Асноўны артыкул выдаткаў беларусаў — ежа

Абследаванне хатніх гаспадарак паказала, як выраслі спажывецкія выдаткі беларусаў за год.

_minsk_kamarouka_koszty_pradukty_270322_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Спажывецкія выдаткі — гэта грашовыя выдаткі хатніх гаспадарак на харчаванне (у тым ліку грамадскае харчаванне), куплю алкагольных напояў, тытунёвых вырабаў, нехарчовых тавараў і аплату паслуг.

Даныя за 2 квартал гэтага года паказваюць, што кожная хатняя гаспадарка на спажывецкія патрэбы ў сярэднім выдаткоўвае 1225 рублёў у месяц. Гэта амаль 72% ад усіх грашовых выдаткаў сям'і, сведчыць інфармацыя Белстата, адзначае Thinktanks.by.

У параўнанні з 2 кварталам мінулага года спажывецкія выдаткі выраслі на 8,8% у намінале, пішуць Банкі24.

Асноўная доля выдаткаў прыпадае на прадукты харчавання — 469,5 рублёў або 38,3%. У намінале выдаткі на харчаванне павялічыліся на 8,3% — без папраўкі на рост коштаў.

Іншыя артыкулы расходаў сям'і ў месяц:

  •  на жыллё — 124,3 руб.
  •  на транспарт — 124,6 руб.
  •  на інфармацыю і сувязь — 85,1 руб.
  •  на ахову здароўя — 73,9 руб.
  •  на адзенне і абутак — 74,2 руб.
  •  на прадметы ўжытку, бытавую тэхніку і сродкі догляду дома — 68,4 руб.

Розніца паміж спажывецкімі выдаткамі вёскі і горада складае 324 рублі. У горадзе Мінску ў сям'і штомесяц выдаткоўваюць 1545 рублёў, а ў Магілёўскай вобласці — 1072 рублі.

Што тычыцца сацыяльных груп, то выдаткі выглядаюць так:

  • пенсіянеры — 800 BYN
  • малазабяспечаныя сем'і — 705 BYN
  • хатнія гаспадаркі без дзяцей — 1021 BYN
  • хатнія гаспадаркі з дзецьмі да 18 гадоў — 1769 BYN.

Мінск вылучаўся на фоне абласцей па спажывецкіх выдатках у 2 квартале.

Паводле «Беларусы і Рын*к»