16-ы дзень вайны. Сітуацыя ва Украіне на 11 сакавіка
З пачатку вайны расійскія войскі забілі больш мірных жыхароў, чым загінула ў баях украінскіх вайскоўцаў усіх структур.
На трэці тыдзень вайны Расіі супраць Украіны войскам РФ удалося часова акупаваць некалькі ўкраінскіх гарадоў. Але ключавыя абласныя цэнтры — Чарнігаў, Харкаў, Нікалаеў, Сумы, а таксама Кіеў і Марыупаль знаходзяцца пад украінскім кантролем.
Расійскія войскі абстрэльваюць грамадзянскую інфраструктуру, жылыя кварталы гарадоў і вёсак, гуманітарныя калідоры. Яны забіваюць мірных жыхароў і перашкаджаюць іх эвакуацыі ў бяспечныя месцы.
Кіраўнік Мінабароны Украіны Аляксей Рэзнікаў сказаў, што з пачатку вайны расійскія войскі забілі больш мірных жыхароў, чым загінула ў баях украінскіх вайскоўцаў усіх структур.
***
Раніцай расійскія ракеты атакавалі Івана-Франкоўск — другі раз з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. У раёне горада раніцай чутныя выбухі. Пра гэта паведамляюць у сацсетках.
***
Мэр Луцка Ігар Палішчук паведаміў аб выбухах з боку аэрадрома.
***
Расійскія ваенныя нанеслі тры ўдары па Дняпры. Снарады ўпалі каля дзіцячага садка і шматкватэрнага жылога дома, а таксама двухпавярховай абутковай фабрыкі, распачаўся пажар. Як мінімум адзін чалавек загінуў.
***
Разбураныя масты, гандлёвыя цэнтры, а таксама шматпавярховыя дамы. Менавіта так выглядаюць некаторыя населеныя пункты ў выніку варожай атакі з боку Расіі. Кампанія Maxar апублікавала новыя спадарожнікавыя здымкі.
На адным са здымкаў бачныя падпаленыя паліўныя бакі на захопленым аэрадроме "Антонаў" у Гастомелі.
Ніжэй можна ўбачыць разбураныя шматкватэрныя дамы Барадзянкі, узарваны мост на трасе Кіеў — Львоў.
* * *
Рэжым Лукашэнкі дазволіў перавозіць па чыгунцы расійскія ракеты, сярод якіх "Точка-У, рэактыўныя снарады РСЗА "Град", рэактыўныя снарады "Смерч"; квазібалістычныя і крылатыя ракеты для "Іскандэраў".
* * *
Паводле ЮНІСЕФ, колькасць дзяцей-бежанцаў, якія ратуюцца з бацькамі ад расійскага ўварвання ва Украіну, перавысіла 1 мільён. Большасць сем'яў выехалі ў Польшчу, Венгрыю, Славакію, Малдову і Румынію.
* * *
УСУ разбілі дзве калоны варожай тэхнікі і 10 самалётаў. Паводле папярэдняй інфармацыі — гэта полк дэсантных войскаў Расіі з поўным камплектам тэхнікі: танкі, БМП, "Грады".
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў Расію, што ў выпадку прымянення супраць украінцаў хімічнай або біялагічнай зброі Масква атрымае магутны санкцыйны адказ.