Базавая інфляцыя — 20,7%. Нацбанк уключыў друкарскі станок?

Базавая інфляцыя, якая разлічваецца без уліку сезоннасці ў жніўні склала да 20,7% гадавых, паведамляе Нацбанк. Месяцам раней гэты паказчык быў на ўзроўні 20,1%. То-бок, калі прыбраць папраўку на сезоннае зніжэнне коштаў на гародніну і садавіну, бачна, што інфляцыя працягвае разганяцца.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg


Пры гэтым у чэрвені гадавая базавая інфляцыя была на ўзроўні 19%, удакладняе рэгулятар.

Нагадаем, у жніўні інфляцыя, па дадзеных Белстата, склала 17,9% да аналагічнага месяцу мінулага года. Пры гэтым чыноўнікі на гэты год прагназавалі рост коштаў на ўзроўні 6% (снежань да снежня).

Пры гэтым у Беларусі вырасла агульная сума наяўных грошай, якія знаходзяцца ў абароце. На пачатак верасня гэты паказчык склаў 6 млрд 16,7 млн рублёў.

На 1 студзеня гэтага года наяўныя ў абароце былі на ўзроўні 4 млрд 720,4 млн рублёў. Гэта значыць, у параўнанні з пачаткам года гэты паказчык вырас амаль на 1,3 млрд рублёў.

За жнівень прыкметна вырасла шырокая грашовая маса, якая ўключае сродкі людзей і прадпрыемстваў на рахунках у банках, а таксама наяўныя грошы ў звароце. На 1 верасня гэты паказчык перавысіў 54,2 млрд рублёў. Гэтая сума амаль на 392 млн рублёў большая, чым месяцам раней.

Раней чыноўнікі дапускалі, што ў 2022 годзе ў Беларусі могуць спатрэбіцца валютныя інтэрвенцыі, каб пазбегнуць рэзкага скачка курсу рубля. Грашовыя «ўліванні» ў эканоміку таксама могуць рабіць для папаўнення золатавалютных рэзерваў, якія з-за выплаты крэдытаў будуць раставаць. Гэта прадугледжана грашова-крэдытнай палітыкай на гэты год.

За жнівень гэтага года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 97,6 млн долараў.

Раней эксперты меркавалі, што Нацбанк уключыў друкарскі станок. А Лукашэнка казаў пра карысць дэвальвацыі беларускага рубля і пра тое, як ён «ратаваў калгасы» за кошт збяднення насельніцтва.