984-ты дзень вайны. Новая хваля атак: Кіеў і іншыя гарады Украіны зноў пад абстрэламі

Украіна зноў сутыкнулася з масіраванымі ракетнымі ўдарамі і атакамі беспілотнікаў. У ноч на 3 лістапада расійскія войскі нанеслі шэраг удараў па Кіеву і іншых гарадах краіны, выкарыстоўваючы дроны-камікадзэ «Шахед» і крылатыя ракеты. Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі.

У выніку расійскай атакі ў ноч на 3 лістапада ад абломкаў беспілотнікаў пацярпеў Інстытут журналістыкі КНУ

У выніку расійскай атакі ў ноч на 3 лістапада ад абломкаў беспілотнікаў пацярпеў Інстытут журналістыкі КНУ

Паводле інфармацыі Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, сістэмы супрацьпаветранай абароны збілі большасць варожых аб'ектаў, аднак некаторыя ўсё ж дасягнулі сваіх мэтаў. У выніку атак пацярпелі жылыя дамы, аб'екты крытычнай інфраструктуры і грамадскія ўстановы.

У Кіеве ад аскепкаў збітых дронаў пацярпеў Інстытут журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Таксама пашкоджаны інтэрнат Інстытута міжнародных адносін КНУ, цывільныя аб'екты, крамы і былы мотазавод. Каля будынкаў ляжаць шкло, шыбы і электрычны слуп.

Мэр Кіева Віталій Клічко паведаміў, што ў выніку атакі ў сталіцы пацярпелі некалькі чалавек. «У Саламянскім раёне ўламкі ўпалі на тэрыторыю дзіцячага садка. На шчасце, ніхто не пацярпеў. У Днепроўскім раёне ўламкі пашкодзілі прыватны дом. Таксама зафіксаваны пажар у нежылым будынку», — напісаў Клічко ў сваім Telegram-канале.

Акрамя сталіцы, пад удар трапілі і іншыя рэгіёны Украіны. У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку абстрэлу загарэўся дах летняй кухні ў прыватным сектары Нікапаля. Пажарныя аператыўна ліквідавалі ўзгаранне, ахвяр і параненых няма.

У выніку атакі на Херсонскую вобласць адзін чалавек загінуў, 10 пацярпелі, сярод іх тры дзіцяці, паведамляе Абласная ваенная адміністрацыя.

Акрамя таго, у выніку атакі пацярпелі адукацыйныя ўстановы, бібліятэка, царква, паштовае аддзяленне і крамы; у жылых кварталах населеных пунктаў вобласці пашкоджаны 5 шматпавярховак і 14 прыватных дамоў, гаворыцца ў паведамленні. 

Украінскія ўлады падкрэсліваюць, што, нягледзячы на пастаянныя атакі, сістэма супрацьпаветранай абароны краіны працуе эфектыўна. Паводле афіцыйных дадзеных, за мінулыя суткі было збіта больш за 20 варожых дронаў і некалькі крылатых ракет.

Вельмі чакаў дапамогі: харкаўскія надзвычайнікі выратавалі пухнатага коціка падчас разбору завалаў. Чацвераногі апынуўся ў разбураным пасля варожага ўдару доме і чакаў дапамогі. Вусаты ўжо пад наглядам сваіх гаспадароў. Фота: ДСНС

Вельмі чакаў дапамогі: харкаўскія надзвычайнікі выратавалі пухнатага коціка падчас разбору завалаў. Чацвераногі апынуўся ў разбураным пасля варожага ўдару доме і чакаў дапамогі. Вусаты ўжо пад наглядам сваіх гаспадароў. Фота: ДСНС

*****

Паводле інфармацыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны, найбольш напружаная сітуацыя захоўваецца на Данецкім і Запарожскім напрамках. Украінскія войскі працягваюць абараняць свае пазіцыі і адбіваць атакі расійскіх сіл. У раёне Курахава адзначаецца павышаная актыўнасць праціўніка, што можа сведчыць пра падрыхтоўку да новай наступальнай аперацыі.

*****

Міжнародная падтрымка Украіны працягваецца. ЗША, Швецыя, Германія і Вялікабрытанія анансавалі новыя пакеты дапамогі на агульную суму больш за 7 мільярдаў долараў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўзмацненне абароназдольнасці Украіны і падтрымку яе эканомікі.

УСУ ў Курскай вобласці атрымаюць ад ЗША важную тэхніку супраць салдат КНДР, піша Forbes.  Пакет дапамогі ад ЗША ўключае не менш за 212 бронемашын Stryker. Па словах аналітыка Forbes Дэвіда Акса, большасць перададзеных Украіне Stryker ужо знаходзяцца на Куршчыне, таму верагодна дадатковыя машыны таксама адправяць у гэты рэгіён.

Аўстралія перадала Украіне свой авіябомбы JDAM-ER з далёкасцю палёту да 80 км, якія раней былі знятыя з узбраення.

Пакуль невядома, калі і колькі такіх бомбаў перадалі, але ў красавіку гэтага года Аўстралія заяўляла, што паставіла Украіне неназваныя боепрыпасы класа «паветра-зямля».

*****

Эксперты адзначаюць, што нягледзячы на цяжкасці, Украіна працягвае аказваць эфектыўнае супраціўленне расійскай агрэсіі. Аднак, паводле слоў народнага дэпутата Рамана Касценкі, краіне неабходна мабілізаваць дадатковыя 500 тысяч чалавек для ўзмацнення абароны.

Ён адзначыў, што пасля прыняцця закона аб узмацненні мабілізацыі ў траўні яе тэмпы былі дастатковымі, аднак у верасні яна пайшла на спад. У войска планавалі прызваць 200 тысяч чалавек, а гэтага, на думку дэпутата, недастаткова.

*****

Ваенныя паветраныя сілы пераводзяць у пяхоту. Пра гэта паведаміў начальнік службы сувязяў з грамадскасцю камандавання УСУ Юрый Ігнат у адказ на заяву дэпутата Мар'яны Бязуглай, пра тое, што «шахеды» пачалі збіваць горш, таму што СПА пераводзяць у пяхоту.

Ён падкрэсліў, што адсотак збіцця «шахедаў» не паменшыўся, назваўшы словы Бязуглай ілжывымі. 

*****

Як паведамляе Генштаб УСУ, за мінулыя суткі ліквідавана 1410 акупантаў.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 03.11.24 склалі:

  • асабовага складу — 699090 (+1410)
  • танкаў — 9182 (+12)
  • браніраваных машын — 18523 (+36)
  • артсістэм — 20086 (+10)
  • РСЗА — 1244
  • сродкі СПА — 994
  • самалётаў — 369
  • верталётаў — 329
  • БПЛА — 18187 (+70)
  • крылатыя ракеты — 2629 (+1)
  • караблі /катэры ‒ 28,
  • падводныя лодкі — 1 
  • аўтатэхнікі і аўтацыстэрнаў — 28160 (+46)
  • спецтэхніка ‒ 3584 (+1)