335-ты дзень вайны. Расійцы хлусяць пра поспехі пад Запарожжам, каб адцягнуць увагу ад няўдач ля Бахмута

Сабралі ва ўкраінскіх медыя асноўнае з франтоў расійска-ўкраінскай вайны.

1671483891_4077.jpeg

Расія церпіць паражэнне, і ўсе заявы аб тым, што акупанты нібыта дасягнулі поспехаў у Запарожскай вобласці, з'яўляюцца хлуснёй, распавядаюць у чарговай зводцы эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). Расійцы вырашылі адцягнуць увагу ад сваіх няўдач пад Бахмутам, а таму спрабуюць казаць пра нейкія «перамогі».

«Расійскія сілы, верагодна, правялі няўдалую наступальную аперацыю ў Запарожскай вобласці за апошнія 72 гадзіны. Расійцы не дамагліся якіх-небудзь пацверджаных тэрытарыяльных заваёў, нягледзячы на бесперапынныя заявы аднаго расійскага акупацыйнага чыноўніка», — гаворыцца ў новай справаздачы ISW.

Аналітыкі таксама прывялі інфармацыю ад Генштаба Украіны, які раней заявіў пра спробы РФ весці наступальную кампанію ў раёне Малых Шчарбакоў. У Мінабароны краіны-агрэсара 22 студзеня заяўлялі, што падраздзяленні Усходняй вайсковай акругі нібыта захапілі больш выгадныя пазіцыі ў Запарожскай вобласці.

Эксперты ўспомнілі калабаранта Уладзіміра Рогава, які працягвае казаць пра так званыя поспехі войска РФ. Раней ён ужо сцвярджаў, што расійскія войскі захапілі некалькі населеных пунктаў у Запарожскай вобласці, што яны захапілі Каменскае (прыкладна за 30 км на поўдзень ад горада Запарожжа на беразе Дняпра). Учора, 23 студзеня, Рогаў зноў заявіў, што 20 студзеня рашысты нібыта захапілі Малыя Шчарбакі, Шчарбакі, Новаандрэеўку, Новаданілаўку, Малую Такмачку і Белагор'е.

«Расійскія крыніцы абвяргаюць сцвярджэнні Рогава, указваючы на тое, што па стане на 23 студзеня расійскія войскі, верагодна, не займалі тэрыторыі на лініі фронту ў Запарожжы. У адкрытых крыніцах няма доказаў, якія пацвярджаюць заявы Рогава. Наяўныя візуальныя сведчанні з геалакацыяй за перыяд з 21 да 22 студзеня паказваюць, што расійскія падраздзяленні памерам з атрад змагаліся ў палях прыкладна за 2-3 км на поўдзень ад Новаданілаўкі і Малых Шчарбакоў», — адзначылі ў ISW.

Таксама аналітыкі прывялі словы расійскіх прапагандыстаў: некаторыя з іх ужо не хочуць падыгрываць і хлусіць пра поспехі войска РФ. Адзін блогер паведамляў, што абаронцы Украіны ўтрымліваюць лінію абароны ў Малых Шчарбаках, Шчарбаках, Новаандрэеўцы і Новаданілаўцы. Акрамя гэтага, іншыя расійскія прапагандысты таксама зняпраўдзілі словы Рогава. Расійцы на Запарожскім кірунку не наступаюць, а абараняюцца.

«Рогаў можа прасоўваць далей апавяданне пра тактычныя поспехі ў Запарожскай вобласці, каб стварыць пазітыўныя наратывы і адцягнуць увагу расійцаў ад адсутнасці абяцанага прагрэсу ў Бахмуце. Многія расійскія блогеры перабольшвалі значэнне Саледара і сцвярджалі, што тактычны наступ рускіх войскаў у Саледары прадвяшчаў акупацыю Бахмута... Неадпаведнасць паміж высокімі чаканнямі і няздольнасцю расійскіх войскаў хутка іх рэалізаваць ўяўляе сабой бягучую ўразлівасць у расійскай інфармацыйнай прасторы, якую Рогаў, магчыма, спрабуе схаваць», — адзначылі ў ISW.

1659936406_2951.jpg

23 студзеня расійскія акупанты абстралялі дзевяць абшчын Сумскай вобласці, у выніку ёсць ахвяры і значныя разбурэнні.

Як паведаміў старшыня Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі, па Белапольскай абшчыне расійцы тройчы адкрывалі агонь з мінамётаў (23 «прылёты») і з самаходных артылерыйскіх установак (24 «прылёты»). Акрамя таго, у бок Сярэдзіна-Будскай абшчыны вораг адкрываў агонь з кулямётаў (40 чэргаў) і аўтаматаў (30 стрэлаў).

«Па Зноб-Наўгародскай абшчыне праціўнік вёў мінамётны абстрэл, 25 «прылётаў». Па Юнацкай абшчыне таксама быў мінамётны абстрэл з тэрыторыі РФ, 10 «прылётаў». Пуціўльская абшчына: расійцы абстралялі памежжа з РСЗА, 6 «прылётаў». Па Краснапольскай абшчыне праціўнік страляў з САУ, 4 «прылёты». Па Мірапольскай абшчыне акупанты вялі артабстрэл, 10 «прылётаў», — распавёў Жывіцкі.

У той жа час, паводле яго слоў, у Варажбянскай абшчыне зафіксаваны артабстрэл з тэрыторыі Расіі — 15 «прылётаў». У выніку гэтага абстрэлу пашкоджаны шматкватэрны дом: у адну з кватэр заляцеў расійскі снарад, таму яна разбурана дашчэнту, а яшчэ тры кватэры маюць значныя пашкоджанні.

1674512772_2230.jpg

У выніку чарговага абстрэлу расійцамі горада Часовы Яр у Данецкай вобласці загінуў адзін чалавек, яшчэ двое паранены.

Пра гэта паведаміў старшыня Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка.

Па словах Кірыленкі, акупанты ўдарылі па жылым квартале з рэактыўнай сістэмы залпавага агню. У выніку абстрэлу пашкоджаны дзевяць шматпавярховікаў, перабіты сеткі забеспячэння электрычнасцю і газам.

«Фактычна ўвесь мікрараён застаўся без святла і цяпла. Расійцы наўмысна тэрарызуюць і знішчаюць грамадзянскае насельніцтва. І дорага за гэта заплацяць», — падкрэсліў старшыня АВА.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што бітва за Данбас і поўдзень Украіны працягваецца. Пра гэта ён сказаў у вячэрнім відэазвароце, адзначыўшы, што 23 студзеня ў яго было некалькі падрабязных размоў з камандуючымі адносна сітуацыі на аператыўных напрамках фронту.

«Часам здаецца, што хтосьці ў тылавых гарадах цалкам забыўся аб вайне і пачаў ігнараваць рэальнасць, карыстаючыся абаронай нашых герояў. Не лічыцца з вайной — гэта такая раскоша, якой ніхто сабе дазволіць не можа», — падкрэсліў Зяленскі.

Ён паведаміў, што жорсткія баі працягваюцца на асноўных аператыўных кірунках, у прыватнасці на Данбасе.

«Варожыя абстрэлы і штурмы — кругласутачна. Але бітва за Данбас працягваецца. Бітва за поўдзень працягваецца. Мы бачым, якія сілы назапашвае Расія, і ведаем, як адказваць. Будзе адказ ворагу, безумоўна, і на чарговыя тэрарыстычныя абстрэлы нашых прыгранічных тэрыторый — Сумскай, Харкаўскай абласцей. Украіна не праявіць слабасці. Дзяржава не праявіць слабасці», — падкрэсліў кіраўнік краіны.