Для вытворчасці ракет Patriot ва Украіне трэба толькі «ок» ад Трампа — Зяленскі

Прэзідэнт Украіны заявіў аб поўнай тэхнічнай гатоўнасці да вытворчасці ракет для сістэм СПА Patriot. У Расіі ўзніклыя складанасці з наборам у войска прыводзяць да аблаў, а аграрыі РФ папярэджваюць, што могуць не ўбраць сёлетні ўраджай. Ідуць 1580-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

soc_1346818.png

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 246 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 чэрвеня.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у бок Дабраполля, Гуляйпольскага, Уздвіжаўкі, Варвараўка, Залізнічнага, Раздзянкі, Чароўнага.

На Ліманскім кірунку расіяне 24 разы спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ каля Навасёлаўкі, Ямпалю, Азёрнага і ў бок Лімана, Альгоўкі, Дробышава і Дзібровы.

На Канстанцінаўскім і Пакроўскім кірунках зафіксавана па 21 атацы на кожным.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 16 разоў, паблізу Рызнікаўкі, Каленікаў, Закітнага і ў бок Рай-Аляксандраўкі, Крывой Лукі, Піскунаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 13 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў кірунку Ізбіцкага і ў раёнах Ліману, Старыцы і Ваўчанску.

* * *

У ноч на 22 чэрвеня Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М», а таксама 88 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 79 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

У выніку расійскага ўдару па жылым доме ў Сумскай вобласці раніцай 22 чэрвеня загінулі падлетак, яго бацька і бабуля, а маці і двое іншых дзяцей атрымалі раненні.

Расійскія войскі ўдарылі дронам па сухагрузе Турцыі, у выніку чаго на судне ўспыхнуў маштабны пажар, загінуў марак, астатніх членаў экіпажа ўдалося выратаваць. Усяго за ноч пад варожай атакай аказаліся тры грамадзянскія судны.

У выніку атакі расійскіх беспілотнікаў на Запарожжа па прыватным сектары раненні атрымалі тры чалавекі, яшчэ адна жанчына загінула.

* * * 

728474470_1754453982216206_5470237666428725616_n.jfif

* * *

Кожны новы ўдар па Керчанскім праліве набліжае Крым да лагістычнага калапсу, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У Расіі ёсць два шляхі забеспячэння акупаванага Крыма: «сухапутны мост» праз акупаваныя Данецкую, Запарожскую і Херсонскую вобласці, і Керчанскі мост і паромы. Украіна актывізавала ўдары па абодвух кірунках у чэрвені 2026 года, а ў траўні пачала сістэмна атакаваць «сухапутны мост».

ISW адзначае нядаўнія ўкраінскія ўдары па порце «Каўказ» на касе Чушка ў Краснадарскім краі (адразу на поўнач ад Керчанскага моста) і нафтабазе «ТЭС-Тэрмінал-1» у акупаванай Керчы (менш чым у кіламетры ад Керчанскага моста). Пасля гэтага кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў абвясціў забарону на продаж паліва ўсім недзяржаўным арганізацыям на ўсіх запраўках Крыма.

Энергетычная кампанія «Крымэнерга» 21 чэрвеня ўвяла абмежаванні на спажыванне электраэнергіі, спаслаўшыся на «аварыі на аб’ектах электрасеткі». Паведамлялася аб адключэннях святла ў Армянску, Алушце, Сімферопалі, Севастопалі і Джанкоі.

Камандуючы Войскамі беспілотных сістэм маёр Роберт «Мадзяр» Броўдзі растлумачыў: Украіна планамерна знішчае сістэмы ПВА, скарачае прысутнасць Чарнаморскага флоту на паўвостраве і разбурае лагістыку і энергетыку ў рэгіёне. Мэта — пазбавіць Крэмль магчымасці выкарыстоўваць Крым у якасці плацдарма для новых наступальных аперацый.

* * *

У Расіі пачалася новая хваля прымусовага прызыву мужчын у армію. Пад удар патрапілі тыя, каго прасцей за ўсё запалохаць і пазбавіць магчымасці выбару, паведамляе ўкраінскі партызанскі рух «Атэш».

