17 зніклых маракоў з крэйсера «Масква» суд афіцыйна прызнаў загінулымі, але не з-за вайны

Суд у Севастопалі, відаць, прызнаў маракоў, якія прапалі без вестак з затанулага расійскага ваеннага флагмана, памерлымі не ў выніку ваенных дзеянняў.

Крэйсер «Масква»

Крэйсер «Масква»

Суд разглядаў усе справы ў закрытым рэжыме, заяўнікамі па кожнай справе выступалі камандзір вайсковай часткі №42948 і сваякі маракоў. Ні адно рашэнне не абскарджана, значыць, усе яны ўступілі ў сілу, адзначае ВВС.

Хоць тэксты судовых рашэнняў не апублікаваны, зыходзячы з тэрмінаў разгляду спраў, маракоў прызналі памерлымі не ў выніку ваенных дзеянняў. Згодна з Грамадзянскім кодэксам Расіі, грамадзянін можа быць на працягу паўгода абвешчаны судом памерлым, калі ён прапаў без вестак пры абставінах, «якія пагражалі смерцю або якія даюць падставу меркаваць пра яго гібель ад пэўнага няшчаснага выпадку».

Калі вайсковец прапаў без вестак «у сувязі з ваеннымі дзеяннямі», прызнаць яго памерлым могуць не раней, чым праз два гады з дня заканчэння вайны. Пры гэтым дата заканчэння ваенных дзеянняў павінна быць указана ў заяве пры звароце ў суд.

Нагадаем, у першыя дні вайны ва Украіне крэйсер «Масква» ўдзельнічаў у баях за востраў Змяіны, каля якога ён затануў. Украіна не брала на сябе адказнасць за патапленне крэйсера «Масква». Неафіцыйная версія — крэйсер быў абстраляны ўкраінскімі ракетамі «Няптун». Расія гэта не прызнае. Колькі чалавек тады загінулі, таксама не паведамляецца.