Непапраўныя аптымісты, або?
«Чым горш, тым лепш?», — гэтую фразу менавіта з пытальнікам можна прымяніць да беларускага грамадства. Нягледзячы на тое, што ВУП валіцца ўніз, скарачаюцца працоўныя месцы, а інфляцыя працягвае пераможна крочыць па краіне, эканамічнае самаадчуванне беларусаў паўзе ўверх. Дзіўна? Так.
Парадаксальныя вынікі апытання беларусаў наконт іх эканамічнага самаадчування былі прадстаўлены даследчым цэнтрам BEROC (Кіеў). Алесь Ганчаронак, які прадстаўляў гэтае даследаванне, асабліва не інтэрпрэтаваў звесткі, атрыманыя ў выніку апытання тысячы і адной гаспадаркі, і ўсяляк падкрэсліваў, што не робіць далёка ідучых высноў, але…
У канцы 2021 года ВУП Беларусі складаў плюс 2,3% да года папярэдняга. Доля ж беларусаў, якія ацэньвалі стан беларускай эканомікі як дрэнны або вельмі дрэнны, складала 57,1%. У красавіку 2022 года ВУП скаціўся да мінус 2,1%. Доля беларусаў, якія ацэньвалі стан эканомікі як дрэнны і жудасны знізілася да 53,5%.
У жніўні 2022 ВУП краіны сышоў у мінус на 5,2%. Колькасць тых, хто лічыць, што наша эканоміка ў дрэнным або вельмі дрэнным стане — 47,7%.
Такім чынам, чым горш справы ў эканоміцы, тым больш аптымістычна сябе адчуваюць беларусы. У той час, як ВУП зваліўся ад плюсу да мінусу, эканамічнае самаадчуванне беларусаў палепшылася практычна на 10%.
Будзе яшчэ лепш?
На няскончанае пытанне «Як вы лічыце, эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў параўнанні з тым, якой яна была год таму?», 66% апытаных адказалі, — альбо нязначна пагоршылася, альбо пагоршылася істотна. Тых, хто лічыць, што сітуацыя палепшылася — усяго 8%.
А вось на пытанне «Як вы думаеце, ці зменіцца эканамічная сітуацыя ў Беларусі праз год», 16% чакаюць, што гэтая сітуацыя стане лепшаю альбо нашмат, альбо хоць бы крыху. А вось тых, хто чакае пагаршэння сітуацыі, не так і багата — усяго 39%.
Варта адзначыць, што ў адказе на гэтае пытанне вельмі вялікая колькасць «не змаглі адказаць». Такіх аказалася аж 26% (гэта значыць — чвэрць апытаных). Зрэшты, у снежні-2021 такіх было наогул 30%, то бок амаль траціна.
Пры гэтым эканамічныя адчуванні «у агульным», у прынцыпе, карэлююцца з адчуваннямі па даходах. 11% у жніўні 2022 года заявілі, што іх матэрыяльнае становішча палепшылася (нашмат ці трошкі), а 51% сказалі, што іх матэрыяльнае становішча істотна ці адчувальна пагоршылася.
На працягу наступных 12 месяцаў 19% (амаль пятая частка!) чакаюць паляпшэння матэрыяльнага становішча (свайго і сваёй сям'і), а пагаршэнне прадбачаць 32%. І 18% — не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Здавалася б, якія падставы для аптымізму? Якога-небудзь зруху ў станоўчы бок у эканоміцы Беларусі не прадбачыцца. Хутчэй — наадварот. Еўропа працягвае эканамічна-фінансавы ціск на нашага асноўнага гандлёва-эканамічнага партнёра — Расію. Паступова ўступаюць у дзеянне заходнія санкцыі, якія мелі «адкладзены» характар — у прыватнасці, нафтавае эмбарга і іншыя найбольш адчувальныя ўдары па расійскім бюджэце. Аўтаматам гэтыя абмежаванні б'юць і па моцна прывязанай да Расіі Беларусі.
Але нам і сваіх праблем хапае: інфляцыя ў Беларусі ў жніўні запаволілася, але не знікла, заробкі працягваюць падаць, а жыццё — даражэць. У 41% беларусаў упалі даходы «без уліку ўплыву курсу рубля», і ў 30 адсоткаў яны ўпалі не толькі без уліку курсу рубля, але і без уліку інфляцыі. Гэта значыць, амаль траціне беларусаў проста сталі плаціць менш.
І тым не менш — беларусы застаюцца аптымістамі.
Прапаганда? Не факт.
