372-гі дзень вайны ва Украіне. Галоўнае на гэты час
Страты расійскай арміі ў вайне з Украінай — 150 тысяч чалавек
У выніку расійскага ракетнага ўдару па жылым доме ў Запарожжы, паводле папярэдніх звестак, загінулі чатыры чалавекі, восем параненыя, яшчэ пяцёра лічацца зніклымі без вестак, сярод іх дзіця, паведаміў офіс украінскага генпракурора.
У Данецкай вобласці ў выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі загінуў адзін чалавек (у Бахмуце), яшчэ пяцёра параненыя. У Херсонскай вобласці 11 параненых, у тым ліку аднагадовае дзіця, паведамляе АВА.
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 2 сакавіка — асабовага складу — каля 150 605 (+715 за суткі) чалавек.
Асноўныя намаганні армія РФ засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі сілы абароны адбілі больш за 170 нападаў праціўніка на названых напрамках, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
На Запарожскім і Херсонскім напрамках вораг абараняецца, на асобных участках спрабуе стварыць умовы для пераходу ў наступ. У прыгранічных раёнах Белгародскай вобласці расейцы працягваюць інжынернае абсталяванне мясцовасці, усталёўваюць супрацьтанкавыя загароды.
Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз заявіў, што ў выніку атакі беспілотніка загарэўся дом у вёсцы Сушаны, а сяло Ламакоўка абстралялі з мінамётаў. Акрамя таго, паводле інфармацыі экстранных службаў, некалькі чалавек нібыта ўзятыя ў закладнікі ў краме ў вёсцы Любечаны Бранскай вобласці. Мясцовыя тэлеграм-каналы пішуць, што ў вёсцы Сушаны падарваная электрападстанцыя і газавая станцыя.
Улады Бранскай вобласці РФ заявілі, што група ўкраінскіх дыверсантаў сёння нібыта пранікла на тэрыторыю Клімаўскага раёна і абстралялі аўтамабіль, у выніку чаго загінуў адзін чалавек, параненае дзіця. Расійскія вайскоўцы праводзяць мерапрыемствы па ліквідацыі «дыверсантаў».
Тым часам улады Тульскай вобласці заявілі, што за 600 метраў ад населенага пункта Бярозаўскі выяўленая варонка ад выбуху
У Расіі няма рэсурсаў для ўварвання ў Малдову, а ў Кішынёва дастаткова патэнцыялу, каб справіцца з магчымай эскалацыяй у Прыднястроўі, заявіў прэм'ер Малдовы Дорын Рэчан. «Расія вядзе гібрыдную вайну — шмат прапаганды, дэзынфармацыі, прасоўванне пэўных праваенных наратываў. Упэўнены, што ім не дабіцца поспеху. Усе гэтыя хвалі — хутчэй інфармацыйная вайна, чым рэальны стан спраў», — растлумачыў ён і дадаў, што ўкраінская СПА абараняе і Малдову.
Брытанская выведка прагназуе, што цёплае надвор'е вясной прывядзе да далейшага скарачэння перамяшчэння па перасечанай мясцовасці на ўсходзе Украіны. Амаль напэўна да канца сакавіка ўмовы будуць горшымі пасля канчатковай адлігі. Гэта ўскладніць наземныя аперацыі і абцяжарыць перамяшчэнне цяжкай бронетэхнікі па бездаражы, асабліва па перасечанай мясцовасці ў раёне Бахмута.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што страты Расіі падчас нядаўняга наступу пад Вуглядарам паказваюць на няздольнасць расійскіх вайскоўцаў вучыцца на сваіх памылках. Яны працягвалі кідаць танкавыя калоны ва ўкраінскія засады і ў выніку страцілі па меншай меры 130 танкаў і бронетранспарцёраў падчас трохтыднёвага наступу. Гэта вымусіла РФ звяртацца да франтальных нападаў пяхоты ў апошні тыдзень.
Аналітыкі таксама адзначаюць, што расійскія падраздзяленні ў раёне Вуглядара, у першую чаргу 155-я марская пяхотная брыгада, у асноўным укамплектаваныя дрэнна навучанымі мабілізаванымі. Яны панеслі цяжкія страты ў гэтым раёне двойчы: у кастрычніку 2022 года і зноў у лютым 2023-га.
Акрамя таго, ISW мяркуе, што РФ можа выкарыстоўваць растуць пагрозы вакол Запарожскай АЭС для стрымлівання будучага наступу ўкраінскай арміі.
Паводле korrespondent.net