Генерал NATO: Еўропа «ні ў якім разе не можа разлічваць на Амерыку як на хаўрусніка»
Трамп, падобна, усё ж такі разбурыў існуючую на Захадзе сістэму бяспекі. Былы камандуючы войскамі NATO генерал сэр Рычард Шырэф заявіў, што цяпер Еўропа не можа разлічваць на ЗША як на хаўрусніка «ні ў якім разе». Гэта значыць, Еўропа не сумняецца, што Трамп яе кіне, як Украіну. А вось у Кітаі і Іране спрэчку Трампа і Зяленскага ўспрынялі як паразу ЗША. Аднак не ўсё так кепска.

Ідзе 1105-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расі супраць Украіны, пры падтрымцы і саўдзеле ў гэтай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. За мінулыя суткі зафіксавана 101 баявое сутыкненне.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 21 штурм расіян у раёнах Прамяня, Праабражэнкі, Котліна, Улаклаў і Андрэеўкі.
На Ліманскім і Тарэцкім кірунках расіяне атакавалі па 13 разоў на кожным. На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ сем разоў атакавала пазіцыі абаронцаў Украіны.
У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні сіл абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 29 атак арміі РФ.
* * *
Нягледзячы на працяглыя гарадскія баі ў Тарэцку і Часавым Яры сітуацыя там застаецца складанай. Расійцы спрабуюць абысці Часаў Яр з поўначы, але ўкраінскія войскі працягваюць трымаць абарону, паведаміў спікер аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Хорціца» Віктар Трэгубаў.
«Тарэцк і Часаў Яр — гэта вельмі доўгае і складанае пекла. У абодвух гарадах гарадскія баі ідуць доўга, месяцамі, амаль год у выпадку Часавага Яра. Варта разумець, што гэта штодзённы жах, але аднак гэтыя гарады трымаюцца», — сказаў Трэгубаў.
З ягоных слоў, у Часавым Яры расійцы спрабуюць абысці горад з поўначы, але поспеху не дасягаюць. Аднак асобныя пазіцыі проста не вытрымліваюць і ўкраінскія войскі вымушаныя адыходзіць.
Тарэцк Данецкай вобласці працягвае заставацца пад кантролем сіл абароны Украіны.
* * *
Расійскія тэлеграм-каналы паведамілі пра выбухі ў Растоўскай вобласці ўвечары панядзелка, 3 сакавіка, нібыта праз атаку дронаў. Таксама паведамляецца пра пажар на тэрыторыі нафтабазы ў Чарткаўскім раёне.
Паводле паведамленняў расійскіх паблікаў, у расійскай Сызрані Самарскай вобласці беспілотнікі таксама атакавалі НПЗ. Жыхары Сызрані паведамілі пра выбухі ў раёне мясцовага НПЗ. Паводле папярэдніх звестак, расійская сістэма СПА нібыта збіла некалькі паветраных цэляў.
* * *
Спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW), прааналізаваўшы сабраныя звесткі, паказваюць на тое, што расійскае войска павялічвае колькасць і нарошчвае эфектыўнасць дронаў і ракет, каб здушыць украінскую супрацьпаветраную абарону.
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі генерал-маёр Вадзім Скібіцкі заявіў, што расійскія сілы запускаюць ракеты з некалькіх розных кірункаў, а таксама ад 150 да 200 беспілотнікаў падчас адной начной серыі ўдараў для таго, каб перагрузіць украінскія сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Экспэрты адзначаюць, што павелічэнне колькасці беспілотнікаў у начных расійскіх нападах паказвае на тое, што Расія, хутчэй за ўсё, пакуль не сутыкаецца з унутранымі абмежаваннямі ў вытворчасці беспілотнікаў «Шахед» і імітатараў, а таксама з абмежаваннямі ў іранскіх камплектуючых для вытворчасці «Шахедаў».
Таксама, згодна з прааналізаванымі ISW звесткамі, расійская вытворчасць ракет істотна не павялічылася, але расійскія войскі, відавочна, аддаюць прыярытэт вытворчасці варыянтаў ракет і беспілотнікаў, якія з'яўляюцца больш эфектыўнымі супраць украінскай супрацьпаветранай абароны.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыпыняе вайсковую дапамогу Украіне пасля сваркі з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім. Адпаведную інфармацыю пацвердзіў прадстаўнік Белага дома.
