Больш за 900 салдат РФ падалі пазовы да шпіталяў: У чым справа?

Вайскоўцы спрабуюць атрымаць даведкі аб раненні або даказаць, што больш не могуць ваяваць.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну не менш за 922 расійскіх салдата і іх сваякоў падалі судовыя пазовы да вайсковых шпіталяў. Гэта высветліла выданне «Вёрстка», калі вывучыла базы ўсіх гарнізонных судоў у Расіі і анексаваным Крыме. 

Адметна, што хоць суды публікуюць не ўсе рашэнні, журналісты знайшлі 285 судовых актаў — і ўсе яны тычыліся аспрэчвання рашэнняў ваенна-медычнай камісіі.

Паводле звестак выдання, частка вайскоўцаў аспрэчвалі пастановы лекараў, якія палічылі іх раненні лёгкімі і не выдалі даведкі аб раненні. Без гэтага дакумента вайскоўцы не могуць атрымаць грашовую кампенсацыю ад дзяржавы. Іншая частка вайскоўцаў звярнулася ў суды, таму што палічыла, што яны хворыя або раненні дастаткова сур'ёзныя для таго, каб працягваць ваяваць.

Пры гэтым ва ўсіх салдат, якія звярнуліся ў суды, мінімальныя шанцы выйграць суд – з 866 пазоваў да шпіталяў былі задаволеныя толькі 35. 

Журналісты прыйшлі да высновы, што суды ўстаюць на бок вайскоўцаў, калі згаджаюцца, што ваенныя лекары неабгрунтавана завысілі катэгорыю прыдатнасці.

Больш за ўсё пазоваў у суды паступіла ў другой палове гэтага года: вайскоўцы падалі да шпіталяў амаль 500 пазоваў. Часта вайскоўцы звяртаюцца ў суд падчас адпачынку, які атрымліваюць пасля лячэння ў шпіталі. Звычайна, як высветліла выданне, яны не паспяваюць дачакацца суда, бо іх забіраюць на фронт. Без іх удзелу суд будзе разглядаць справу, толькі калі вайскоўцы нанялі адваката або склалі даверанасць на сваяка.

ЗША: Расія страціла забітымі і параненымі 315 тысяч чалавек

Нагадаем, журналісты «Медыязоны» і расійскай службы ВВС высветлілі асобы як мінімум 39 424 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Расійскі бок афіцыйна не публікуе даныя аб загінулых. Апошні раз Мінабароны паведамляла пра страты ў верасні 2022 года. Тады Сяргей Шайгу заявіў пра гібель 5937 салдат. Пра колькасць параненых расійскіх вайскоўцаў ніколі не паведамлялася.

Між тым, згодна з рассакрэчаным у пачатку снежня дакладам амерыканскай выведкі, за час вайны агульныя страты Расіі ва Украіне забітымі і параненымі склалі 315 тысяч вайскоўцаў.

Як падлічылі на падставе гэтых звестак аналітыкі Інстытута вывучэння вайны( ISW), за два мінулыя месяцы расійскае войска, спрабуючы захапіць Аўдзееўку ў Данецкай вобласці Украіны, страціла забітымі і параненымі блізу 13 тысяч жаўнераў і афіцэраў, захапіўшы пры гэтым 11,1 квадратных кіламетра тэрыторыі. Тым самым страты РФ склалі больш за 1000 чалавек на 1 квадратны кіламетр.

Паводле «Нямецкай хвалі», «Настоящее Время», verstka.media