651-шы дзень вайны: Расійцы вядуць «мясныя штурмы», каб узяць Аўдзееўку да прэс-канферэнцыі Пуціна

На фронце ва Украіне расійцы за суткі здзейснілі амаль 100 атак і згубілі больш за 1200 чалавек — рэкордную колькасць з часоў штурму Бахмута. Нібыта камандаванне войскаў РФ паставіла задачу ўзяць Аўдзееўку да прэс-канферэнцыі Пуціна 14 снежня. А потым Расія спадзяецца на перамовы.

2885411.jpg

Расійцы працягваюць ціснуць на шэрагу кірункаў на ўсходзе Украіны, гарачэй за ўсё было на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім — за мінулыя суткі абаронцы Украіны адбілі каля сотні атак акупантаў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 снежня.

За мінулыя суткі адбылося 97 баявых сутыкненняў. Расійскія войскі нанеслі 4 ракетныя і 104 авіяцыйныя ўдары, здзейснілі 101 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.

На купянскім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі 8 атак ворага ў раёнах Сінькоўкі Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскага Луганскай вобласці.

На ліманскім напрамку сілы абароны адбілі 26 атак праціўніка, на бахмуцкім напрамку — 10 атак ворага ў раёнах Багданаўкі, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута.

На аўдзееўскім напрамку абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Украінскія войскі трымаюць абарону, наносячы ворагу значныя страты. Сілы абароны паспяхова адбілі 25 атак праціўніка ў раёнах на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, Паўночнага, Першамайскага Данецкай вобласці.

На мар'інскім напрамку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага, украінскія воіны адбілі 18 атак.

Баі працягваліся на запарожскім, мелітопальскім і херсонскім напрамках. Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра ў Херсонскай вобласці.

* * *

Расійскае выданне «Важныя гісторыі» патлумачыла актывізацыю расійскіх атак на фронце. Выданне са спасылкай на сваякоў мабілізаваных расійцаў піша, што камандаванне войскаў РФ паставіла задачу ўзяць Аўдзееўку да прэс-канферэнцыі Пуціна 14 снежня.

Пасля пачатку актыўнай фазы наступу ў лістападзе камандаванне выпусціла загад аб адпраўцы ў штурмавыя падраздзяленні вайскоўцаў з раненнямі сярэдняй цяжкасці, загадваючы ім далячыцца ў акопах, сцвярджаюць родныя байцоў. «Спяшаюцца, пакуль [украінцы] у спрэчках, гоняць да «Прамой лініі» [Уладзіміра Пуціна] і Новага года. Вынік нейкі патрэбны. Усе кажуць, што возьмем Аўдзееўку, і далей перамовы», — распавяла жонка аднаго з мабілізаваных.

Як адзначаюць сваякі, мабілізаваныя больш за 10 месяцаў пражываюць у акопах на перадавой за 700 метраў ад Аўдзееўкі і ўвесь час знаходзяцца пад абстрэламі.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ўкраінскія войскі ажыццявілі контратаку паблізу Багданаўкі на бахмуцкім кірунку і захапілі дзве пазіцыі, якія раней утрымлівалі часткі расійскіх ПДВ. Таксама УСУ прасунуліся на ўсход ад участка чыгуначнага шляху ў раёне Аўдзееўскага коксахімічнага завода і прымусілі расійцаў адступіць з дзвюх перадавых пазіцый.

5 снежня расійскія войскі працягнулі лакалізаваныя наступальныя аперацыі паблізу Бахмута, але не здзейснілі ніводнага пацверджанага прасоўвання. Украінскі камандзір, які дзейнічае ў раёне Бахмута, заявіў, што артылерыйскія падраздзяленні УСУ і аператары беспілотнікаў знішчаюць блізу 80 адсоткаў расійскай тэхнікі падчас расійскіх штурмаў.

Ён дадаў, што расійскія войскі сканцэнтраваны на захопе раней згубленых пазіцый пад Бахмутам і выкарыстоўваюць штурмавыя атрады «Шторм-Z» для моцнага лабавога ўдару, а больш прафесійныя падраздзяленні, перш за ўсё ПДВ і чачэнскія элементы, для пошуку прабоін ва ўкраінскай абароне.

* * *

photo_2023_12_06_09_39_01.jpg

* * *

Расійскія войскі ўначы атакавалі Украіну «Шахедамі» з двух напрамкаў — мыс Чауда (Крым) і Курская вобласць РФ. Усяго зафіксаваны пускі 48 ударных беспілотнікаў. У выніку супрацьпаветранага бою сіламі і сродкамі паветраных сіл ва ўзаемадзеянні з СПА Сіл абароны Украіны знішчаны 41 ударны БПЛА.

Камандуючы паветраных сіл Украіны Мікалай Аляшчук паведаміў аб знішчэнні 5 снежня расійскага бамбавіка Су-24М у раёне вострава Змяіны, які пад прыкрыццём знішчальніка Су-30СМ спрабаваў нанесці ракетна-бомбавы ўдар па поўдні Адэскай вобласці.

СБУ паведаміла пра вынікі ўдару беспілотнікамі па шэрагу вайсковых аб'ектаў расійцаў на тэрыторыі часова акупаванага Крыма 5 снежня. Паводле інфармацыі крыніц, дроны СБУ разбілі радыёлакацыйную сістэму «Неба-М» у раёне пасёлка Багерава, стаянку верталётаў, радыёлакацыйную сістэму П-18 «Церак» і сістэму кіравання зенітна-ракетных падраздзяленняў «Байкал-1м» каля населенага пункта Стралковае.

* * *

Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў у інтэрв'ю «FoxNews» заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы добра працуюць на фронце, прайшлі дзве лініі абароны расійцаў і цяпер знаходзяцца перад трэцяй.

«Мы дэакупавалі 50% нашай тэрыторыі, мы перамагаем Расію на нашай зямлі, вярнулі тэрыторыю, вызвалілі яе. І цяпер у нас ёсць план на 2024 год», — сказаў ён і адзначыў, што стратэгічна перамогай для Украіны будзе выхад на межы 1991 года, уключаючы Крым, Данбас і Чорнае мора, у адпаведнасці з міжнародна прызнанымі межамі.

На пытанне, ці магчыма нейкае ўрэгуляванне, калі вайна будзе доўжыцца гадамі, Умераў адзначыў, што ўсяму цывілізаванаму свету павінна быць сорамна, калі ён не можа сябе абараніць ад аўтарытарнага рэжыму: «Гэта будзе працягвацца і знішчаць дэмакратыю. Яны (Расія) лічаць, што Украіна і ўкраінцы не павінны існаваць».

* * *

Вялікабрытанія 6 снежня абвесціць аб увядзенні новага пакета санкцый супраць асоб і груп замежных пастаўшчыкоў, якія экспартуюць вайсковае абсталяванне і дэталі ў РФ, паведамляе брытанскі ўрад.

Санкцыйныя меры закліканы пазбавіць рэжым Пуціна рэсурсаў для вытворчасці зброі.

«Мы застаёмся непахіснымі ў нашай падтрымцы Украіны. Калі мы дазволім агрэсіі Пуціна дамагчыся поспеху, гэта падбадзёрыць тых, хто кідае выклік дэмакратыі і пагражае нашаму ладу жыцця. Мы не можам дазволіць ім перамагчы», — заявіў міністр замежных спраў Брытаніі Дэвід Кэмеран.