Паставіць працэс на паўзу Трамп загадаў міністру абароны ЗША Піту Хегсету. Усё вайсковае абсталяванне ЗША, якое цяпер не знаходзяцца ва Украіне, будзе прыпыненае. У тым ліку тая зброя, якая знаходзіцца ў дарозе на самалётах і караблях, альбо тая, якая чакае адпраўкі ў транзітных зонах у Польшчы.
* * *
Сітуацыя для Украіны ў вайне з Расіяй не будзе безнадзейнай, нават калі ЗША спыняць наданне дапамогі, заявіў у інтэрв'ю Times Radio заявіў былы камандуючы войскамі NATO генерал сэр Рычард Шырэф.
Шырэф патлумачыў, што ваенны патэнцыял Расіі працягвае высільвацца. У прыватнасці, у краіны-агрэсара «вельмі, вельмі мала» ваеннай тэхнікі, і для вядзення вайны яна звяртаецца да выкарыстання «грамадзянскіх фургонаў, калясак для гольфа і нават аслоў».
«А калі яшчэ прыняць да ўвагі расійскую эканоміку, а ў эфіры Times Radio многія казалі, што расійская эканоміка падобная на дзіравы карабель і трымаецца на плаву толькі за кошт адчайных захадаў», — адзначыў генерал.
Ён падкрэсліў, што спыненне агню паміж Украінай і Расіяй наступіць толькі тады, калі Маскву прымусяць пайсці на такі крок. «Расія ўжо дала зразумець, што не збіраецца адступаць ні ад адной са сваіх мэтаў», якія заключаюцца ў «анэксіі чатырох украінскіх абласцей і пастаяннай нейтралізацыі астатняй часткі краіны», — нагадаў Шырэф.
На ягоную думку, Еўропа ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны «ні ў якім разе не можа разлічваць на Амерыку як на хаўрусніка».
* * *
Кітай адрэагаваў на канфлікт Трампа і Зяленскага ў Авальным кабінеце Белага дома. На прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 3 сакавіка спікер МЗС КНР Лін Цзянь заявіў, што ў Пекіне «звярнулі ўвагу» на гэтыя паведамленні. І дадаў, што «быць хаўруснікам Вашынгтона небяспечна для жыцця».
Раней лідар Ісламскай Рэспублікі Іран аятала Алі Хаменеі апублікаваў допіс у сетцы Х на ўкраінскай мове, напісаўшы, што «падтрымка з боку Захаду — міраж» і заклікаў «рабіць высновы».
* * *
Найбуйнейшыя еўрапейскія дзяржавы падтрымліваюць намаганні па канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў на суму больш за 200 мільярдаў еўра, распрацоўваючы планы па пагадненні аб спыненні агню ва Украіне, піша Financial Times.
Па звестках выдання, Францыя і Германія, якія доўгі час выступалі супраць поўнай канфіскацыі актываў, якія знаходзяцца ў ЕС, абмяркоўваюць з Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі шляхі іх выкарыстання.
Французскія чыноўнікі абмяркоўвалі прапанову еўрапейскіх краін канфіскаваць гэтыя актывы, калі Масква парушыць будучае пагадненне аб спыненні агню ва Украіне. Гаворка ідзе пра намаганні ў рамках гарантый бяспекі для Кіева ў выпадку заключэння пагаднення аб спыненні агню. Прыхільнікі гэтай ідэі бачаць прывязку замарожаных актываў да захавання Расіяй магчымага пагаднення спосабам ціску на Маскву і гарантый для Украіны.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Масквы ва Украіну ў 2022 годзе саюзнікі з G7 замарозілі каля 300 млрд еўра актываў Цэнтральнага банка Расіі, пераважная большасць з якіх — каля 190 млрд еўра — знаходзіцца ў бельгійскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер Euroclear, а меншыя сумы захоўваюцца ў Францыі, Вялікабрытаніі, Японіі, Швейцарыі і ЗША.
Цяпер даход ад гэтых актываў — пераважна наяўных і дзяржаўных аблігацый — выкарыстоўваецца для выплаты краінамі «Вялікай сямёркі» крэдытаў, прадстаўленых Украіне на суму $50 млрд, але базавых актываў гэта не тычыцца.