230-ты дзень вайны. РФ зноў абстраляла Запарожжа і працягвае атакаваць іншыя гарады Украіны (абнаўляецца)
Апошнія падзеі ва Украіне — у нашым анлайн-дайджэсце.
Раніцай і ноччу расійцы працягнулі кашмарыць поўдзень і ўсход Украіны.
Расійскія ракеты зноў прыляцелі ў Запарожжа. У выніку ранішняга ўдара пашкоджаны вучэбная ўстанова, медыцынская ўстанова і жылыя дамы. Паведамляецца пра пацярпелых, іх колькасць пакуль невядомая.
На досвітку над Адэскай вобласцю ўкраінскія сілы СПА збілі тры
дроны-камікадзэ Shahed-136, якімі Расія атакавала рэгіён.
Таксама пяць беспілотнікаў збілі над Мікалаеўшчынай.
Ноччу ад расійскіх удараў
пацярпелі тры раёны Днепрапятроўскай вобласці — Нікапальскі, Сінельнікаўскі і Крыварожскі.
Таксама РФ здзейсніла напад на Ладыжскую ТЭС у Вініцкай вобласці двума
дронамі-камікадзэ «Shahed-136».
Украінскі бок распавёў аб новых стратах расійцаў на поўдні краіны.
За суткі страты складаюць: 174 вайскоўцы, дзве гаўбіцы «Мста-Б», 12 адзінак аўта-бронетэхнікі, два танкі, два мінамёты, два саставы боекамплекта.
Збітыя два беспілотнікі «Арлан-10» і штурмавік Су-25.
Акрамя таго, пашкоджаныя пяць адзінак браняванай тэхнікі і
буйнакаліберная гармата «Гіяцынт-Б».
Украінскія ратавальнікі ўдакладнілі колькасць ахвяр учорашняй
масіраванай атакі РФ па Украіне.
Паведамляецца пра 19 загінулых, яшчэ 105 былі
траўмаваныя.
Зафіксавана траплянне па аб'ектах крытычнай і грамадзянскай
інфраструктуры ў 12 абласцях і ў Кіеве, дзе ўзнікла больш за 30 пажараў.
Застаюцца абясточанымі 301 населены пункт у Кіеўскай,
Львоўскай, Сумскай, Цярнопальскай і Хмяльніцкай абласцях.
UPD. Раніцай расійцы ўзнавілі ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Тамтэйшыя паблікі паведамляюць пра атакі на Крывы Рог, Паўлаград, Ровенскую, Вінніцкую, Мікалаеўскую, Днепрапятроўскую вобласці і іншыя рэгіёны Украіны. Працуе мясцовая СПА, у цэлым абстаноўка не такая напружаная як напярэдадні.
Крыніцы: украінскія медыя.