Дональд Трамп анансаваў сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім на наступным тыдні. Імаверна, у Вашынгтоне

Украінскія войскі атакуюць на Куршчыне, а Дональд Трамп плануе сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім на наступным тыдні. Верагодна, поспехі на Куршчыне дадуць Зяленскаму моцныя аргументы ў размове з кіраўніком ЗША. Ідзе 1081-шы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

w1200.webp

Расійскія войскі працягваюць атакаваць па ўсёй лініі фронту, гарачэй за ўсё было на Пакроўскім кірунку, усяго за суткі адбылося 123 боесутыкненні, паведамляе ў зводцы 8 лютага Генштаб УСУ.

На Пакроўскім кірунку ўкраінскія абаронцы спынілі 30 штурмавых і наступальных дзеянняў расійскіх войскаў. На Ліманскім і Северскім кірунках расійцы атакавалі па 13 разоў. 

Па 10 атак было адбіта на Купянскім і Тарэцкім кірунках. 9 разоў армія РФ атакавала пазіцыі УСУ на Новапаўлаўскім кірунку.

У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ за мінулыя суткі адбілі 28 атак расійскіх войскаў. 

* * *

Украінскі маніторынгавы праект DeepState паведаміў, што Сілы абароны Украіны прасунуліся ў Курскай вобласці Расіі пад населеным пунктам Чаркаская Канапелька. У той жа час расійскія войскі працягваюць прасоўванне ва Украіне каля Ямпалеўкі, Ступачак, у Тарэцку і Андрэеўцы.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Reuters пацвердзіў, што ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся ў Куршчыне на 2,5 кіламетра. Аднак іншых падрабязнасцяў кіраўнік дзяржавы не раскрыў. Таксама Зяленскі заявіў, што да актыўных баявых дзеянняў на тэрыторыі Курскай вобласці РФ пасля тыднёвай паўзы вярнуліся тысячы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.

У канцы студзеня паведамлялася, што паўночнакарэйскія салдаты былі выведзеныя з лініі фронту на Куршчыне.

* * *

08_4_1.jpg

* * *

Расія ў ноч на 8 лютага запусціла па Украіне 139 ударных БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікаў розных тыпаў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Пацверджана збіццё 67 ударных БПЛА, 71 беспілотнік быў лакальна страчаны.

З-за падзення абломкаў дронаў ёсць пашкоджанні ў Дарніцкім раёне Кіева.

У ноч на 8 лютага дроны атакавалі нафтаперапамповачную станцыю ў прыгарадзе Чарткова Растоўскай вобласці, і нафтаперагонную станцыю ў Кумылжанскім раёне Валгаградскай вобласці. Таксама, па даных SHOT, выбухі прагрымелі ноччу ў Славянску-на-Кубані Краснадарскага краю і ў Растове-на-Доне. У Растове-на-Доне быў атакаваны раён «Сельмаш», дзе размешчаны важныя ваенныя аб'екты: ваенны аэрадром, зенітна-ракетныя комплексы з-400, склады боепрыпасаў і тэхнічныя аб'екты, звязаныя з лагістыкай расійскай арміі.

* * *

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) ацэньваюць сустрэчу Уладзіміра Пуціна і прэм'ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна, адзначаючы, што ўлады Крамля працягваюць інфармацыйную кампанію з мэтай схаваць ступень негатыўнага ўплыву вайны ва Украіне на эканоміку Расіі.

Як адзначае ISW, Мішусцін заявіў, што ВУП Расіі вырас у 2024 годзе на 4,1% у асноўным дзякуючы «інтэнсіўнаму» росту расійскай апрацоўчай прамысловасці — верагодна, маючы на ўвазе нарошчванне абаронна-прамысловай базы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Таксама ён заявіў, што інфляцыя ў Расіі дасягнула 9,52% у 2024 годзе, а Пуцін дэклараваў, што паводле стану на 3 лютага 2025 года інфляцыя складала ўжо 9,9%.

«Аднак рэальная інфляцыя ў Расіі значна вышэйшая, чым афіцыйная статыстыка, якую Крэмль гатовы апублікаваць (некаторыя даследаванні паказваюць на тое, што ўзровень інфляцыі ў Расіі бліжэй да 20 адсоткаў)» — кажуць экспэрты.

Мішусцін адзначыў, што эканамічны рост РФ можа быць менш значным у 2025 годзе, паколькі вельмі важна спыніць інфляцыю і забяспечыць доўгатэрміновы эканамічны рост. «Імаверна, гэта сігнал для падрыхтоўкі расійскага насельніцтва да эканамічных цяжкасцяў у 2025 годзе», адзначаюць эксперты.

Кіраўнікі Расіі не згадалі, што расійскі Цэнтрабанк павысіў працэнтную стаўку да 21% у кастрычніку 2024 года, або пра тое, што Расія выкарыстала сродкі з Фонду нацыянальнага дабрабыту для фінансавання вайны цягам апошніх трох гадоў. Як вынік — ліквідная частка расійскага Фонду нацыянальнага дабрабыту можа скончыцца да восені 2025 года.

* * *

Сустрэча ў фармаце Рамштайн ужо з новым кіраўніком Пентагона Пітам Хэгсетам адбудзецца на наступным тыдні. Сайт Міністэрства абароны ЗША адзначае, што падчас гэтай сустрэчы Піт Хэгсэт абмяркуе з партнёрамі па NATO неабходнасць павелічэння выдаткаў хаўруснікаў на абарону, узмацненне еўрапейскага лідарства і пашырэння магчымасцяў абароннай прамысловай базы па абодва бакі Атлантыкі.

«Ён таксама падкрэсліў неабходнасць узмацнення еўрапейскага лідарства ў пытаннях дапамогі Украіне ў галіне бяспекі», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны ЗША.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў журналістам у Белым доме, што можа правесці сустрэчу з украінскім візаві Уладзімірам Зяленскім ужо на наступным тыдні. «На наступным тыдні я, верагодна, сустрэнуся з Зяленскім. І я, верагодна, буду размаўляць з Пуціным», — сказаў ён.

Пазней на ўдакладненне журналістаў, як можа адбыцца сустрэча з Зяленскім, Трамп сказаў: «Можа быць у Вашынгтоне. Я туды (у Еўропу. — Рэд.) не збіраюся».