513-ты дзень вайны: расійскія ракеты супраць украінскага гароху, ячменю і сельгастэхнікі
Удзень 21 ліпеня расійскія войскі абстралялі Адэскую вобласць супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс». Праціўнік выпусціў да 4 ракет.
Сёння ўдзень у паўночных, цэнтральных, усходніх і паўднёвых раёнах Украіны аб'яўлена паветраная трывога. Камандаванне ВПС Узброеных сіл Украіны папярэдзіла аб магчымых пусках ракет, у прыватнасці, «Онікс», у напрамку Адэскай вобласці.
Удзень 21 ліпеня РФ абстраляля Адэскую вобласць супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс». Прэс-сакратар ВПС Узброеных сіл Украіны Юрый Ігнат распавёў пра гэта ў эфіры тэлемарафону: «Адносна «Онікса». Мы бачым ужо трэцюю атаку «Онікса». Такім чынам, паводле папярэдняй інфармацыі, з 10 гадзін да цяперашняга моманту праціўнік выкарыстаў да 4 ракет П-800 «Онікс» па Адэсе, дзесьці на поўдзень ад абласнога цэнтра».
Ігнат дадаў, што ракеты «Онікс» цяжка збіць існуючымі сродкамі супрацьпаветранай абароны, бо яны ляцяць нізка і хутка. Паводле яго слоў, для ўздзеяння на «Онікс» украінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць сродкі радыёэлектроннай барацьбы. "Барацьба з ракетамі — гэта такая справа. Трэба змагацца з носьбітамі, якія іх запускаюць", — падкрэсліў прэс-сакратар.
- Уначы расіяне абстралялі прыватны сектар у Канстанцінаўцы Данецкай вобласці: загінулі два чалавекі, пашкоджаныя каля 20 домаўладанняў, дарожнае пакрыццё і газаправод, паведаміў офіс украінскага генпракурора. Яшчэ два чалавекі ў Данецкай вобласці атрымалі раненні.
- У Харкаўскай вобласці адзін чалавек загінуў у выніку абстрэлу з танка Казачай Лопані, а яшчэ тры чалавекі ў вобласці атрымалі раненні.
- Войскі РФ нанеслі ўдар па аб'екце інфраструктуры Полагаўскага раёна Запарожскай вобласці. Загінулі чатыры работнікі, яшчэ двое параненыя, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка. Агулам за мінулыя суткі войскі Рф 80 разоў абстралялі Запарожскую вобласць. Пад удары праціўніка трапіла 20 населеных пунктаў. Акупанты выкарыстоўвалі артылерыю, РСЗА і беспілотнікі. Таксама паступілі 33 паведамленні аб разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры.
РФ уначы ўдарыла ракетамі “Калібр” па аграпрадпрыемстве ў Адэскай вобласці — патрапілі ў збожжавыя тэрміналы, знішчылі сельскагаспадарчую тэхніку і машыны ратавальнікаў, паведаміла спікер АК “Південь” Наталля Гумянюк. Кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер удакладніў, што ў выніку ўдару знішчана 100 тон гароху і 20 тон ячменю, два чалавекі пацярпелі.
Згодна з абноўленымі звесткамі, у выніку падрыву расіянамі Кахоўскай ГЭС на падкантрольнай Украіне тэрыторыі загінуў 31 чалавек, паведаміў кіраўнік МУС Ігар Кліменка. У прыватнасці, на сёння ёсць даныя аб 29 загінулых у Херсонскай вобласці і двух у Мікалаеўскай.
Навіны вайны
Украінскія войскі паспяхова наступалі на трох кірунках Паўднёвага фронту: Новаданілаўка — Вербавае, Новаданілаўка — Рабоціна, Новадараўка — Прытульнае. Пра гэта паведаміў спікер украінскага Генштаба Андрэй Кавалёў.
Сілы абароны Украіны працягваюць наступ на поўнач і поўдзень ад Бахмута. На напрамках Арэхава-Васільеўка-Парасковееўка, Кляшчэеўка — Андрэеўка ідуць цяжкія баі без змены становішча.
Расійская армія імкнецца знайсці слабыя месцы ў абароне УСУ на Чарнігаўскім і Сумскім кірунках — у памежныя раёны спрабуюць пранікнуць дыверсійна-выведвальныя групы, але ўсе спробы былі няўдалымі, паведаміў камандуючы Аб'яднанай стратэгічнай групоўкай украінскіх войскаў “Північ” Сяргей Наеў. Ён запэўніў, што ў выпадку спробы перасячэння любога ўчастка дзяржаўнай мяжы вораг поспеху мець не будзе, а калі ўзровень пагрозы будзе расці, Генштабам прадугледжана ўзмацненне войскаў.
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 21 ліпеня: асабовага складу — каля 240 690 (+680 за мінулыя суткі).
