Балівія супраць Чылі

24 верасня Міжнародны суд у Гаазе пагадзіўся ўзяць на разгляд іск Балівіі, якая намагаецца адсудзіць назад у Чылі захопленую ёй у ХІХ стагоддзі частку балівійскай тэрыторыі. Cправа па гэтаму канфлікту абяцае быць унікальнай.



balivija_supracj_cyli.jpg

Створаная ў 1946 годзе пад патранатам ААН установа ў Гаазе не першы раз будзе разглядаць тэрытарыяльныя пытанні. Сярод 161 справы, якімі займаліся суддзі на працягу існавання арганізацыі, каля тузіну былі так ці інакш звязаныя з памежнымі спрэчкамі.

Думаецца, найбольш буйной была справа пра сальвадорска-гандураскі кардон. У 1992 годзе гаагская Феміда паклала канец канфлікту паміж Сальвадорам і Гандурасам наконт сухапутных і марскіх межаў і межаў паміж выспамі. Спрэчка цягнулася аж 90 гадоў і была настолькі моцнай, што футбольны матч паміж камандамі гэтых дзвюх краін у 1969 годзе прывёў да кароткай, але кровапралітнай т.зв. «футбольнай вайны».

У часы «халоднай вайны» ў Гаазе ЗША ініцыявалі чатыры працэсы супраць СССР. Усе яны тычыліся паветраных інцыдэнтаў з амерыканскімі ваеннымі самалётамі. У дачыненні да кожнага з іскаў суд прыняў аднолькавае рашэнне, сутнасць якога была ў тым, што ён не валодае неабходнай юрысдыкцыяй і на гэтай падставе ў разглядзе справы адмаўляе. У 2009 годзе суд вынес кампрамісную пастанову па іску Румыніі да Украіны, якая тычылася падзелу шэльфу Чорнага мора.

Аднак справа па тэрытарыяльнаму канфлікту паміж Балівіяй і Чылі абяцае быць унікальнай. Па-першае, суд мусіць вывучыць усе аспекты даўняй вайны, па выніках якой Балівія была пазбаўленая прыкладна 300 кіламетраў ціхаакіянскага ўзбярэжжа (яго вяртання і патрабуе Ла-Пас)

Вайна, нагадаем, пачалася з-за карысных выкапняў. Чылі хацела захапіць радовішча салітэры ў перуанскай і балівійскай частках пустыні Атакама, якія належалі чылійскай кампаніі. У лютым 1879 войскі Чылі напалі на Балівію. Перу мела з Балівіяй дагавор аб узаемадапамозе, таму ўступіла ў вайну ў красавіку таго ж года. Аднак пануючыя на моры, чылійцы захапілі ініцыятыву. У 1883 го­дзе Перу і ў 1884-м Балівія прызналі паразу. Паводле дамовы паміж Чылі і Балівіяй, апошняя пазбаўлялася вобласці Антафагаста (Antofagasta) і, адпаведна, выхаду да мора.

Нягледзячы на тое, што ў дамове ад 1904 года страта Балівіяй выхаду да мора была яшчэ раз зафіксаваная, балівійцы ўвесь час марылі пра вяртанне тэрыторыі. Так, на ваенна-марскім сцягу Балівіі, які ўжываецца цяпер толькі на рачным флоце, засталася вялікая зорка ў памяць пра падзеі 1879–1884 гадоў. Часам падавалася, што вайна паміж дзяржавамі проста непазбежная. Напрыклад, вельмі напружаныя адносіны паміж Санцьяга і Ла-Пасам назіраліся на пачатку 1970-х гадоў, калі дыпламатычныя адносіны былі згорнутыя да мінімуму. Напружанасць разрадзіў путч Піначэта, які хутка дамовіўся з балівійскім калегам-дыктатарам. У якасці бонусу Балівія тады атрымала частку аднаго з чылійскіх партоў.

Новая серыя барацьбы за выхад да акіяну пачалася прыкладна 5 гадоў таму. Першы ў балівійскай гісторыі чырванаскуры прэзідэнт Эва Маралес пачаў міжнародную кампанію за рэвізію існуючай мяжы. У яе рамках у красавіку 2013 года ў Міжнародны суд у Гаазе быў пададзены адпаведны іск на адрас Чылі. Амаль два з паловай гады суддзі ламалі галаву, што рабіць са скаргай. Нарэшце 24 верасня вырашылі, што кампетэнтныя яе разгледзець.

Навіны з Гаагі справакавалі патрыятычны ўздым у Балівіі, дзе рашэнне суддзяў разглядаюць як вялікую перамогу. Прэзідэнт Маралес у спецыяльным выступе назваў 24 верасня «гістарычным днём, які будуць памятаць усе балівійцы». А таксама падкрэсліў, што рашэнне суда з’яўляецца важным крокам у вяртанні да ў Ціхага акіяна. На вуліцах балівійскіх гарадоў усю ноч святкавалі «гістарычны дзень». Найбольш патрыятычна заклапочаныя балівійцы стыхійна выехалі на чылійскую мяжу, каб арганізаваць там музычную какафонію.

Абсалютная кантрастныя настроі пануюць пасля паведамленняў з Гаагі па той бок балівійска-чылійскай мяжы. Чылійская грамадскасць раз’юшаная пастановай суду. Прэзідэнт краіны Мішэль Бачэлет катэгарычна заявіла, што «гаагскія вердыкты ніякім чынам не паўплываюць на тэрытарыяльнае адзінства Чылі». Ужо відавочна, што ў ходзе будучага працэсу чылійскі бок будзе спасылацца на дамову 1904 года, дзе Балівія афіцыйна прызнае пасляваенныя межы з Чылі. На думку чылійцаў, спрабаваць вярнуць межы ХІХ стагоддзя — нонсэнс і небяспечны прававы прэцэдэнт. Чылійцы таксама лічаць, што карэнныя жыхары Антафагаста не мараць стаць грамадзянамі Балівіі, дзе ўзровень жыцця ў тры разы ніжэйшы за чылійскі. Нарэшце, Чылі здольная проста адмовіцца прызнаваць абавязковую юрысдыкцыю суду, як, напрыклад, зрабілі ЗША ў 1984-м. Тады гаагскія судзі заклікалі ЗША не рабіць замахаў на суверэнітэт Нікарагуа, дзе яны падтрымлівалі вайсковую апазіцыю.

Прэса асцярожна разглядае перспектывы гэтай судовай справы. Па-першае, шукаючы кампраміс, суддзі могуць запатрабаваць, каб Чылі і Балівія пачалі дыялог, што па сутнасці не мае ніякіх прававых наступстваў. Таксама не выключаюць, што Чылі будзе зацягваць справу або шукаць юрыдычныя тонкасці, якія дазволяць аспрэчыць правамоцнасць балівійскай скаргі. Такіх выпадкаў у гісторыі Гаагскага суда хапае. Напрыклад, у 2008–2011 гадах у судзе быў разгледжаны іск Грузіі супраць Расіі, якая, на думку грузінаў, праз падкантрольныя ёй структуры Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ажыццяўляла дыскрымінацыю грузінскага насельніцтва ў гэтых рэспубліках. Трохгадовая цягамоціна закончылася дэ-факта нічым. Суд пастанавіў, што ён не валодае юрысдыкцыяй для разгляду заявы, пададзенай Грузіяй, паколькі Тбілісі не выканаў нейкую дасудовую працэдуру.

З іншага боку, калі Чылі даб’ецца выгаднага для сябе рашэнне ў Гаазе, наўрад ці гісторыя барацьбы Балівіі за вяртанне выхаду да акіяну закончыцца.