Даследаванне: Колькі расійцаў насамрэч падтрымлівае вайну?
Праз год пасля пачатку вайны ва Украіне больш за дзве траціны насельніцтва Расіі працягвае яе падтрымліваць. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні сацыялагічнай групы Russian Field, якая адсочвае змяненне грамадзян РФ да вайны, — нядаўна яна правяла адзінаццатую хвалю сваіх апытанняў. Вынікі апытання вывучыла «Л*стэрка».
Як расійцы ставяцца да вайны
Паводле даных даследавання, большасць апытаных (69%) паведамілі, што падтрымліваюць «спецыяльную ваенную аперацыю» (так у Расіі называюць вайну), 22% не падтрымліваюць (астатнія заявілі, што не вызначыліся або адмовіліся адказваць). 12% рэспандэнтаў прызналіся, што з моманту пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне іх меркаванне аб «ваеннай аперацыі» змянілася ў бок яе падтрымкі. Пра адваротнае гаварылі ў тры разы радзей. У цэлым узровень падтрымкі «ваеннай аперацыі» застаецца практычна нязменным з мая 2022 года, адзначаюць сацыёлагі Russian Field.
Хто хацеў бы адмяніць вайну
Палова рэспандэнтаў (52%) не адмянілі б рашэнне аб пачатку вайны ў мінулым, нават калі б мелі такую магчымасць. Траціна апытаных (34%) зрабілі б гэта. Не змаглі або адмовіліся адказваць на пытанне 14%. Доля тых, хто адмяніў бы «ваенную аперацыю», на 4 працэнтныя пункты вышэйшая сярод жанчын.
Таксама даследаванне Russian Field паказала больш высокую
ваяўнічасць старэйшага пакалення. Сярод моладзі (да 30 гадоў) за адмену рашэння
выступае палова рэспандэнтаў, ва ўзроставай групе 30-44 гадоў — больш за 40%, у
групе ад 45 гадоў і старэй — каля чвэрці.
«Доля тых, хто скасаваў бы «вайсковую аперацыю» ў
мінулым, большая сярод малазабяспечаных слаёў насельніцтва Расіі (46%). Таксама
жадаючых адмяніць рашэнне аб пачатку ваенных дзеянняў больш сярод рэспандэнтаў,
якія не знаходзяцца ў шлюбе і не маюць дзяцей. Прыхільнікаў скасавання
"вайсковай аперацыі" больш за ўсё сярод гледачоў YouTube і менш за ўсё
сярод тэлегледачоў», — пішуць сацыёлагі.
Як адзначае Russian Field, за год колькасць рэспандэнтаў,
якія хацелі б адмяніць «ваенную аперацыю», вырасла на 6%, а тых, хто не стаў бы
яе адмяняць, наадварот, стала менш на 5%. Пры гэтым з канца верасня — пачатку
кастрычніка суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў адмены практычна не
змянілася.
Ці трэба пачынаць перамовы
Па гэтым пытанні думкі ў расійскім грамадстве падзяліліся. Палова рэспандэнтаў лічаць, што «спецыяльную ваенную аперацыю» неабходна працягваць (49%), 40% падтрымліваюць пераход да мірных перамоваў. Яшчэ 10% не змаглі адказаць на пытанне.
Цікава, што сярод мужчын больш за палову выступаюць за
працяг «ваеннай аперацыі», а сярод жанчын меркаванні падзяліліся
прыкладна пароўну. Тут жа паўтараецца і тэзіс аб падтрымцы вайны старэйшым пакаленнем: большасць рэспандэнтаў да 45 гадоў падтрымліваюць пераход да мірных
перамоваў, а большасць апытаных ад 45 гадоў і старэй выступаюць за працяг
ваенных дзеянняў.
Цікава таксама, што працяг вайны падтрымліваюць больш
багатыя расійцы. Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што «ваенную аперацыю» трэба працягваць, расце па меры павелічэння даходу: ад 39% сярод найменш
забяспечаных да 64% у найбольш забяспечанай групе апытаных.
Стаўленне да магчымага прыпынення вайны
Патэнцыйную пастанову Пуціна аб падпісанні міру падтрымалі б 66% рэспандэнтаў, толькі блізу чвэрці (24%) не падтрымалі б такую пастанову. Падпісанне мірнага пагаднення часцей ухваляюць жанчыны і апытаныя да 45 гадоў.
