не абараняюць нейкіх дзеянняў са зброяй у руках. Трэба чакаць больш інфармацыі, тады мы будзем вызначацца, калі будзем разумець, што віна гэтых людзей не даказана і суды будуць адбывацца з парушэннямі судовага разбіральніцтва. Я думаю, што наша рэакцыя будзе адназначная. У прынцыпе, мы ўжо заявілі пра палітычны матыў, пераслед з боку ўладаў у гэтай крымінальнай справе, як нам падаецца, ён прысутнічае, але дастатковай інфармацыі пакуль няма.  

Паводле беларускіх праваабаронцаў, статус палітвязня ў Беларусі прызнаны грамадскаму актывісту Міхаілу Жамчужнаму і актывісту анархісцкага руху Вячаславу Касінераву.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя