591-шы дзень вайны. Расія ўдарыла па Адэскай вобласці звышгукавымі ракетамі
У ноч на 7 кастрычніка расійскія акупанты атакавалі Адэскую вобласць звышгукавымі супрацькарабельнымі ракетамі тыпу «Онікс», выпушчанымі з берагавога ракетнага комплексу «Бастыён» у часова акупаваным Крыме.
«Трапленне
адбылося ў будынак пансіяната ў рэкрэацыйнай зоне і ў збожжасховішчы прапартавой
інфраструктуры. Абломкамі ракет і выбухной хваляй выкліканы пажар у гаражным
кааператыве, пашкоджана некалькі шматкватэрных дамоў. Інфармацыі аб
пацярпелых не паступала», —
паведамілі Сілы абароны Поўдня.
Паветраная трывога ў Адэскай вобласці была абвешчаная а 2:00. Неўзабаве з'явіліся паведамленні, што ў абласным цэнтры былі чутныя выбухі. Ужо ў 2:20 было абвешчана аб адбоі паветранай трывогі.
А 7 гадзіне раніцы кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер паведаміў, што ў Адэскім раёне ў выніку атакі пацярпелі чатыры чалавекі, яны атрымалі раненні ад абломкаў шкла. «Ім прадастаўлена ўся неабходная медыцынская дапамога», — распавёў чыноўнік.
Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай
аперацыі на Мелітопальскім і Бахмуцкім кірунках. Пра гэта паведаміў Генеральны
штаб УСУ. «Маюць частковы поспех на поўнач ад Капаняў і на поўнач ад
Новапракапаўкі. У ходзе вядзення наступальных (штурмавых) дзеянняў на Бахмуцкім
кірунку мелі частковы поспех на ўсходзе
ад Андрэеўкі Данецкай вобласці», — сказана ў паведамленні. Адзначаецца,
што ўкраінскія вайскоўцы наносяць
акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, працягваюць замацоўвацца на
занятых рубяжах і знясільваюць
ворага.
У Генштабе паведамілі, што на Херсонскім кірунку сілы абароны вядуць контрбатарэйную барацьбу, знішчаюць склады і паспяхова дзівяць тылы праціўніка.
Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне абароны на ўсходзе і поўдні Украіны. Адзначаецца, што за мінулыя суткі адбылося 34 баявых сутыкненняў.
У Генштабе паведамляюць, што на Купянскім кірунку адбітыя атакі РФ у раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Іванаўка Харкаўскай вобласці, а на Ліманскім кірунку адбіта пяць нападаў на ўсход ад Макееўкі Луганскай вобласці. Адзначаецца, што праціўнік беспаспяхова спрабаваў аднавіць страчанае становішча на поўдзень ад Андрэеўкі Данецкай вобласці.
На Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках расійы здзейснілі больш за 10 няўдалых нападаў у раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці.
На Шахцёрскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі атакі ворага ў Угледары, Залатой Ніве, Старамаёрскім Данецкай вобласці і на поўнач ад Прытульнага Запарожскай вобласці.
На Запарожскім кірунку УСУ стрымліваюць расійцаў у раёне Навапракопаўкі Запарожскай вобласці.
УСУ працягнулі контрнаступныя аперацыі пад Бахмутам і прасунуліся на захад Запарожскай вобласці. Пра гэта ў сваю чаргу заявілі ў свежай справаздачы эксперты Інстытута па вывучэнні вайны (ISW). На кадрах з геапрывязкай відаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся па паласе дрэў паміж Рабоціна і Вербавым, прыкладна на шэсць км на паўднёвы ўсход ад Рабоціна.
Таксама аналітыкі паказалі, што расійцы, мяркуючы па ўсім, нядаўна правялі ратацыю палкоў у раёне Арэхава, прадэманстраваўшы здольнасць падтрымліваць абарону на гэтым крытычным участку лініі фронту.
У сярэдзіне верасня ISW заўважыў, што найважнейшыя часткі 42-й мотастралковай дывізіі з-за страт адышлі за расійскую абарончую лінію. Пасля адводу гэтых частак у тылы на захадзе Запарожскай вобласці часткі 7-й і 76-й паветрана-дэсантных дывізій (ПДВ) былі перакінутыя ў гэты раён з Херсонскай і Луганскай абласцей для запаўнення праломаў.
Да канца верасня ISW заўважыла, што часткі 42-й мотастралковай дывізіі, вярнуліся на фронт каля Навапракопаўкі, што дазваляе выказаць здагадку, што ў іх быў кароткі адпачынак і аднаўленне. Усё гэта дазваляе меркаваць, што расійскія войскі правялі ратацыю на ўзроўні палка ў гэтым сектары фронту за апошні месяц. «Раней ISW лічыў, што расійцам цяжка правесці ратацыю на тактычным і аператыўным узроўні ўздоўж усёй лініі фронту, але цяпер пераглядаем гэтую ацэнку, улічваючы відавочную ратацыю значных частак 42-й мотастралковай дывізіі і двух дывізій ПДВ», —гаворыцца ў справаздачы.
На Бахмуцкім напрамку УСУ працягнулі наступальныя дзеянні і прасунуліся на поўдзень ад Бахмута. А вось акупантам прасунуцца ў гэтым раёне не ўдалося.
У інстытуце таксама паведамілі, што расійскія войскі правялі ўдалыя наступальныя аперацыі на лініі Купянск — Сватава — Крэменная.
Таксама ў справаздачы гаворыцца, што войскі РФ працягнулі
наземныя атакі на лініі Аўдзееўка —Данецк
і апошнім часам дамагліся нязначных поспехаў. На кадрах з геапрывязкай бачныя расійскія пазіцыі
на поўдзень ад Аўдзееўкі, каля трасы Е50, якая праходзіць уздоўж ускраіны
Данецка.