678-мы дзень вайны. Расія абстраляла Кіеў і Харкаў «Кінжаламі», Зяленскі назваў Пуціна жывёлай

Сёння раніцай, 2 студзеня, расійскія акупанты запусцілі па Кіеве шмат ракет. Як піша мэрыя горада, сілы СПА паспяхова адпрацавалі ў шэрагу раёнаў.

Фота unian.net

Фота unian.net

Адзначаецца, што зафіксавана падзенне рэшткаў вакет у Святошынскім раёне Кіева. У Падольскім раёне яны пашкодзілі газавую трубу, а ў Пячэрскім — упалі на дах двух шматпавярховак. У Абалонскі раёне абломкі ўпалі на нежылую забудову, а ў Галасееўскім — на адкрытай тэрыторыі.

«У Падольскім раёне пажары ў некалькіх месцах. У Святошынскім — трапленне ў будынак сацыяльнай інфраструктуры. У Пячэрскім — трапленне ў дах шматпавярхоўкі. І выклік яшчэ па адным адрасе. У Абалонскім палае складское памяшканне. У Дзяснянскім узгаранне ў будынку супермаркета», — дадаў мэр Кіева Віталь Клічко.

Паводле яго слоў, у Саломенскім раёне адбылося ўзгаранне ў шматпавярховым доме. У выніку ракетнай атакі пацярпелі 16 чалавек, 15 з якіх шпіталізаваныя.

Цяпер адсутнічае электразабеспячэнне ў частцы дамоў у некаторых раёнах горада. Удакладняецца, што святло вернуць, як толькі дазволіць сітуацыя з бяспекай.


1200_0_1704179939_1626.webp

Акупанты нанеслі некалькі ракетных удараў таксама па Харкаве, ёсць пацярпелыя. Пра гэта паведамілі старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў і мэр Харкава Ігар Церахаў.

«Ёсць некалькі прылётаў у цэнтры Харкава, у раёнах жылой забудовы. Там зараз пажар, на месца выехалі выратавальнікі. Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца», — напісаў Церахаў.

Паводле слоў Сінягубава, акупанты нанеслі не менш за чатыры ўдары па Харкаве, у прыватнасці, па цэнтральнай частцы горада, у выніку чаго ёсць пашкоджанні шматкватэрных жылых дамоў, аўтамабіляў. Узніклі пажары, экстраныя службы працуюць на месцах.

«Паводле абноўленай інфармацыі, на гэтую хвіліну медыкі аказваюць дапамогу шасцярым пацярпелым», — паведаміў кіраўнік Харкаўскай АДА.

Пазней Сінягубаў паведаміў, што медыкі аказваюць дапамогу 22 параненым, шпіталізаваныя ў медыцынскія ўстановы 16 чалавек. «Службы працягваюць ліквідаваць наступствы варожых удараў», — паведаміў ён.

Паведамляецца, што ранішнюю атаку Украіны расійцы правялі ракетамі з 16 стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС. Таксама акупанты запусцілі шэраг аэрабалістычных ракет «Кінжал».


Калаж unian.net

Калаж unian.net

Акрамя гэтага, расійцы атакавалі поўдзень Украіны дронамі. Як паведамляюць Сілы абароны поўдня Украіны, начная дронавая атака на поўдні была адпрацаваная максімальна вынікова. Збітыя ўсе 35 выпушчаных беспілотнікаў.

Паводле звестак вайскоўцаў, з учорашняга вечара расійцы дзвюма хвалямі запускалі дроны з паўзай больш чым у тры гадзіны. Першая хваля доўжылася каля гадзіны, другая — пяць гадзін запар.

У Мікалаеве абломкі збітага БПЛА выклікалі пажар гаражоў, які пажарным удалося аператыўна ліквідаваць. На шчасце, людзі не пацярпелі.


Фота УСУ

Фота УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 64 баявыя сутыкненні, усяго расійцы нанеслі 1 ракетны і 113 авіяцыйных удараў, здзейснілі 84 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Пра гэта гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ адносна сітуацыі на фронце за апошнія суткі.

Пад артылерыйскім агнём апынуліся каля 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

Адзначаецца, што на Северскім і Слабажанскім напрамках расійцы захоўваюць ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах, праводзяць актыўную дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя напрамкі, нарошчваюць шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.

На Купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 7 нападаў каля Сінькоўкі і на ўсход ад Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці.

На Ліманскім напрамку акупанты наступальных дзеянняў не вялі, а на Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі 10 нападаў у раёнах Багданаўкі, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.

«На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы захопнікам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі чатыры атакі ворага паблізу Навабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 19 нападаў у раёнах Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — паведамілі ў Генштабе.

На Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках акупанты наступальных дзеянняў не вялі. На Запарожскім кірунку сілы абароны адбілі тры атакі праціўніка недалёка ад Рабоцінага Запарожскай вобласці.

На Херсонскім кірунку ўкраінскія ваяры працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, вораг не пакідае спробаў выбіць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый, адзначылі ў Генштабе. Так за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 19 беспаспяховых штурмавых дзеянняў.

У той жа час, Сілы абароны Украіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту.

«За мінулыя суткі наша авіяцыя нанесла ўдары па 13 раёнах засяроджання асабовага складу праціўніка. Падраздзяленні ракетных войскаў уразілі раён засяроджвання асабістага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, 6 артылерыйскіх сістэм, 3 сродкі супрацьпаветранай абароны і пункта кіравання праціўніка», — гаворыцца ў паведамленні.


Глядзіце таксама

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы прапановы аб перамовах з РФ, заявіў, што ён не бачыць «якіх-небудзь фундаментальных крокаў наперад да міру з боку Расіі». Замест гэтага ён і ўкраінцы адчуваюць шквал паветраных нападаў на ўкраінскія гарады, сказаў ён у інтэрв'ю выданню The Economist.

«Я бачу толькі крокі тэрарыстычнай краіны. І калі Расія пасылае сігналы аб жаданні замарозіць канфлікт, як паведамляюць некаторыя заходнія СМІ, то гэта не таму, што яны праведнікі, а таму, што ў іх недастаткова ракет, боепрыпасаў або падрыхтаваных войскаў. Ім патрэбна гэтая паўза. Аднавіць усе свае сілы. А затым з усіх сіл перавярнуць старонку гэтай вайны», — заявіў Зяленскі.

Ён мяркуе, што калі Украіна прайграе, Пуцін наблізіць вайну да Захаду.

«Пуцін адчувае слабасць, як жывёла, таму што ён жывёла і ў выпадку перамогі ён з'есць вас на вячэру з усім вашым ЕС, НАТА, свабодай і дэмакратыяй», — дадаў прэзідэнт.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Міхаіл Падаляк раней заявіў, што перамоваў з Расіяй не будзе. Расійскаму боку, паводле яго слоў, выстаўлены ультыматум, і ён яго прыме.

«Перамоваў не будзе. У класічным сэнсе гэтага слова. Будуць ультыматыўныя патрабаванні да Расійскай Федэрацыі, адразу на найвышэйшым узроўні, і Расія іх прыме», — заявіў ён.