789-ты дзень вайны ва Украіне. Украінцы перамогуць, калі Захад дасць зброю — Столтэнберг
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг лічыць, што перамога Украіны ў вайне з Расіяй яшчэ магчымая — пры ўмове таго, што Захад дасць неабходную зброю. А ў расійцаў засталося прыкладна два тыдні, каб скарыстацца спрыяльнай сітуацыяй і захапіць Часаў Яр.
За мінулыя суткі на франтах ва Украіне адбылося 85 баявых сутыкненняў. На Аўдзееўскім кірунку абаронцамі Украіны адбіты 16 атак ворага, на Новапаўлаўскім — 23 атакі, паведамляе ў ранішняй зводцы 22 красавіка Генштаб УСУ.
Акрамя таго, на Ліманскім кірунку расійцы 17 разоў атакавалі пазіцыі абаронцаў Украіны. Таксама на Бахмуцкім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 14 нападаў. На Арэхаўскім і Херсонскім кірунках расійцы па 4 разы атакавалі пазіцыі УСУ Украіны.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю BBC заявіў, што Украіну з сярэдзіны траўня — пачатку чэрвеня, чакае «досыць цяжкая сітуацыя». «Нас чакае досыць цяжкая, па нашай ацэнцы, сітуацыя ў бліжэйшы час. Але яна не катастрафічная, гэта таксама трэба разумець. Армагедон не адбудзецца, як многія цяпер пачынаюць казаць. Але праблемы з сярэдзіны траўня будуць», — сказаў кіраўнік выведкі.
З ягоных слоў, гаворка ідзе пра «ўсё», а не толькі пра фронт або ўнутрыпалітычную сітуацыю. «Гэта комплексны падыход, таму што расійцы будуць выкарыстоўваць комплексны падыход. Яны праводзяць комплексную аперацыю», — растлумачыў Буданаў.
* * *
Нягледзячы на тое, што расійскім войскам удалося замацавацца ў раёне Багданаўкі, украінскія сілы ўсё яшчэ могуць абараняць Часаў Яр, — акрамя яго ўсходніх ускраін, якія «доўгі час былі незаселеныя і непрыдатныя для абароны», паколькі яны былі «практычна разбураныя год таму» і не маюць моцных умацаванняў, піша ў ранішняй зводцы 22 красавіка амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Крыніца, звязаная з расійскімі ПДВ заявіла, што ўкраінскія сілы па-ранейшаму кантралююць тактычныя вышыні на поўнач і паўночны захад ад Багданаўкі, і што сітуацыя на лініі фронту ў гэтым раёне складаная.
21 красавіка афіцэр Нацыянальнай гвардыі Украіны заявіў, што расійскім войскам удалося замацавацца ў раёне Багданаўкі, куды яны перакінулі значную матэрыяльную частку і ўсталявалі добра падрыхтаваныя абарончыя пазіцыі. Ён не ўдакладніў, ці кантралююць расійскія войскі Багданаўку, і ацаніў, што расійскія войскі могуць паспрабаваць выкарыстоўваць Багданаўку, каб атачыць Часаў Яр з поўначы і захапіць Іванаўскае (на паўднёвы ўсход ад Часава Яра), каб пагражаць гораду з поўдня.
Расійскія войскі працягвалі атакаваць Часаў Яр і прылеглую тэрыторыю 21 красавіка, але не прасунуліся наперад.
Украінскі афіцэр ацаніў, што расійскія войскі выкарыстоўваюць планіруючыя бомбы, артылерыю і рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА), перш чым пачаць наземнае наступленне, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для штурму шляхам знішчэння ўкраінскіх хованак і абарончых пазіцый.
Афіцэр Нацыянальнай гвардыі Украіны дадаў, што расійскае вайсковае камандаванне сур'ёзна ставіцца да захопу Часава Яра, бо расійскія войскі паспяхова навучылі новы мабілізаваны персанал, перакінулі найбольш баяздольныя падраздзяленні ў гэтым кірунку, і ўвесь час фармуюць рэзервы для замены цяжкіх страт, панесеных падчас штурмаў населенага пункта.
Паводле ацэнкі экспертаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), сілы абароны змогуць прыпыніць расійскі наступ пры ўмове хуткага паступлення дапамогі ЗША.
* * *
* * *
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг у эфіры тэлеканала MSNBC заявіў, што вылучэнне амерыканскай дапамогі Украіне «яшчэ не позна», але «затрымка мела рэальныя наступствы». На працягу апошніх месяцаў, як адзначыў генеральны сакратар, вораг на асобных участках фронту меў перавагу над Украінай з-за яе адставання ва ўзбраенні.
«Украінцы прадэманстравалі велізарнае майстэрства ў абароне сваёй краіны. Мы павінны памятаць, з чаго мы пачыналі ў пачатку гэтай вайны», — дадаў Столтэнберг, прыгадаўшы прагнозы аб захопе Кіева «за тры дні».
Генеральны сакратар таксама адзначыў, што з пачатку поўнамаштабнай вайны Украіна вызваліла 50% акупаваных ворагам тэрыторый.
«Пры ўмове, што мы дамо зброю, украінцы перамогуць», — заявіў Столтэнберг.
* * *
Кіраўнік камітэта выведкі Сената ЗША Марк Уорнер паведаміў 21 красавіка, што амерыканская вайсковая дапамога Украіне, уключаючы ракеты ATACMS, можа быць дастаўленая ва Украіну да канца наступнага тыдня, калі Сенат прыме законапраект аб дадатковых асігнаваннях 23 красавіка, а прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпіша яго да 24 красавіка.
Пры гэтым расійскія войскі, верагодна, актывізуюць бягучыя наступальныя аперацыі і ракетныя і беспілотныя ўдары ў бліжэйшыя тыдні, каб скарыстацца «акном» да прыбыцця амерыканскай ваеннай дапамогі, прагназуюць эксперты ISW.
* * *
Украіна атрымае 74% выдзеленых сродкаў ад Германіі і застанецца асноўнай краінай-атрымальнікам нямецкага экспарту ўзбраенняў, паведамляе Міністэрства фінансаў ФРГ. Паводле папярэдніх даных, у першым квартале 2024 года былі выдадзены дазволы на канчатковы экспарт узбраенняў на суму каля 5,2 млрд еўра. З іх 3,85 млрд еўра выдзелена на ваенную зброю і 1,4 млрд еўра на іншыя віды ўзбраенняў. Асноўнай краінай-атрымальнікам стала Украіна, для якой быў ухвалены экспарт узбраенняў на суму каля 3, 8 млрд еўра.
* * *
Пасол Даніі ва Украіне Оле Эгберг Мікельсен заявіў, што Капенгаген перадасць Украіне ўсе абяцаныя знішчальнікі F-16. «Не хвалюйцеся, самалёты для Украіны дакладна будуць. Гэта ўвесь наш парк F-16, які цяпер выводзіцца з эксплуатацыі, таму што мы атрымліваем новае пакаленне самалётаў F-35», — заявіў ён.
* * *
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійцы плануюць да 9 траўня захапіць Часаў Яр у Данецкай вобласці і мабілізаваць да 1 чэрвеня 300 тысяч байцоў. Прэзідэнт Украіны разлічвае, што УСУ зможа адбіць ворага і разбіць планы РФ па поўнамаштабным наступу ў чэрвені.
«Я разлічваю, што мы зможам вытрымаць, што паступіць гэтая зброя, пра якую я сказаў, своечасова, і мы зможам адбіць ворага. І потым разбіць планы РФ у поўнамаштабных контрнаступных дзеяннях у чэрвені», — заявіў ён у інтэрв'ю NBC News.