Па даных руху, Крэмль спусціў рэгіёнам жорсткую дырэктыву па наборы кантрактнікаў. Мясцовыя ўлады актывізавалі работу ваенкаматаў і сілавых структур. Пад удар патрапілі мужчыны з вялікімі даўгамі, чые даныя знаходзяцца ў базах судовых прыставаў, і былыя зняволеныя, якія знаходзяцца пад адміністрацыйным наглядам. Такіх людзей масава затрымліваюць і прымушаюць падпісваць кантракты з УС РФ.

Для гэтага выкарыстоўваюць пагрозы ўзбуджэння новых крымінальных спраў і іншыя метады ціску. У агентурнай сетцы звязваюць гэтую хвалю з вялікімі стратамі расійскай арміі на фронце і недахопам асабовага складу.

Паведамленні аб вулічных аблавах і прымусовай мабілізацыі ў Расіі з’яўляюцца рэгулярна — нягледзячы на афіцыйныя абвяржэнні Крамля. З-за масавых аблаваў жыхары Пензы і Сердобска стварылі Telegram-каналы для адсочвання аблаваў.

Ваенны камісар Пензенскай вобласці Андрэй Суркоў нават пацвердзіў правядзенне вулічных рэйдаў па пошуку ваеннаабавязаных, а УМУС па Пензенскай вобласці прыгразіла тым, хто фіксуе і паведамляе пра рэйды.

* * *

Незадоўга да пачатку ўборачнай кампаніі расійскі аграрны сектар сутыкнуўся з вострым недахопам паліва і рэзкім ростам яго кошту, з-за чаго ўборка ўраджаю аказалася пад пагрозай, піша Цэнтр па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры СНБА Украіны.

Па даных Цэнтра, у рэгіёнах РФ сітуацыя набліжаецца да крытычнай: аграрыі скардзяцца на імклівае падаражэнне паліва і заяўляюць аб недахопе сродкаў для правядзення ўборачнай кампаніі. Прадстаўнікі галіны адкрыта папярэджваюць аб рызыках зрыву ўборкі ўраджаю з-за высокага кошту паліва.

У ЦПД падкрэслілі, што паліўны крызіс у чарговы раз дэманструе сапраўдныя прыярытэты Крамля, які накіроўвае асноўныя рэсурсы на забеспячэнне арміі і ваенна-прамысловага комплексу.

Па ацэнцы структуры пры СНБА, «усе даступныя рэсурсы накіроўваюцца альбо на задавальненне патрэб ваенна-прамысловага комплексу і арміі, альбо на "шэры" экспарт дзеля валютнай выручкі. Грамадзянскі сектар, у прыватнасці сельская гаспадарка, ад якога залежыць дабрабыт насельніцтва, забяспечваецца па астаткавым прынцыпе».

* * *

Украіна валодае ўсімі тэхнічнымі магчымасцямі па вытворчасці ракет для сістэм Patriot. Для пачатку вытворчасці патрабуецца толькі ліцэнзія ад ЗША, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў эфіры тэлемарафону.

Па яго словах, адміністрацыя Трампа «ўсведамляе» гэтае пытанне і заявіла аб гатоўнасці яго вырашыць. «Яны бачаць, што вытворчасць у ЗША складае каля 700 ракет у год. Яны перадалі ліцэнзіі немцам, і немцы цяпер пачалі вытворчасць», — расказаў Зяленскі.

Па словах Зяленскага, Украіна ўжо падпісала з Германіяй кантракт на 600 ракет для Patriot, які ён назваў «добрым кантрактам на сур’ёзную суму», але адзначыў, што пастаўкі — «доўгі працэс».

«Мы дайшлі да таго, што цяпер патрэбны толькі "ОК" асабіста ад Трампа. Усе астатнія згодныя», — заявіў прэзідэнт Украіны, маючы на ўвазе кіраўніцтва еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній-вытворцаў.