44% апытаных глядзяць ТБ, пры гэтым прыкладна пятая частка — штодня. І прадказальна, што ў тых, хто глядзіць тэлевізар кожны дзень, карціна свету істотна адрозніваецца ад тых, хто ТБ не глядзіць наогул. З тых, хто рэгулярна спажывае айчынную (і не толькі) прапаганду, 65% лічаць, што стан беларускай эканомікі — ад «вельмі добрага» да «сярэдняга» (прычым пераважае сярэдняе — 47%). А вось тыя, хто тэлевізар не глядзіць наогул, на 58% упэўненыя, што справы ў эканоміцы ідуць хутчэй дрэнна і вельмі дрэнна.
Зноў жа прадказальна — тыя, хто чэрпае інфармацыю з дзяржаўных беларускіх СМІ, лічаць, што справы ў эканоміцы ідуць добра і сярэдне на 62% (пры гэтым «сярэдне» — 50%). Тыя, хто аддае перавагу недзяржаўным СМІ, на 75% ацэньваюць эканамічнае становішча Беларусі як дрэннае і вельмі дрэннае.
Тым не меней — 36% тых, хто давярае дзяржаўным СМІ і больш пазітыўна ацэньваюць агульную эканамічную сітуацыю, заўважылі, што ўзровень іх даходаў за апошні месяц знізіўся. Сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ такіх 50%.
І 51% тых, хто верыць дзяржСМІ, адчуваюць, што кошты ў краіне выраслі на 15% і вышэй. Сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ падобныя адчуванні — у 72% рэспандэнтаў.
Усё дрэннае ўжо здарылася?
Чаму беларусы застаюцца аптымістамі на дадзеным этапе эканамічнай сітуацыі? Па-першае — лета. Лета — сам па сабе час радасны, людзі запасаюцца вітамінам В, радуюцца цяплу і сонцу. Акрамя таго, лета — час адпачынкаў, што не можа не адбіцца на агульным настроі, які перакідваецца на эканамічныя адчуванні.
Фактар лета, вядома, уплывае. Аднак, аптымізм беларусаў узнік, хутчэй за ўсё, на завышаных негатыўных чаканнях. Беларусы радуюцца не таму, што адбылося, а таму, што не адбылося. І спадзяюцца, што «пранесла тады — пранясе і цяпер».
Так, санкцыі ў дачыненні да Расі з-за яе ўварвання ва Украіну былі вельмі маштабнымі. Там, у Расіі, сапраўды не працуюць карткі Visa і Mastercard, і закрытыя «Макдональдсы». Але ў Беларусі працуюць і «Макдональдсы», і карткі. Так, з Сінявокай пайшоў Jusk, а маторныя маслы падаражэлі ўдвая, але мы чакалі за наш саўдзел у нападзе на Украіну значна горшага. Так, выраслі кошты і звузіўся асартымент тавараў — гэта заўважылі ўсе. Але не адбылося імгненнага абвалу эканомікі і курсу беларускага рубля па прыкладзе 2011 года. І нават беларускі дэфолт быў не моцна заўважаны нашымі грамадзянамі, паколькі, на думку эканамістаў, усё тое дрэннае, што нёс у сабе дэфолт, здарылася ўжо да яго.
Таму адчуванні беларусаў далёкія ад панічных. І яны маюць права на аптымізм. Накшталт таго, што «калі мы дасягнулі дна, то падаць ужо няма куды», — насуперак вядомаму выразу Астапа Бендэра пра фінансавую прорву, у якую можна падаць бясконца.
«Рыхтуйся да горшага»
Але вялікае пытанне, ці дасягнулі мы дна? Эканаміст Дзмітрый Крук, ацэньваючы наш сённяшні стан беларускай эканомікі, заўважыў, што дно мы пакуль нават не намацалі.
Па яго словах, у рэцэсіі важныя адпраўныя кропкі. І, трэба сказаць, што мы падалі ў яе з свайго гістарычнага піка беларускай эканомікі. Дык вось, калі лічыць беднасцю ўзровень 2015-2016 гадоў, то мы да яго прайшлі толькі палову шляху. А калі лічыць і да 2015 года — гэта толькі траціна.
У тым, што мы па гэтым шляху ідзём, сумнявацца не прыходзіцца. Яскравая прыкмета гэтага — стан занятасці насельніцтва, гэта значыць, стварэння працоўных месцаў. Калі ў прадпрыемстваў, як кажа Крук, ёсць станоўчыя чаканні — яны ствараюць працоўныя месцы ў надзеі на (ці ўжо праз неабходнасць) развіццё. Калі аптымізму няма — працоўныя месцы толькі скарачаюцца. І вось менавіта апошняе мы бачым у сферы занятасці. Губляюць работнікаў практычна ўсе галіны эканомікі. А значыць, нягледзячы на беларускі аптымізм, варта жыць па іншай прымаўцы: «Спадзявайся на лепшае, але рыхтуйся да горшага».