Войска РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя суткі адбылося 32 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Скрадзеная зброя
Злачынным арганізацыям ва Украіне ў пачатку поўнамаштабнай вайны ўдалося выкрасці некаторую зброю і абсталяванне, што былі прадастаўленыя ЗША і саюзнікам, аднак пазней іх вярнулі, паведамляе CNN са спасылкай на справаздачу генеральнага інспектара Пентагона.
Так, у канцы чэрвеня 2022 года арганізаваная злачынная група пад кіраўніцтвам неназванага расійскага чыноўніка далучылася да добраахвотніцкага батальёну па падробленых дакументах і выкрала зброю — гранатамёт і кулямёт, а таксама больш за 1000 патронаў. Украінская выведка змову раскрыла.
Таксама ў чэрвені мінулага года ўкраінскія спецслужбы раскрылі змову гандляроў, якія спрабавалі прадаць зброю і боепрыпасы, выкрадзеныя з перадавой на поўдні Украіны. Акрамя таго, была выкрытая змова ўкраінскіх злачынцаў, якія выдавалі сябе за работнікаў гуманітарных арганізацый, што выкралі бронекамізэлькі на суму 17 тысяч долараў.
А ў жніўні 2022 года ўкраінскія спецслужбы выкрылі групу байцоў добраахвотніцкага батальёна, якія выкралі 60 вінтовак і амаль 1000 патронаў.
Беларусь у вайне і расійскія найміты
Найміты ПВК “Вагнер”, якія прыбываюць у Беларусь, рэінтэгруюцца ў расійскае войска, заявіла намесніца прэс-сакратара Мінабароны ЗША Сабрына Сінгх: «Улічваючы тое, што мы бачым у Беларусі, бачым паведамленні аб тым, што сілы ПВК “Вагнер” працягваюць рухацца ў гэты рэгіён і працягваюць, я думаю, кансалідавацца там... Мы, безумоўна, бачым, як сілы “Вагнера” рэінтэгруюцца ў расійскую армію».
Навіны заходніх партнёраў Украіны
Украіна просіць Еўракамісію субсідаваць транспарціроўку ўкраінскай аграпрадукцыі праз далёкія еўрапейскія парты, паведаміў міністр аграрнай палітыкі і харчавання Мікалай Сольскі.
ЗША могуць перадаць Украіне знішчальнікі F-16 да канца гэтага года, заявіў каардынатар стратэгічных камунікацый Белага дома Джон Кірбі: «F-16 паступяць ва Украіну, хутчэй за ўсё, да канца года. Але мы не лічым, што толькі F-16 змогуць змяніць сітуацыю». Цяпер Украіне таксама трэба больш артылерыйскіх снарадаў.
Дырэктар ЦРУ Уільям Бернс спадзяецца, што ўкраінскаму наступу дапаможа ў тым ліку «бязладдзе сярод палітычнага і вайсковага кіраўніцтва РФ». Ён спаслаўся на разведданыя, якія сведчаць аб наяўнасці «некаторых істотных структурных недахопаў, якія хаваюцца за значнай абаронай», выбудаванай расійскім войскам. У прыватнасці, гэта «нізкі маральны дух», «дрэннае камандаванне» і «беспарадак сярод палітычнага і вайсковага кіраўніцтва РФ».
ЦРУ не бачыць прыкмет падрыхтоўкі Расіі да выкарыстання ядзернай зброі ва Украіне «ў найбліжэйшыя дні і тыдні», заявіў дырэктар установы Уільям Бернс.
Каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі пацвердзіў выкарыстанне ўкраінскімі войскамі амерыканскіх касетных боепрыпасаў: «Мы атрымалі некаторыя першапачатковыя водгукі ад украінцаў, і яны досыць эфектыўна іх выкарыстоўваюць».
Еўрасаюз пакуль не можа дамовіцца аб перадачы Украіне замарожаных расійскіх актываў праз пазіцыю Германіі і юрыдычную боязь, паведаміў дарадца прэм'ера Нідэрландаў у замежных справах і бяспецы Джэфры ван Леўвен.
Венгрыя на сустрэчы міністраў замежных спраў у Брусэлі выступіла супраць спробы ЕС стварыць доўгатэрміновы фонд у аб'ёме да 20 мільярдаў еўраў для падтрымкі ўкраінскага войска, піша Politico. Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта заявіў, што Будапешт будзе выступаць супраць гэтага плана, пакуль Украіна не выключыць Венгерскі банк OTP са свайго спісу «спонсараў вайны».
Кітай пастаўляе Расіі «значныя вайсковыя магутнасці», заявіў дарадца Макрона па замежнай палітыцы Эмануэль Бон. Французскія ўлады ўдакладнілі, што гаворка ідзе аб тэхналогіях падвойнага прызначэння і несмяротнай дапамозе (такіх, як шлемы і бронекамізэлькі).
Паводле korrespondent.net, www.rbc.ua, сацсетак,