359-ы дзень вайны ва Украіне. Галоўнае за суткі на гэты час
Расія губляе каля 2000 байцоў на кожныя 100 метраў прасоўвання ля Бахмута.
Войскі РФ учора 76 разоў атакавалі Херсон і вобласць: ёсць ахвяры.
Расійскія войскі за мінулыя суткі 76 разоў абстралялі Херсон і вобласць. У выніку нападаў у Херсонскай вобласці тры чалавекі загінулі, яшчэ сямёра параненыя, паведамляе Херсонская АВА.
Захопнікі наносілі ўдары з РСЗА, мінамётаў, артылерыі, танкаў і БПЛА. Абласны цэнтр атакавалі 9 разоў, пад варожым агнём аказаліся жылыя кварталы. Пацэлілі ў гандлёвы порт і жылыя дамы.
Увечары 16 лютага расіяне ўдарылі па Харкаву, відаць, ракетамі ЗРК С-300. Удары былі зафіксаваныя ў Аснавянскім і Кіеўскім раёнах горада. Пацярпелых няма. Ад выбухной хвалі пашкоджаныя цэхі аднаго з прадпрыемстваў, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
Мэр Харкава Ігар Церахаў у інтэрв'ю ўкраінскай службе РБК распавёў, што ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання з Харкава з'ехала вельмі шмат людзей. Але пасля яны пачалі вяртацца дадому і цяпер у горадзе налічваецца больш за 1 мільён жыхароў. Таксама ў горад прыехалі людзі з акупаваных тэрыторый, а менавіта жыхары Харкаўскай вобласці, а таксама Луганскай і Данецкай абласцей.
«З першых тыдняў вайны ў нас было вельмі шмат людзей, якія выехалі з горада ў іншыя вобласці або за мяжу. Але потым паступова жыхары пачалі вяртацца ў свае дамы. Цяпер у горадзе знаходзіцца прыкладна 1 мільён 100 тысяч насельніцтва», — распавёў Церахаў.
Пры гэтым апошнім часам інтэнсіўнасць расійскіх абстрэлаў Харкава значна ўзрасла. Варожая армія ўжо нанесла шмат удараў па аб'ектах крытычнай інфраструктуры.
У Луганскай вобласці нашмат павялічылася колькасць наступаў і абстрэлаў з боку РФ на ўсіх напрамках, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Гайдай. Па яго словах, УСУ кантралююць сітуацыю і ў Белагораўцы, і ў Адэсе, і ў Крамянной. Рускія кідаюць усе намаганні ў раён Крамянной.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі пяць чалавек — у Бахмуце. Яшчэ дзесяць чалавек у вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 17 лютага: асабовага складу — каля 141 260 (+800 за мінулыя суткі) чалавек.
За мінулыя суткі расіяне выпусцілі па тэрыторыі Украіны 41 ракету розных тыпаў, пяць з іх — пераробленыя С-300 — па Харкаве. СПА збіла 16 ракет. Армія РФ нанесла 24 авіяцыйныя ўдары і здзейсніла больш за 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
Асноўныя намаганні Расія засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Гранікоўка і Сінькоўка Харкаўскай вобласці; Стэльмахоўка, Крэменная, Дзіброва і Белагораўка — Луганскай і Раздолаўка, Фёдараўка, Параскавееўка, Бахмут, Іванаўскае, Паўночнае, Вадзяное, Мар'інка, Наваміхайлаўка і Вуглядар Данецкай вобласці.
У Мелітопалі Запарожскай вобласці рускія ўсталявалі дадатковую вежу мабільнай сувязі, з дапамогай якой у расійскіх спецслужбаў ёсць магчымасць праслухоўваць тэлефонныя размовы абанентаў GSM аператараў. У Луганск тым часам прыбыла чарговая каманда інструктараў з Ірана для навучання расійскіх вайскоўцаў прымяненню ўдарных дронаў.
У справаздачы ўкраінскага Генштаба таксама адзначаецца, што на палігонах Беларусі ідзе падрыхтоўка падраздзяленняў расійскіх войскаў: “Праціўнік не спыняе мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы пазіцый нашых падраздзяленняў, а таксама населеных пунктаў уздоўж дзяржаўнай мяжы Украіны”.
Брытанская выведка паведамляе, што сілы Мінабароны РФ і прыватных ваенных кампаній, верагодна, страцілі ад 175 да 200 тысяч чалавек з пачатку ўварвання ў Украіну, з іх каля 40-60 тысяч забітымі. Пры гэтым узровень страт РФ значна вырас з верасня 2022 года, калі была абвешчаная «частковая мабілізацыя». Таксама выведка адзначае, што сілы ПВК «Вагнер» задзейнічалі вялікую колькасць зняволеных, з якіх да 50% маглі быць параненыя або забітыя.
Паводле сучасных мерак гэтыя лічбы ўяўляюць сабой высокія суадносіны забітых і параненых. Гэта амаль напэўна звязана з надзвычай прымітыўным медыцынскім забеспячэннем большай часткі сіл, адзначаюць аналітыкі. Прычынай жа большасці страт Расіі напэўна стала артылерыя.
