Украіна прарвала расійскую абарону і наступае ў Курскай вобласці
Паводле незалежных аналітыкаў, украінскія войскі правялі серыю механізаваных атак у Курскай вобласці і прарваліся на глыбіню да 5 кіламетраў за расійскую лінію абароны. На гэтым фоне абмяркоўваецца візіт у Кіеў спецпрадстаўніка Трампа па Украіне і Расіі Кіта Келага. Ідзе 1080-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
![Фота: Генштаб УСУ Фота: Генштаб УСУ](/img/v1/images/403873076_694062166240198_4288671818382419587_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: Генштаб УСУ
Усяго за мінулыя суткі на фронце ва Украіне адбылося 101 боесутыкненне. Расійцы ўвесь час наступаюць пад Пакроўскам — там было 36 штурмаў, а таксама актывізавалі атакі на Ліманскім кірунку, дзе адбылося 20 баёў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 лютага.
На Тарэцкім кірунку войска РФ ажыццявіла 13 атак у раёнах Дыліеўкі і Тарэцка. На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 8 атак. На Купянскім кірунку расійцы спрабавалі атакаваць 5 разоў.
У Курскай вобласці Расіі войскі Украіны правялі контрнаступленне, за мінулыя суткі адбілі 5 атак расійцаў. Армія РФ нанесла 47 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, выкарыстаў 76 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ўкраінскія войскі правялі новую серыю механізаваных атак у Курскай вобласці і прарваліся на глыбіню да 5 кіламетраў за расійскую лінію абароны на паўднёвы ўсход ад Суджы. УСУ правялі штурмы з прыцягненнем ад 30 да 50 адзінак бронетэхнікі і мелі поспех ля некалькіх вёсак на Куршчыне.
Расійскія ваенныя журналісты паведамляюць, што УСУ маглі захапіць Чаркаскую Канапельку, Уланак і Фанасееўку, аднак геалакацыйныя кадры пакуль не пацвярджаюць наяўнасць там украінскіх войскаў.
* * *
У ноч на 7 лютага Расія ўжыла супраць Украіны 112 ударных дронаў тыпу Shahed і беспілотнікаў розных тыпаў. Сілы СПА працавалі ў 13 абласцях краіны, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны.
Пацверджана збіццё 81 беспілотніка, 31 БПЛА лакальна страчаныя без негатыўных наступстваў. У выніку атакі пацярпелі Сумская, Кіеўская і Хмяльніцкая вобласці.
* * *
Расійскі самалёт «згубіў» ракету ў Белгарадскай вобласці: Х-59 звалілася непадалёк адной з вёсак, паведамляе Telegram-канал Astra. Ракету X-59 нашліў поле ля вёскі Старасельцава Валаконаўскага раёна Белгарадскай вобласці 3 лютага. Як заявілі расійскія вайскоўцы яна, «няштатна сышла з расійскага самалёта». Пацярпелых няма.
* * *
![07_10_1.jpg 07_10_1.jpg](/img/v1/images/07_10_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1738916966&w=528)
* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны звярнулі ўвагу на апытанне падкантрольнага Крамлю Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (УЦДГМ), дзе большасць — 67% апытаных расійцаў — падтрымліваюць вайну супраць Украіны, а 65% лічаць, што баявыя дзеянні «ідуць добра» для РФ.
Дырэктар па палітычных даследаваннях УЦДГМ Міхаіл Мамонаў адзначыў, што грамадскасць імкнецца да хутчэйшага завяршэння канфлікту і падтрымлівае захады, якія будуць спрыяць гэтаму. У той жа час ён прызнаў наяўнасць расчаравання сярод насельніцтва з-за ваенных няўдач, у прыватнасці, з-за ўкраінскіх уварванняў у Курскую вобласць, павольнага прасоўвання расійскіх войскаў па тэрыторыі Украіны і эканамічных цяжкасцяў.
Аднак аналітыкі ISW лічаць вынікі УЦДГМ сумніўнымі. «Высновы УЦДГМ, верагодна, адлюстроўваюць погляды і наратывы Крамля і могуць завышаць рэальны ўзровень падтрымкі вайны сярод насельніцтва. Гэтыя вынікі апублікаваныя на фоне росту страт, супярэчнасцяў у расійскім камандаванні і значнай эканамічнай нагрузкі на расійскую эканоміку праз вайну», — адзначаюць у ISW.
* * *
Пасол Украіны ў ЗША Аксана Маркарава правяла першую афіцыйную сустрэчу са спецыяльным прадстаўніком ЗША па Украіне і Расіі генералам Кітам Келагам. Паводле яе слоў, сустрэча адбылася пры ўдзеле ўкраінскіх дыпламатаў і ваенных прадстаўнікоў, у прыватнасці, аташэ па пытаннях абароны Украіны Барыса Крамянецкага і яго намесніка Дзяніса Сініка. «Не першая наша сустрэча з генералам кітам Келагам у цэлым, але першая ў яго афіцыйным статусе спецпрадстаўніка па Украіне і Расіі, на якую яго прызначыў прэзідэнт Трамп 3 лютага. Правялі грунтоўную дыскусію са спецпрадстаўніком і яго камандай», — адзначыла Маркарава.
Таксама кіраўнік Офіса прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Андрэй Ярмак правёў тэлефонную размову з кітам Келагам. Яны абмеркавалі маючы адбыцца візіт спецпрадстаўніка ва Украіну.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп гатовы падвоіць санкцыі, каб прымусіць Расію спыніць вайну супраць Украіны, заявіў ягоны спецпрадстаўнік у пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг у інтэрв'ю Тhe New York Post.
Па словах Келага, цяпер санкцыі супраць Расіі па ступені «хваравітасці эканамічнага ціску» знаходзяцца прыкладна на ўзроўні 3 балаў па 10-бальнай шкале. Санкцыі ЗША — напрыклад, тыя, што нацэленыя на прыбытковы энергетычны сектар Расіі — фармальна ўдвая вышэй, але ўсё яшчэ ёсць прастора для іх узмацнення.
«Сапраўды магчыма ўзмацніць санкцыі — асабліва апошнія санкцыі (супраць здабычы і экспарту нафты). Гэта адкрывае шырокія магчымасці, каб нешта зрабіць. І калі хтосьці і разумее рычагі ўплыву, то гэта прэзідэнт Дональд Трамп», — сказаў ён.
Келаг дадаў, што Украіне трэба будзе працягваць ваенны ціск на Расію да пачатку перамоваў і раскрытыкаваў стратэгію былога прэзідэнта Джо Байдэна, які паабяцаў аказваць Украіне дапамогу «столькі, колькі трэба», не ўзмацняючы пры гэтым ціск на іншыя элементы расійскай улады. «Гэта не стратэгія, гэта налепка на бампер», — сказаў Келаг, запэўніўшы, што Трамп дзейнічае інакш.
Паводле яго, Трамп засяроджаны на прымяненні «цэласнага падыходу» да спынення жорсткіх баявых дзеянняў.