673-ці дзень вайны. Апошні пакет дапамогі ЗША у 2023 годзе
Сабралі для вас самае галоўнае, што адбылося на вайне за апошні дзень.
Судна пад сцягам Панамы падарвалася на міне
У Чорным моры грамадзянскае судна, якое ішло пад сцягам Панамы, падарвалася на міне, паведамілі Сілы абароны поўдня Украіны. Па даных украінскіх вайскоўцаў, балкер, загружаны збожжам, ішоў у адзін з дунайскіх партоў. Сцвярджаецца, што судна падарвалася на расійскай міне.
«Судна страціла ход і кіраванне, на верхняй палубе ўзнік пажар. Каб пазбегнуць затаплення, капітан зафіксаваў судна на мелі. Катэры Марской аховы і пошукава-выратавальнай службы неадкладна аказалі дапамогу экіпажу, даставілі медыкаў на борт», — паведамілі вайскоўцы.
З-за здарэння раненні атрымалі двое маракоў: аднаму аказалі дапамогу на месцы, другога шпіталізавалі, каб дадаткова абследаваць, яго стан здавальняючы.
Да судна накіравалі буксіры, каб зняць яго з мелі і даставіць у порт.
Заявы Мядзведзева
Намеснік кіраўніка Рады бяспекі РФ Дзмітры Мядзведзеў заявіў, што "з 1 студзеня 2023 года на службу па кантракце ва Узброеныя сілы РФ прынялі паўмільёна чалавек". Мінабароны РФ сцвярджае, што ў расійскім войску па кантракце служаць больш за 640 тысяч чалавек. Акрамя гэтага Мядзведзеў заявіў, што перамовы з Украінай "магчымыя" і Расія ніколі ад іх не адмаўлялася. Аб гэтым ён сказаў, адказваючы на пытанне аб тым, ці магчымыя ў 2024 годзе расійска-ўкраінскія перамовы.
Па словах Мядзведзева, перамовы ніяк не абмежаваныя па часе і "могуць весціся аж да поўнага разгрому і капітуляцыі бандэраўскіх войскаў Паўночнаатлантычнага альянсу".
У сваёй заяве Мядзведзеў адзначыў, што «Адэса, Днепрапятроўск, Харкаў, Нікалаеў, Кіеў — рускія гарады».
Рэгіянальныя адміністрацыі Украіны паведамілі аб наступствах расейскіх абстрэлаў за мінулыя суткі.
У Данецкай вобласці на працягу 27 снежня раненні атрымалі два мірныя жыхары ў Аўдзееўцы і Пераязным.
У Херсонскай вобласці з-за абстрэлаў пашкоджаны жылыя дамы ў населеных пунктах рэгіёна, а таксама медыцынская ўстанова ў Берыславе. Загінуў адзін чалавек, шэсць атрымалі раненні.
У Харкаўскай вобласці артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы, а таксама авіяўдараў падвергліся больш за 15 населеных пунктаў. Абышлося без пацярпелых.
У Запарожскай вобласці пад абстрэл патрапілі 25 населеных пунктаў. Разбураны восем жылых дамоў. Мірныя жыхары не пацярпелі.
Пуцін сказаў Сі Цзіньпіну, што Расія будзе ваяваць ва Украіне пяць гадоў
Аб гэтым паведамляе японскае выданне Nikkei са спасылкай на ўласныя крыніцы. Па іх даных, прэзідэнт РФ заявіў аб гэтым падчас візіту лідэра КНР Сі Цзіньпіна ў Маскву ў сакавіку 2023 года.
На думку выдання, гэтая заўвага стала папярэджаннем для Сі не мяняць сваёй прарасійскай пазіцыі. Сваёй заявай Пуцін спрабаваў запэўніць Кітай, што зацяжная вайна выгадная Расіі і ў канчатковым рахунку Масква выйдзе з яе пераможцам, адзначае Nikkei.
Зыходзячы з гэтых слоў, выданне робіць выснову аб тым, што "не варта прымаць за чыстую манету" сігналы Пуціна па дыпламатычных каналах аб гатоўнасці да перамоваў аб спыненні агню, пра што раней паведаміла газета The New York Times.
ЗША абвясцілі аб апошнім у 2023 годзе пакеце ваеннай дапамогі Украіне
ЗША накіроўваюць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі на 250 мільёнаў долараў, які ўключае боепрыпасы для сродкаў супрацьпаветранай абароны, рэактыўных сістэм залпавага агню і артылерыі, а таксама супрацьтанкавыя сродкі і іншае абсталяванне. Абвяшчаючы аб новым пакеце дапамогі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адзначыў, што ён будзе апошнім у 2023 годзе.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
Узброеныя сілы РФ за суткі нанеслі адзін ракетны і 77 авіяцыйных удараў, учынілі 51 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню. Увечары 27 снежня і ноч 28 снежня расійскія войскі атакавалі Украіну дронамі «Шахед».
Авіяцыйныя удары за суткі зведалі Іванаўка Харкаўскай вобласці; Серабранская лясніцтва Луганскай вобласці; Залатая Ніва Данецкай вобласці; Арэхаў, Праабражэнка Запарожскай вобласці, Чырвоны Маяк, Зміеўка, Дудчаны і Новаберыслаў Херсонскай вобласці.
Пад артылерыйскім агнём аказаліся каля 130 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.