70% беларусаў лічаць 2022 год «удалым для сябе»? Што не так з дзяржаўнай сацыялогіяй
«Жыць стала лепш, жыць стала весялей» — згодна афіцыйнай сацыялогіі, большасць жыхароў Беларусі згодная з гэтым сталінскім лозунгам. Ці сапраўдныя гэтыя лічбы, задаецца пытаннем Сяргей Васілеўскі ў «Салідарнасці».
Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук апублікаваў вынікі апытання жыхароў Беларусі ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых, праведзенага, як сцвярджаецца, у лістападзе 2022-га ва ўсіх абласных гарадах і Мінску, раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах.
Такім чынам, лічбы. 69,4% апытаных назвалі 2022-й удалым для сябе (цытуецца па БЕЛТА). Няўдалым мінулы год назвалі 22,2% рэспандэнтаў.
61% грамадзян перакананыя, што асабіста для іх 2023-ы будзе яшчэ лепш. Пры гэтым 18,1% удзельнікаў апытання лічаць, што бягучы год не прынясе для іх змяненняў. Пагаршэння ў 2022-м асцерагаюцца толькі 4,5%.
Для Беларусі паляпшэнняў у 2023-м чакаюць 63,6% апытаных. 13,8% рэспандэнтаў не чакаюць змены сітуацыі ў краіне, 7,9% удзельнікаў апытання асцерагаюцца пагаршэння становішча.
І пра пажаданні: у 2023-х беларусы больш за ўсё жадаюць здароўя (24,8%) і міру (19,8%).
Улічваючы той факт, што незалежная сацыялогія ў краіне была канчаткова зачышчана яшчэ ў 2020-м, давер да падобных апытанняў знаходзіцца пад велізарным пытаннем. І ўсё ж, агучаныя лічбы даюць некаторы прадмет для разважанняў.
Напрыклад, колькасць аптымістаў, якія лічаць мінулы год удалым, і тых, што спадзяюцца на год насталы (для сябе і для краіны), вар’іруецца ў межах 60-70%.
Магчыма, за гэтай лічбай хаваецца настальгія па падтрымцы большасці, незваротна страчанай у бурлівым 2020 годзе. Успомнім, як у лютым 2021-га праўладны цэнтр EcooM заяўляў пра «рэйтынг даверу» Лукашэнкі ў 66,5%.
Партрэт «ідэальнага электарату»
Не выключана таксама, што рэжым не толькі марыць аб падтрымцы дзвюх трацін грамадзян, але і дэманструе, якімі якасцямі, на яго думку, павінен валодаць ідэальны беларус. Бо любы аўтакрат можа толькі марыць пра людзей, якія напрацягу года не заўважылі альбо не захацелі заўважаць той факт, што іх краіна стала суагрэсарам у чужой вайне, ператварылася ў прыфрантавую базу для войска іншай дзяржавы.
Гэтыя амаль 70% настолькі ўдачлівыя, што «не заўважылі» татальных рэпрэсій, якія закранулі ўсе сферы — ад прыватнай да дзяржаўнай. Іх не закранула (ці не кранула) знішчэнне прыватнай медыцыны і адукацыі. І, нарэшце, той факт, што незалежнасць краіны апынулася пад пагрозай, якой мы не бачылі з канца 1990-х, калі былі падпісаныя першыя інтэграцыйныя пагадненні.
А што, калі?
А што, калі амаль 70% беларусаў палічылі мінулы год удалым па той прычыне, што ім так і не давялося даведацца больш пра вайну на асабістым вопыце?
На жаль, але гэтая здагадка б'ецца аптымістычнымі чаканнямі нашых суграмадзян, звязанымі з насталым 2023-м. «Ідэальныя» беларусы нібыта не чакаюць новых пагроз у гэтым годзе. Тым часам, размовы пра магчымае непасрэднае ўцягванне Беларусі ў вайну не толькі не сціхлі, але загучалі з новай сілай.
Сцэнар новага наступу на Кіеў з нашай тэрыторыі разглядаецца ваеннымі аналітыкамі як адзін з найбольш верагодных. І ў гэты раз шанцы беларускіх ваенных паўдзельнічаць у гэтым сталі вышэй, чым у лютым «удалага» 2022-га.
Пераклад НЧ