368-мы дзень вайны ва Украіне. Расія зноў забівае грамадзянскіх
У выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі загінула пяць цывільных украінцаў. Двое былі забітыя ў Бахмуце, адзін у Новапакроўскім і двое — у Херсоне.
Херсон армія Расіі атакавала 13 разоў — білі па жылых кварталах горада. Варожыя снарады трапілі ў жылыя дамы і тэрыторыю прадпрыемства. Апроч загінулых 7 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.
На працягу 25 лютага сілы абароны Украіны адбілі 71 атаку ворага на 5 кірунках, паведамляе Генеральны штаб УСУ. Расійская Федэрацыя засяроджвае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. Паведамляецца, што расійскія войскі нанеслі 14 ракетных і 19 авіяцыйных удараў і здзейснілі 57 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пацярпелі мірныя людзі.
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што вясной Украіна будзе гатовая да контрнаступлення. Пры гэтым ён адзначыў, што канкрэтны час наступлення залежыць ад шэрагу фактараў, уключаючы пастаўкі заходняй зброі. Намеснік кіраўніка ГУР заявіў, што адной са стратэгічных мэтаў контрнаступлення будзе спроба «ўбіць клін у расійскі фронт на поўдні — паміж Крымам і мацерыковай часткай Расіі».
Скібіцкі таксама не выключыў, што Украіна будзе наносіць ўдары па складах зброі на тэрыторыі РФ, у прыватнасці ў Белгародскай вобласці. «Адтуль стартуюць атакі на Украіну. Гэта ўяўляе пагрозу, напрыклад, для Харкава», — сказаў ён.
Пры гэтым ён нічога не сказаў пра Беларусь, якая з’яўляецца суагрэсарам у вайне, і адкуль расійскія войскі запускалі ракеты на Украіне.
Па словах Скібіцкага, мэта контнаступу — вызваліць усе акупаваныя тэрыторыі Украіны, уключаючы Крым.
У той жа час Генштаб УСУ кажа, што расійцы будуюць у акупаваным Крыме фартыфікацыйныя збудаванні. Паведамляецца, што з Чалябінскай вобласці РФ прыбыло 150 расійскіх вайскоўцаў тэрміновай службы для выканання інжынерных работ.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) распавядае, што афіцыйныя асобы Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі рыхтуюць дамову паміж НАТА і Украінай, якая, на іх думку, не забяспечвае абароны Украіны, але адлюстроўвае жаданне аказаць ціск на Кіеў, каб ён пагадзіўся на ўрэгуляванне сітуацыі шляхам перамоваў з Расіяй.
Афіцыйныя асобы заявілі, што пакт накіраваны на забеспячэнне Украіны, каб украінскія сілы маглі правесці контрнаступленне, якое пасадзіць Расію за стол перамоваў і стрымае любую расійскую агрэсію ў будучыні.
WSJ піша, што гэтыя афіцыйныя асобы сумняюцца адносна здольнасці Захаду вытрымаць працяглыя ваенныя дзеянні і здольнасці ўкраінскіх сіл цалкам вярнуць сабе акупаваныя тэрыторыі, такія як Крым.
Пры гэтым ў ISW адзначылі, што Пуцін не даў ніякіх сігналаў пра тое, што ён гатовы пайсці на кампраміс у дачыненні да заяўленых ім максімалісцкіх мэтаў, якія ўключаюць «нейтралітэт і дэмілітарызацыю Украіны», а таксама фактычную змену ўлады ў Кіеве.
Паводле Карэспандэнт; РБК-Украіна; Украінская праўда