504-ты дзень вайны ва Украіне. «Разборкі» і хлусня ў расійскім Генштабе
Украіна працягвае павольны контрнаступ, расійскія войскі ў спробе яго спыніць вымушаны задзейнічаць рэзервы. А ў расійскім Генштабе працягваецца «разбор палётаў» па выніках мяцяжу Яўгена Прыгожына і ПВК «Вагнер».
Генштаб УСУ сціпла паведамляе…
Зводка Генштаба Украіны па-ранейшаму лаканічная наконт баявых поспехаў. На працягу 11 ліпеня паміж сіламі абароны Украіны і расійскімі акупантамі адбылося 29 баявых сутыкненняў на 5 кірунках.
Праціўнік і ў далейшым засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках, працягваюцца цяжкія баі.
На Валынскім і Палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен. Прыкмет фарміравання наступальных груповак не выяўлена. Пэўныя падраздзяленні ВС Беларусі выконваюць задачы ў памежных з Украінай раёнах.
Спікер Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў у эфіры тэлемарафону паведаміў, што УСУ працягваюць наступ на трох кірунках фронту, у тым ліку на двух участках паблізу Бахмута. «На напрамках Белая Гара — Андрэеўка і Белая Гара — Курдзюмаўка мелі дзе-нідзе поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — адзначыў ён.
Па даных Інстытута вывучэння вайны (ISW), украінскія войскі кантралююць усе вышыні вакол Бахмута, а таксама прасоўваюцца на поўдні краіны. Праз наступ Украіны пад Бахмутам Расія вымушана перакідваць рэзервы. Дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка паведаміў, што ў Марыупалі прайшлі ратацыю і даўкамлектаванне расійскія падраздзяленні марской пяхоты, якія часткова былі перакінуты на поўнач Данецкай вобласці.
Бамбардзіроўкі і абстрэлы не спыняюцца
Як паведамляе Генштаб УСУ, за мінулыя суткі расійскія акупанты атакавалі Украіну ўдарнымі беспілотнікамі тыпу «Shahed». Усяго было задзейнічана 28 дронаў-камікадзэ. СПА Украіны знішчыла 26 ударных БПЛА і 5 разведвальных БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
Верагоднасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай.
На працягу 11 ліпеня расійскія акупанты здзейснілі 22 абстрэлы Сумскай вобласці, зафіксавана 225 выбухаў. Расійцы выкарыстоўвалі некіравальныя авіяцыйныя ракеты, мінамёты, артылерыю, РСЗА, гранатамёты.
Войскі РФ за апошнія 12 гадзін 6 разоў абстралялі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, атакавалі з дрона і цяжкай артылерыі.
Вакол вайны
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу спрабуе паказаць украінскае контрнаступленне як няўдалую аперацыю, нягледзячы на ўстаноўкі Крамля не памяншаць вынікаў контрнаступлення і не перабольшваць расійскіх поспехаў. Шайгу спрабуе пазіцыянаваць узначаленае ім Мінабароны як эфектыўнага кіраўніка баявымі дзеяннямі ва Украіне пасля няўдалага бунту ПВК «Вагнер».
«Шайгу непраўдападобна заявіў 11 ліпеня, што ўкраінскія войскі страцілі 26 тысяч вайскоўцаў і 1244 танкі і баявыя машыны пяхоты з моманту пачатку контрнаступлення 4 чэрвеня. Шайгу таксама заявіў, што расійская СПА перахапіла 176 ракет HIMARS і 27 крылатых ракет Storm Shadow з моманту пачатку контрнаступлення», — піша ISW.
Паводле ацэнак ISW, справаздачы МА РФ аб украінскіх стратах, верагодна, моцна перабольшаны, паколькі нават расійскія «ваенкары» нядаўна абвінавацілі Мінабароны РФ у залічэнні ўдараў па ўжо пашкоджанай і знішчанай тэхніцы ў лік страт новай украінскай тэхнікі.
«Рыторыка Шайгу адносна ўкраінскага контрнаступлення прыкметна супярэчыць устаноўкам Крамля для СМІ не памяншаць украінскага контрнаступлення і не перабольшваць расійскіх поспехаў. Магчыма, Шайгу ўсё часцей ігнаруе ўказанні Крамля па асвятленні контрнаступлення, спрабуючы выявіць Мінабароны РФ як эфектыўнага кіраўніка вайной ва Украіне пасля бунту «Вагнера», — гаворыцца ў справаздачы інстытута.
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі знайшло ўскосныя прыкметы, што камандуючы паветрана-касмічнымі сіламі Расіі генерал Сяргей Суравікін можа быць адхілены пасля бунту Прыгожына.
10 ліпеня начальнік Генеральнага штаба Расіі генерал Валерый Герасімаў упершыню з'явіўся на тэлебачанні пасля няўдалага бунту «Вагнера». Па відэасувязі Герасімаў правёў інструктаж начальніка штаба паветрана-касмічных сіл Расіі генерал-палкоўніка Віктара Афзалава.
Па даных брытанскай выведкі, Афзалаў знаходзіцца на пасадзе як мінімум чатыры гады, але, верагодна, гэта яго першае публічнае з'яўленне з Герасімавым. Афзалаў з'яўляецца намеснікам Суравікіна.
«Павышэнне грамадскага аўтарытэту Афзалава, у той час як месцазнаходжанне Суравікіна застаецца незразумелым, надае дадатковую вагу гіпотэзе аб тым, што Суравікін быў адхілены пасля бунту», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.
Раней брытанская выведка паведамляла, што мяцеж наймітаў групы «Вагнера» абвастрыў рознагалоссі сярод расійскіх сілавікоў. Высокапастаўленыя генералы, у прыватнасці, Сяргей Суравікін і Юнус-Бек Еўкураў, не з'яўляюцца на публіцы і могуць быць арыштаваны.