Байдэн пасля сустрэчы з украінскімі бежанцамі назваў Пуціна «мясніком»
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наведаў Нацыянальны стадыён у Варшаве, дзе сустрэўся з бежанцамі з Украіны і валанцёрамі.
Прэзідэнта ЗША суправаджалі прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Пасля сустрэчы з бежанцамі Байдэн сказаў журналістам, што «гэтыя людзі проста хочуць абняць і сказаць дзякуй».
«Кожны з гэтых дзяцей сказаў нешта накшталт: маліцеся за майго тату, за брата, за дзядулю, таму што яны там і ваююць», — паведаміў Байдэн. Ён дадае, што сам ведае, як гэта — мець кагосьці з блізкіх у зоне баявых дзеянняў. «Кожную раніцу ты ўстаеш, думаеш пра іх і молішся, каб атрымаць ад іх вестку», — падкрэсліў Байдэн.
Пра ўкраінцаў, якіх сустрэў на Нацыянальным стадыёне, амерыканскі прэзідэнт сказаў, што «гэта выдатныя людзі».
Журналісты таксама спыталі прэзідэнта ЗША, што ён думае пра прэзідэнта Расіі, назіраючы за тым, што рабіў з людзьмі, якіх сустракаў на стадыёне.
Байдэн адказаў: «Ён мяснік».