677-мы дзень вайны. У навагоднюю ноч Расія атакавала Украіну дронамі
Трывогі былі абвешчаны ў больш чым дзесяці рэгіёнах і ў Кіеве.
У ноч на 1 студзеня Расія біла па Украіне. У прыватнасці, ёсць траплянне «Шахеда» ў Мікалаеўскай вобласці. «У нас ёсць прылёты... Працуем!», — напісаў старшыня Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім.
Быў «прылёт» і ў Адэсе — з-за трапляння ў розных раёнах горада ў жылых дамах узніклі пажары, загарэлася шматпавярхоўка.
Старшыня Адэскай АДА Алег Кіпер паведаміў аб адным загінулым. Таксама сярод жыхароў пашкоджаных дамоў ёсць параненыя, іх колькасць удакладняецца. «На месцы працуюць усе адпаведныя службы», — напісаў Кіпер.
Паводле яго слоў, ёсць траплянне абломкаў збітых дронаў. У жылых дамах розных раёнаў горада ўзніклі пажары. Таксама працягваецца праца сіл супрацьпаветранай абароны.
Таксама, паводле даных СМІ, выбухі ў ноч на 1 студзеня былі чутны і ў Дняпры. У цэлым трывогі былі абвешчаны ў больш чым дзесяці рэгіёнах, у тым ліку ў Кіеве.
Агулам у ноч на 1 студзеня ў небе зафіксавалі некалькі дзясяткаў дронаў. Ракеты з поўдня ляцелі на Крывы Рог. Акрамя таго, некалькі груп «Шахедаў» зафіксавалі на мяжы Мікалаеўскай і Днепрапятроўскай абласцей.
На працягу сутак на фронце адбылося 55 баявых сутыкненняў. Найбольш горача было на аўдзееўскім і херсонскім напрамках.
Як гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ, на Сіверскім і Слабажанскім кірунках расійцы захоўвалі вайсковую прысутнасць у памежных раёнах, праводзілі актыўную дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідвання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя кірункі, павялічвалі шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.
На купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 11 расійскіх нападаў паблізу Сінькоўкі і Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці.
На ліманскім кірунку акупанты вялі штурмавыя дзеянні ў раёне Макееўкі Луганскай вобласці. А на бахмуцкім кірунку УСУ адбілі 10 нападаў каля Багданаўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.
На аўдзееўскім кірунку, адзначае Генштаб, украінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. УСУ «стойка трымаюць абарону, наносячы акупантам значныя страты». Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі чатыры атакі расійцаў у раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ 14 нападаў непадалёк ад Першамайскага, Невельскага.
На мар'інскім кірунку ўкраінцы працягваюць стрымліваць захопнікаў у раёне Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіты чатыры атакі. А на шахцёрскім кірунку сілы абароны адбілі атаку праціўніка каля Ураджайнага.
На запарожскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі пяць варожых нападаў паблізу Рабоціна і на поўдзень ад Навадараўкі.
На херсонскім напрамку сілы абароны працягваюць меры па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, расійскія акупанты не пакідаюць спроб выбіць падраздзяленні УСУ з занятых пазіцый. Так, за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 13 беспаспяховых штурмавых дзеянняў на пазіцыі сіл абароны.
Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны ў навагодні вечар звярнуўся да ўкраінцаў. Ён назваў 2023-ці яшчэ адным звышскладаным годам барацьбы за сваю зямлю і свабоду, годам, калі Украіна выстаяла дзякуючы ўкраінскім салдатам і матросам, сяржантам і афіцэрам, дзякуючы кожнаму з іх.
«Я
дзякую нашым вайскоўцам за стойкасць і самаадданасць велічнай справе —
абараняць Украіну. Схіляю галаву перад украінскімі ваярамі, якія загінулі ў
баях за радзіму. Яны назаўсёды ў нашых сэрцах. 2024 год не будзе лёгкім.
Барацьба за свабоду і будучыню нашых дзяцей працягваецца. Веру, што мы з
годнасцю пройдзем усе выпрабаванні і крок за крокам працягнем набліжаць нашу
перамогу! Усіх, хто цяпер у баі, на назіральным пункце, вядзе разведку або
знішчае ворага дронам; хто трымае ўдар і наносіць яго ў адказ; родных і блізкіх
нашых воінаў; усіх, хто верыць і дапамагае ўзброеным сілам Украіны — З Новым
годам! Разам мы пераможам! Слава ўкраінскім абаронцам!» — напісаў
Залужны ў сваім тэлеграм-канале.