У жніўні гадавая інфляцыя ў Беларусі запаволілася. Але ёсць «але»
Спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў жніўні 2022 года выраслі на 17,9% у гадавым выражэнні (да жніўня 2021 года), паведаміў Белстат.
У студзені гадавая інфляцыя склала 10,4%, у лютым – 9,99%, у сакавіку — 15,9%, у красавіку — 16,8%, у траўні — 17,0%, у чэрвені — 17,6%, у ліпені — 18,1%. Адпаведна, у параўнанні з ліпенем інфляцыя «здала назад» на 0,2%.
Харчовыя тавары ў жніўні падаражэлі на 18,9% у гадавым вылічэнні, але знізіліся на 0,7% да ліпеня і выраслі на 12,7% з пачатку года. Нехарчовыя тавары падаражэлі адпаведна на 20, 9%, 0,9% і 18,2%, піша АФН.
Але ёсць адно «але». Reform.by паглядзеў, што падаражэла і што патаннела ў жніўні. І гэтая карціна, шчыра кажучы, не радуе, і аптымізму не выклікае.
Паводле звестак Белстата, больш за ўсё за месяц падаражэлі паслугі чыгуначнага транспарту ў міжнародных зносінах. Індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ) на іх вырас на 15,68%, а на паслугі чыгуначнага транспарту агулам — на 9,57%. Распушчальная кава падаражэла на 6,16%. ІСЦ на паслугі канцэртных арганізацый павялічыўся на 6,14%, на станкі для галення — на 5,79%, на жывую рыбу — на 5,48%, на дэзадаранты — на 5,15%.
Найбольшая месячнае зніжэнне коштаў адзначалася на гародніну. ІСЦ на свежыя памідоры знізіўся на 48,12%, на моркву — на 46,8%, на бульбу — на 37,28%, на капусту — на 36,58%, на свежыя агуркі — на 34,18%, на салодкі перац — на 27,38%, на вінаград — на 21,49%, на цыбулю — на 20,08%, а на плодаагароднінную прадукцыю агулам — на 17,43%.
У параўнанні са снежнем мінулага года мацней за ўсё ІСЦ вырас на маторнае масла. Ён павялічыўся на 63,28%. Запчасткі да транспартных сродкаў падаражэлі на 62,77%, ІСЦ на цукар вырас на 49,815, на цыбулю — на 48,21%, на легкавыя аўтамабілі — на 46,98%, на шампуні — на 45,71%, на мыйныя сродкі для аўто — на 45,08%, на дэзадаранты — на 42,96%, на запалкі — на 42,01%.
Найбольшае зніжэнне коштаў за восем месяцаў адбылося на плодаагароднінную прадукцыю. ІСЦ на яе знізіўся на 10,61% у параўнанні са снежнем, у тым ліку на агуркі — на 78,58%, на капусту — на 62,26%, на памідоры — на 53,35%, на буракі — на 16,87%, на бульбу — на 11,55%, на часнык — на 14,86%.
А значыць, падаражэнні яшчэ наперадзе.