528-мы дзень вайны. Ноччу ўкраінцы падбілі расійскі танкер каля Крымскага моста

У ноч на 5 жніўня з'явілася інфармацыя, што ў раёне Крымскага моста адбылося некалькі выбухаў. Расійскі бок заявіў, што ў Керчанскай пратоцы нібыта былі ліквідаваныя тры надводныя беспілотнікі. У атацы расійцы абвінавацілі Украіну.

Скрыншот з відэа unian.net

Скрыншот з відэа unian.net

Пазней з'явілася інфармацыя, што выбухамі пашкоджаны танкер-хімавоз Sig. З Наварасійска ў раён, дзе адбыўся інцыдэнт, высунулася група ратавальнікаў.

Расійцы сцвярджаюць, што танкер Sig атрымаў пашкоджанні, у выніку якіх нібыта не адбылося разліву паліва. Тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ паведамляе, што борт атрымаў прабоіну ў выніку атакі беспілотнікам, і было затоплена машыннае аддзяленне.

Неўзабаве з’явіліся звесткі, што да начной атакі на расійскі танкер паблізу Крымскага моста датычная Служба бяспекі Украіны. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы ў СБУ распавёў партал unian.net.

Адзначаецца, што спецаперацыя праходзіла па класічным сцэнары: надводны робат, 450 кг трацілу, выбух. Як вынік — адзін з найбольш магутных нафтавых танкераў РФ (пабудаваны ў 2014 годзе, амаль 5 тысяч тон) пачаў «адмоўнае плаванне» ля Крымскага моста.

«Танкер быў добра нагружаны палівам, таму "феерверк" быў бачны здалёк. Сваю чарговую паспяховую спецаперацыю СБУ праводзіла сумесна з ВМС. Цікава, што яна адбывалася менавіта ў тэрытарыяльных водах Украіны. Як гаворыцца, н***й шастаць», — адзначыла крыніца.


Фота t.me/mod_russia

Фота t.me/mod_russia

За мінулыя суткі ва Украіне паміж УСУ і расійскімі акупантамі адбылося было 36 баёў, паведамляе ўкраінскі Генштаб.

Адзначаецца, што расійцы на пяці кірунках праяўлялі актыўнасць, але нічога не дамагліся. На Шахцёрскім кірунку акупанты марна спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў раёне Прасвяднага.

На Мар'інскім кірунку ўкраінскія ваяры працягваюць стрымліваць наступ захопнікаў у раёнах некалькіх населеных пунктаў.

«На Бахмуцкім кірунку сілы абароны Украіны стрымліваюць праціўніка ў раёнах Кляшчыеўкі і Курдзюмаўкі. На Аўдзееўскім кірунку, пад шчыльным агнём авіяцыі і артылерыі праціўніка, нашы абаронцы паспяхова адбілі атакі расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі», — адзначылі ў Генштабе.

Акрамя таго, расійцы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні каля Новапакроўкі на Запарожскім кірунку.

Контрнаступленне УСУ працягваецца на Бярдзянскім і Мелітопальскім напрамках. Украінскія войскі замацоўваюцца на тых рубяжах, на якія змаглі выйсці.


Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота facebook.com/GeneralStaff.ua

На паўднёвым кірунку працягваецца контрнаступленне УСУ, складанасць вядзення наступальных дзеянняў заключаецца ў тым, што расійскія акупанты на часова захопленых тэрыторыях уладкавалі эшалаваную сістэму інжынерных загарод. Пра гэта распавёў камандуючы сіламі падтрымкі Узброеных сіл Украіны брыгадны генерал Дзмітрый Герэга.

Гэтая варожая сістэма складаецца з некалькіх палос, кожная з якіх мае працягласць ад 10 да 40 км і досыць вялікую шчыльнасць, адзначыў генерал.

«Палосы загарод утрымліваюць супрацьтанкавыя мінныя палі, невыбуховыя загароды ў выглядзе процітанкавых рвоў, бетонныя піраміды (так званыя «зубы дракона»), супрацьтанкавыя яжы, драцяныя перашкоды», — адзначыў ён. Брыгадны генерал дадаў, што акупанты падступна выкарыстоўваюць міны, у прыватнасці, так, каб іх нельга было дастаць.

«Для пераадолення такіх загарод неабходна значная колькасць інжынерна-сапёрных падраздзяленняў, асабісты склад якіх павінен быць здольны праробліваць праходы ў мінна-выбуховых загародах праціўніка як уручную, так і з дапамогай спецыяльнай інжынернай тэхнікі, наяўнасці якой на такую колькасць загарод недастаткова», — падкрэсліў Герэга.


1685164793_7767.jpg

Маёр УСУ Максім Жорын распавёў, як сілы абароны Украіны распраўляюцца з «кадыраўцамі» пад Бахмутам

Баевікоў падраздзялення «Ахмат» перакінулі на Бахмуцкі кірунак, але ўкраінскія байцы хутка разабраліся з імі, нанёсшы буйныя страты. «Сапраўды сюды перакінулі супраць нас падраздзяленні «Ахмата», але яны не паспелі нават выйсці на пярэдні край на лінію судакранання, як мы ўжо нанеслі па іх удары, і яны панеслі страты», — распавёў Жорын.

Ён адзначыў, што некаторыя часткі гэтых падраздзяленняў працягваюць заставацца пад Бахмутам, аднак не непасрэдна на пярэдняй лініі, а на другой лініі альбо ў населеных пунктах, за першай лініяй. Аднак гэта не перашкаджае УСУ наносіць па іх ўдары і знішчаць іх.

«Такім чынам яны тут ёсць, працуюць яны тут неактыўна, але пры гэтым гінуць», — адзначыў Жорын.

Ён распавёў, што «кадыраўцам» тут вельмі не падабаецца і яны просяць у камандавання перавесці іх іншы кірунак, дзе будзе лягчэй.

«Ім вельмі падабаецца знаходзіцца на тэрыторыі РФ, дзе яны займаюць пазіцыю гаспадара... А тут даводзіцца ваяваць і паміраць і гэта ім ужо не вельмі падабаецца», — падкрэсліў маёр УСУ.