253-ці дзень вайны. ЗАЭС зноў абясточаная, а ў РФ пратэсты з-за неатрыманых за мабілізацыю грошай

Абстрэлы Харкава, Крывога Рогу, Запарожжа. Цалкам абясточаная Запарожская атамная станцыя.

photo_2022_10_29_12_25_31.jpg

З-за расійскіх абстрэлаў Запарожская АЭС цалкам абясточаная, паведамляе ўкраінскі Энергаатам. У сераду, 2 лістапада, у выніку абстрэлаў пашкоджаны апошнія дзве высакавольтныя лініі сувязі ЗАЭС з украінскай энергасістэмай. У 23:04 гадзіны станцыя перайшла ў рэжым поўнага абясточвання, уключыліся ўсе 20 дызель-генератараў.

Цяпер схема сілкавання ўласных патрэб ЗАЭС аптымізаваная, пакінулі працаваць дзевяць дызель-генератараў. Энергаблокі 5 і 6 пераводзяцца ў халодны стан. Паліва для працы дызель-генератараў у рэжыме поўнага абясточвання ЗАЭС застаецца на 15 сутак.

Учора ўвечары таксама абстрэльвалі Харкаў, Крывы Рог, Запарожжа.

Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў пра тры ўдары па Кіеўскім раёне горада позна ўвечары. Трапілі ў адміністрацыйны нежылы будынак.

Кіраўнік ваеннай адміністрацыі Крывога РогаАляксандр Вілкул таксама паведаміў аб траплянні ўвечары дрона-камікадзэ ў аб'ект энергетычнай інфраструктуры. Разбурэнні значныя, некалькі раёнаў горада без святла і вады.

У сваім тэлеграме Вікул напісаў: «Краіна-агрэсар працягвае тэрор. Увечары і ноччу вораг распачаў чарговую атаку на энергетычную інфраструктуру вобласці. Чатыры варожыя дроны былі знішчаны над вобласцю нашай СПА, але траплянні ёсць. У Крывым Рогу два ўдары. Адзін — па аб'екце энергетычнай інфраструктуры (мапед), адзін — воднай (ракета). Усюды разбурэнні значныя. Дзякуй Богу, без людскіх страт. Аварыйныя брыгады працавалі ўсю ноч. Водазабеспячэнне ўсюды адноўлена на генератарах. Па забеспячэнні электраэнергіяй працы працягваюцца. Некалькі мікрараёнаў без святла. Ідуць перападключэнні на альтэрнатыўныя лініі». 

Аб выбухах увечары паведамілі і жыхары Запарожжа. Сакратар гарсавета Анатоль Курцаў сказаў, што ёсць інфармацыя пра атаку на прыгарад, таксама працуе супрацьпаветраная абарона. Паводле папярэдніх даных, усе дроны, якія ляцелі ў кірунку Запарожжа, знішчаны. 

Ноччу над Нікапальскім раёнам Днепрапятроўскай вобласці ўдалося збіць чатыры дроны-камікадзэ «Shahed-136».

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі чацвёра цывільных асоб — трое ў Бахмуце і адзін у Аўдзееўцы. Акрамя таго, украінскія праваахоўнікі знайшлі целы чатырох цывільных, якія загінулі ў час акупацыі. Яшчэ пяць чалавек у вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка.

У Мелітопалі сёння раніцай прагрымелі выбухі ў паўднёвай частцы горада. Паводле папярэдніх звестак, разбурана частка захопленага рускімі завода «Рэфма», дзе размяшчаўся адзін з асноўных штабоў асабовага складу расійскай арміі ў горадзе.

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Макееўка, Неўскае і Белагораўка Луганскай вобласці; Верхнекаменнае, Спорнае, Бахмут, Маёрск, Першамайскае, Новаміхайлаўка, Вадзяное, Паўлоўка і Прачыстоўка ў Данецкай вобласці, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

Каля дзвюх тысяч украінскіх асуджаных апынуліся ў турмах на захопленай рускімі тэрыторыі. Там вязняў прымушаюць атрымліваць грамадзянства РФ і прапануюць «свабоду» ў выглядзе вайсковай службы.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (IWS) піша, што расійскія ўлады сутыкнуліся з цяжкасцямі ў выплатах грошай мабілізаваным, і гэтыя праблемы ўзмацняюць сацыяльнае напружанне ў грамадстве. Так, рускія ў сацсетках паведамляюць пра шматлікія мітынгі, на якіх мабілізаваныя пратэстуюць і патрабуюць абяцаныя грошы.

Такі пратэст быў зафіксаваны ва Ульянаўску, а таксама ў Чувашыі. Сем'і мабілізаваных публічна паскардзіліся губернатару Варонежскай вобласці, што яны не атрымалі абяцанай кампенсацыі ў 120 тысяч рублёў.

Аналітыкі IWS адзначаюць, што Крамлю трэба шукаць грошы і працягваць рабіць абяцаныя выплаты, каб хоць неяк падтрымліваць кантроль над грамадствам і крыху ўзняць маральны дух сярод мабілізаваных расіян.

 

photo_2022_10_29_12_25_29.jpg

Амерыканскі прэзідэнт Байдэн заявіў, што дадатковыя войскі ЗША будуць знаходзіцца ў Еўропе на працягу «доўгага часу.

Вашынгтон таксама заявіў, што разглядае розныя варыянты процідзеяння пастаўкам зброі Паўночнай Карэяй Расіі, у тым ліку і дадатковыя санкцыі. Пра гэта паведаміў спікер Дзярждэпа Нед Прайс.

Рада Бяспекі ААН не прыняла рэзалюцыю РФ аб расследаванні вайскова-біялагічнай дзейнасці ва Украіне. Дакумент не набраў неабходныя дзевяць галасоў з 15. За рэзалюцыю галасавалі толькі Расія і Кітай, супраць былі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя. Астатнія краіны ўстрымаліся.

Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце пракаментаваў расійскія заявы з нагоды гарантый бяспекі ад Украіны: «Сёння ў Крамлі распавядаюць, што яны патрабавалі гарантый бяспекі ад Украіны. Варта на імгненне спыніцца, каб абдумаць такія іх заявы. 252 дні таму Расія патрабавала гарантый бяспекі ад Злучаных Штатаў Амерыкі. Пасля васьмі месяцаў расійскай так званай спецыяльнай аперацыі ў Крамлі патрабуюць гарантый бяспекі ад Украіны. Гэта сапраўды дзіўныя змены. Гэта паказвае і тое, як правалілася расійская агрэсія, і тое, наколькі мы з вамі моцныя, калі захоўваем адзінства».