281-шы дзень вайны ва Украіне. Што здарылася за ноч?
Абстрэлы ўкраінскіх гарадоў расійскім войскам працягваюцца. Розныя краіны свету абвяшчаюць пра новую дапамогу Украіне.
Расіяне суткі абстрэльвалі Харкаўскую вобласць, не абышлося без руйнаванняў. Пра гэта ў сваім Telegram паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў.
«Зноў пад абстрэламі Купянскі раён: акупанты на працягу сутак наносілі артылерыйскія і ракетныя ўдары. У Курылаўскай абшчыне ў выніку абстрэлаў гарэлі гаспадарчыя пабудовы, разбураны дахі двух дамоў, траплянне на тэрыторыю адукацыйнай установы», — напісаў Сінягубаў.
Паводле яго слоў, у Казачай Лопані ў Харкаўскім раёне абстрэлы расіян разбурылі 4 кватэры шматкватэрнага дома. Аднак ахвяр і пацярпелых у выніку варожых нападаў няма.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў паранены трое мірных жыхароў — у Бахмуце. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
У Херсоне праз моцныя начныя абстрэлы горада расіянамі знікла напружанне ў электрасетках, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.
«У Херсоне знікла напружанне ў электрасетках. Гэта адбылося з-за магутных абстрэлаў горада расійскімі захопнікамі. «Херсонаблэнерга» ўжо працуе над ліквідацыяй праблемы», — напісаў Янушэвіч.
Адзначым, паводле звестак мясцовых Telegram-каналаў, гэтай ноччу расійскія войскі ўдарылі па горадзе з артылерыі. З-за абстрэлаў загарэўся шматпавярховы дом.
За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расіян у раёнах наступных населеных пунктаў: Навасёлаўскае, Стэльмахоўка і Белагораўка Луганскай вобласці і Белагораўка, Якаўлеўка, Бахмут, Курдзюмаўка, Краснагораўка, Каменка, Вадзяное, Першамайскае і Мар'інка Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
На Сватаўскім і Ліманскім напрамках расійскія войскі робяць інжынернае абсталяванне лініі абароны, працягваюць перакідванне асабовага складу, боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў для камплектавання і забеспячэння новых падраздзяленняў і тых, якія панеслі страты.
У Алешках Херсонскай вобласці змяншаецца колькасць расійскіх салдат і вайсковай тэхнікі. З асобных населеных пунктаў Херсонскай вобласці войскі РФ выведзены і раскіданы ў лесапалосах уздоўж участка аўтадарогі Алешкі — Голая Прыстань. Асноўная частка войскаў там — мабілізаваныя.
* * *
Гендырэктар «YASNO» Сяргей Каваленка паведаміў, што час, які кіяўляне праводзяць без святла, скарачаецца, аднак экстранныя адключэнні працягваюцца, стабілізацыйныя графікі не дзейнічаюць, «але мы на іх арыентуемся і да іх набліжаемся». Ён таксама адзначыў, што скарачаецца колькасць дамоў, падлучаных да тых жа ліній, што і аб'екты крытычнай інфраструктуры.
* * *
Амерыканцы будуць навучаць у Германіі па 2500 украінскіх вайскоўцаў на месяц, паведамляе CNN са спасылкай на чыноўнікаў Белага дома. У прыватнасці, згодна з новай праграмай, ЗША пачнуць навучаць значна большыя групы ўкраінскіх салдат складанай тактыцы вядзення бою, у тым ліку каардынацыі пяхотных манеўраў з артылерыйскай падтрымкай.
* * *
Міністарка абароны Германіі Крысцін Ламбрэхт паабяцала прадставіць нямецкаму ўраду прапанову аб разгортванні сістэм СПА «Patriot» на тэрыторыі Украіны. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
* * *
Пентагон і амерыканская кампанія «Raytheon Technologies» падпісалі кантракт на суму 1,2 мільярда долараў на закупку сістэм СПА «NASAMS» для Украіны, паведаміла Мінабароны ЗША. Гаворка ідзе пра пастаўку яшчэ шасці батарэй «NASAMS» у дадатак да дзвюх, што былі пастаўлены ў лістападзе. Іх перададуць Кіеву на працягу наступных месяцаў, як толькі сістэмы СПА будуць пабудаваны.
* * *
Іспанская кампанія — вытворца зброі «Instalaza» таксама, верагодна, атрымала пакет з выбуховай прыладай, як гэта было ў пасольстве Украіны ў Іспаніі, паведамляе «El Periódico». Днём 30 лістапада паліцыя рэгіёна Арагон і Грамадзянская гвардыя атрымалі ад «Instalaza» паведамленне аб падазроным пакеце. Спецыялісты ўзарвалі пакет кантраляваным спосабам, аперацыя завяршылася без ахвяр і пацярпелых.
«Instalaza» — кампанія з Сарагосы, якая з 1943 года займаецца праектаваннем і вытворчасцю ваеннага пяхотнага рыштунку. Гэта адна з іспанскіх кампаній, чыю зброю ўрад накіроўвае Украіне.
* * *
Канада выпусціла аблігацый на 500 мільёнаў долараў для падтрымкі Украіны — іх выкупілі за дзень, паведаміў Мінфін краіны. Сродкі, атрыманыя ад продажу пяцігадовых аблігацый пад назвай «Суверэнітэт Украіны», будуць пералічаныя на спецыяльны рахунак МВФ, на які паступае большасць канадскай фінансавай дапамогі Украіне.
* * *
Прэм'ер-міністарка Фінляндыі Санна Марын заявіла пра неабходнасць павялічыць дапамогу Украіне, каб забяспечыць ёй перамогу ў вайне супраць Расіі. «Нам патрэбна жорсткая сіла, калі справа тычыцца Украіны», — сказала Марын журналістам падчас першага ў гісторыі візіту фінскай прэм'ер-міністаркі ў Новую Зеландыю і Аўстралію.
Яна падкрэсліла, што Украіна мае патрэбу ў ваеннай, фінансавай і гуманітарнай падтрымцы. А таксама саюзнікі павінны пераканацца, што ўсе ўцекачы з Украіны будуць прыняты ў Еўропе.
Па словах прэм'еркі, для Фінляндыі вайна мае вельмі канкрэтнае значэнне з-за 1300-кіламетровай мяжы з Расіяй. Марын адзначыла, што яе краіна ўжо перадала Украіне дзесяць партый зброі. «Мы павінны быць упэўненыя, што яны перамогуць», — заявіла прэм'ерка Фінляндыі.
* * *
Уладзімір Зяленскі ў сваім выступленні на NYT DealBook Summit выказаў надзею, што вайна скончыцца ў найбліжэйшыя месяцы: «Вайна скончыцца тады, калі мы пераможам ці калі гэтага захоча Расійская Федэрацыя. Можа так здарыцца, што Расія захоча толькі тады, калі будзе адчуваць, што яна слабая, яна ў ізаляцыі і няма ў яе партнёраў па гэтым пытанні. Будзем верыць, што гэта здарыцца ў бліжэйшыя месяцы».
Зяленскі таксама анансаваў «новыя рашэнні, каб не дапусціць якой-небудзь магчымасці Расіі маніпуляваць унутраным жыццём Украіны». Паводле яго слоў, па стане на вечар 30 лістапада каля 6 мільёнаў абанентаў у большасці абласцей і Кіеве адключаны ад электрычнасці. Сітуацыя застаецца вельмі складанай менавіта ў сталіцы, а таксама ў Кіеўскай, Вінніцкай, Львоўскай, Адэскай, Хмяльніцкай і Чаркаскай абласцях.