Ці паспяхова ідзе вайна для Расіі
Як адзначаюць сацыёлагі Russian Field, у параўнанні з мінулай хваляй даследавання (29 лістапада — 5 снежня 2022 года) рэспандэнты сталі даваць больш пазітыўныя ацэнкі ходу ваенных дзеянняў ва Украіне. Так, больш за палову апытаных (56%) ацэньваюць ход «ваеннай аперацыі» як паспяховы для расійскай арміі. У той жа час каля чвэрці (23%) лічаць, што «ваенная аперацыя» разгортваецца няўдала. Яшчэ 21% не змаглі або адмовіліся адказваць на пытанне.
Доля тых, хто лічыць ход баявых дзеянняў паспяховым,
узрастае ад малодшых узростаў да старэйшых. Як сярод мужчын, так і сярод жанчын
больш за палову рэспандэнтаў ацэньваюць ход «ваеннай аперацыі» як паспяховы.
Сацыёлагі адзначаюць, што незалежна ад асноўнай крыніцы
інфармацыі пра вайну большасць рэспандэнтаў лічаць, што для расійскай арміі
баявыя дзеянні праходзяць паспяхова. Аднак заўважыць галоўную тэндэнцыю можна:
у найменшай ступені меркаванне аб паспяховасці ВС РФ распаўсюджана сярод тых,
хто атрымлівае навіны пераважна з YouTube (49%) і Telegram-каналаў (51%).
У правільным кірунку рухаецца РФ
Дзве траціны рэспандэнтаў (67%) лічаць, што Расія рухаецца ў правільным кірунку. Няправільным шлях, па якім ідзе краіна, назвалі 22% апытаных, яшчэ 12% не змаглі або адмовіліся адказаць. Адабрэнне ўзрастае па меры павелічэння ўзросту апытаных.
Рэспандэнты з нізкім і вельмі нізкім узроўнем дабрабыту
значна радзей ўхваляюць кірунак, у якім развіваецца Расія, чым людзі з сярэднім
прыбыткам. Пры гэтым пераважная большасць найбольш забяспечаных рэспандэнтаў
пазітыўна ставяцца да шляху, па якім рухаецца краіна.
Што яшчэ цікавага ў даследаванні
Сярод падзей вайны, якія найбольш запомніліся, расійцы вылучылі яе пачатак 24 лютага 2022 года, здачу войскамі РФ Херсона, захоп Марыупаля і Саледара, а таксама пачатак мабілізацыі.
Сярод мэтаў, якіх Расія на думку яе грамадзян дасягнула
падчас вайны, называюцца «вызваленне тэрыторый» (гаворка пра ДНР і ЛНР),
«далучэнне» тэрыторый, «знішчэнне фашызму» і «дэмілітарызацыя Украіны».
Сярод рэчаў, на якія для іх асабіста паўплывала вайна,
расійцы назвалі ўзровень жыцця, даходы і кошты (22%), а таксама эмацыйны фон і
ментальнае здароўе (22%).
Сярод апытаных пераважае меркаванне, што «ваенная аперацыя» працягнецца яшчэ больш за год (42%). Меншая колькасць рэспандэнтаў
прагназуюць, што ваенныя дзеянні ва Украіне працягнуцца не больш за год (33%).
Каля траціны рэпандентаў (31%) нічога не ведаюць аб
дзейнасці ўладальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына падчас вайны, яшчэ 12% не
могуць ацаніць яе. Аднак 41% рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць дзейнасць гэтага
чалавека, 15% — адмоўна.
Больш за траціну апытаных мужчын (36%) заяўляюць, што
пойдуць у войска ў выпадку другой хвалі мабілізацыі, большасць з іх маюць намер
зрабіць гэта пасля атрымання позвы. Стратэгію ігнаравання або ўхілення выбірае
кожны чацвёрты апытаны (24%).
У якасці асноўных крыніц інфармацыі аб ходзе вайны
рэспандэнты часцей за ўсё называлі тэлебачанне (38%), тэлеграм-каналы (18%) і інтэрнэт-СМІ (12%).
Даследаванні праводзілася ў студзені-лютым 2023 года метадам
тэлефоннага апытання, выбарка склала 2000 рэспандэнтаў (даследчыкі адзначаюць,
што яна рэпрэзентатыўная па поле, узросце ў рамках РФ і федэральных акругаў
у прыватнасці). Максімальны памер памылкі выбаркі з верагоднасцю 95% не
перавышае 2,19%.
Адзначым, што сацыялагічныя даследаванні, якія праводзяцца ў
дзяржавах з высокім узроўнем рэпрэсій і ціску на грамадства, могуць быць
нерэлевантныя з-за страху рэспандэнтаў. Пра гэта кажа і само даследаванне
Russian Field — 24% рэспандэнтаў заявілі, што асцерагаюцца браць удзел у
апытаннях на тэму вайны.