Расія губляе каля 2000 байцоў на кожныя 100 метраў прасоўвання, калі ладзіць наступ “хвалямі нападаў” на ўсходзе Украіны, піша The Times са спасылкай на дадзеныя выведкі NATO.
Камандуючым Цэнтральнай ваеннай акругай РФ афіцыйна прызначаны генерал-лейтэнант Андрэй Мардвічаў. Як пішуць расійскія СМІ, адпаведная інфармацыя з'явілася ў Дзяржрэестры. Мардвічаў змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Лапіна, якога крытыкавалі Прыгожын і Кадыраў. Шэраг СМІ пісалі са спасылкай на крыніцы, што Мардвічаў стаў фактычным камандуючым ЦВА яшчэ ў лістападзе.
СБУ ў верасні абвінаваціла Мардвічава ў тым, што менавіта ён аддаў загад аб штурме Азоўсталі.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Крэмль можа нанесці яшчэ адну серыю ракетных удараў па грамадзянскіх аб'ектах ва ўсёй Украіне, каб адзначыць сімвалічную гадавіну ўварвання, бо рэальны вайсковы поспех «працягвае выслізгваць» ад расійскіх вайскоўцаў.
Што тычыцца планаў РФ па захопу Бахмута да 24 лютага, то аналітыкі ў гэта не вераць. На іх думку, агучаныя Прыгожыным тэрміны акружэння Бахмута групай “Вагнера” да сакавіка або красавіка могуць быць бліжэй да тактычных рэалій.
ISW таксама адзначае, што расійскія войскі павялічваюць выкарыстанне ваенна-паветраных сіл ва Украіне, але наўрад ці вылучаць значную колькасць авіяцыі для вядзення баявых дзеянняў над кантраляванай Украінай тэрыторыяй.
Аналітыкі звярнулі ўвагу, што Прыгожын працягвае «дасканала» падрываць давер да Мінабароны РФ. У прыватнасці, ён падтрымаў наймітаў «Вагнера», якія скардзяцца на тое, што Мінабароны сабатуе пастаўкі боепрыпасаў ПВК. На думку ISW, заява Прыгожына спрыяе распаўсюджванню наратыву аб тым, што расійскае Мінабароны перашкаджае дзеянням групы «Вагнера» на перадавой і з'яўляецца неэфектыўным і карумпаваным.
Эксперты звярнулі ўвагу і на тое, што Пуцін падчас сустрэчы з упаўнаважаным па правах дзіцяці ў РФ Марыяй Львовой-Бяловай пацвердзіў, што Крэмль наўпрост датычны да садзейнічання дэпартацыі і ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей расійскімі сем'ямі. Пуцін таксама нібыта зрабіў некаторую саступку Прыгожыну падчас сустрэчы з Львовай-Бяловай, паабяцаўшы сацпадтрымку наймітам ПВК.
Ніводная краіна не ўзяла на сябе абавязацельствы па пастаўцы Украіне знішчальнікаў, паведаміў Кулеба ў інтэрв'ю выданням нямецкай медыягрупы Funke. Але некаторыя ўрады, напрыклад Вялікабрытаніі, абвясцілі аб навучанні ўкраінскіх пілотаў на заходніх знішчальніках, хутка гэта зробяць і іншыя, дадаў кіраўнік МЗС Украіны.
Сі Цзіньпін плануе выступіць з «прамовай аб міры» ў гадавіну ўварвання Расіі ў Украіну. Аб планах кітайскага лідара паведаміў міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні па выніках сустрэчы ў Рыме з галоўным кітайскім дыпламатам Ван І.
ЗША разглядаюць перадачу Украіне не толькі той зброі, якая неабходна цяпер для перамогі, але і той, якая спатрэбіцца для стрымлівання Расіі пасля завяршэння вайны. Пра гэта заявіла намеснік дзяржсакратара Вікторыя Нуланд: «Калі мы думаем пра войска, каб мець магчымасць утрымаць Расію ад паўторнай агрэсіі, Украіна павінна мець складаную ўстойлівую СПА. Ім спатрэбіцца значна больш моцная абарона межаў, лепшыя радары і ранняе папярэджанне, каб быць упэўненымі, што Расія не зможа ўварвацца зноў».
Акрамя таго, Нуланд прызнала права Украіны атакаваць расійскія вайсковыя аб'екты ў Крыме: «Базы Расіі ў Крыме з'яўляюцца легітымнымі цэлямі для Украіны. Кіеў б'е па іх, і мы гэта падтрымліваем». Паводле яе слоў, «гэта частка забеспячэння моцнага стрымлівання РФ», і Украіна ніколі не будзе ў бяспецы без як мінімум дэмілітарызацыі Крыма.
У Сенат ЗША паўторна ўнеслі на разгляд праект рэзалюцыі, якая прызнае дзеянні Расіі ва Украіне генацыдам украінскага народа. У дакуменце сенатары заклікаюць ЗША разам з саюзнікамі па NATO і ЕС «падтрымаць урад Украіны, каб прадухіліць далейшыя акты расійскага генацыду супраць украінскага народа». Таксама праект рэзалюцыі падтрымлівае стварэнне трыбуналаў і правядзенне міжнародных крымінальных расследаванняў для прыцягнення расійскіх палітычных лідараў і вайсковага персаналу да адказнасці.