«Гэта якісьці сорам». Расійскія Z-блогеры абвінавацілі Мінабароны РФ у фальсіфікацыях
Зразумела, адкуль Пуцін бярэ свае дзіўныя лічбы «перамог» на фронце — яму дакладаюць так, што абураюцца нават Z-блогеры. У іншай частцы свету абураюцца дзеяннямі прэзідэнта ЗША. Але пакуль зрабіць таму нічога не могуць. Што будзе, калі гэтыя абурэнні дасягнуць максімуму? Ідуць 1698-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages
Напрацягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 250 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 кастрычніка.
На Купянскім кірунку расійцы 18 разоў праводзілі наступальныя дзеянні ў бок Радзькоўкі, Новаасінавага, Купянска і Курылаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 20 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Мікалаеўкі, Райскага, Грузкага, Вольнага, Навагрыгораўкі і Кучарава Яру.
На Пакроўскім кірунку адбіта 31 атака ў бок населеных пунктаў Дабраполле, Дарожнае, Ганнаўка, Чарнігаўка, Вадзянскае, Чырвонападдолле, Мірнае, Сяргееўка, Маладзецкае, Мікалаеўка, Мураўка і Навапаўлаўка.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне 19 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Раздзянка, Долінка, Горкае, Чароўнае і Ягораўка.
На Арэхаўскім кірунку зафіксавана дзевяць атак, на Ліманскім кірунку — восем.
* * *
Адразу некалькі расійскіх ваенкораў публічна абвінавацілі начальніка Генштаба УС РФ Валерыя Герасімава ў хлусні, піша РБК-Украіна.
Герасімаў дакладаў Пуціну пра «поўны захоп» горада Дабраполле і шэрагу іншых населеных пунктаў Данецкай вобласці. Ён заявіў, што горад, які з'яўляецца адным з важных лагістычных вузлоў украінскай абароны, «вызвалены» войскамі групоўкі «Цэнтр».
Пуцін адразу ахрысціў гэта «заўважнай падзеяй», якая адкрывае шлях да «межаў ДНР».
На гучныя заявы Герасімава і Пуціна з іроніяй адрэагаваў вядомы расійскі блогер «Ваенны інфарматар»: «Герасімаў даклаў пра вызваленне Дабраполля, Аляксеева-Дружкоўкі, Сяргееўкі і заканчэнне знішчэння 2-тысячнай групоўкі УСУ, акружанай у Харкаўскай вобласці <...> Разбіраць усё гэта проста няма сэнсу».
Z-канал заявіў, што відэа Мінабароны РФ, якое павінна было даказаць кантроль расійскіх войскаў над горадам, створана з дапамогай нейрасеткі.
«Пыпе (Пуціну — рэд.) зноў прадалі чарговы Святагорск і Купянск. Гэта якісьці сорам» — абурыўся іншы Z-блогер Alex Parker Returns.
* * *
З вечара 17 кастрычніка расіяне атакавалі Украіну 1 балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 180 ударнымі БпЛА розных тыпаў; 152 дроны ўдалося абясшкодзіць. Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны знаходзяцца каля дзесяці ворагавых БпЛА, папярэджваюць Паветраныя сілы УСУ ў Telegram.
У ноч на 18 кастрычніка расіяне ў чарговы раз атакавалі Запарожжа. Адбылося трапленне ў жылы дом, у выніку чаго загінула 27-гадовая жанчына.
У ноч на 18 кастрычніка расійская армія атакавала горад Ізюм Харкаўскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі тры чалавекі.
У выніку трапляння расійскага дрона ў раёне прыватных жылых дамоў у Палтаве загінуў чалавек, яшчэ 4 пацярпелі.
У ноч на нядзелю, 18 кастрычніка, расійскія ўлады заявілі, што Ленінградскую вобласць атакавалі больш за 100 дронаў, гарыць «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал» і фіксуюцца перабоі з электразабеспячэннем.
Расійскі маркетплейс Ozon заявіў пра атаку на адзін са сваіх лагістычных цэнтраў у горадзе Санкт-Пецярбург уначы 18 кастрычніка.
Невядомы аб'ект мог парушыць паветраную прастору Польшчы ў ноч на нядзелю, праз што паблізу Любліна працягваецца пошукавая аперацыя.
Вечарам 17 кастрычніка румынскія знішчальнікі F-16 збілі два дроны над тэрытарыяльнымі водамі Румыніі ў Чорным моры. У Мінабароны краіны паведамілі, што гаворка ідзе пра беспілотнікі тыпу «Герань» з рэактыўным рухавіком. Румынія склікала спецыяльнае пасяджэнне Паўночнаатлантычнага савета, на якім будуць абмяркоўвацца пытанні абароны і стрымання ў Чорным моры.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго рашэнне пра адмену санкцый супраць Расіі «вельмі добрае» і «будзе карысным» як для ЗША, так і для ўсяго свету.
Журналісты запыталі Трампа пра яго рашэнне адмяніць санкцыі супраць Расіі. Ён адказаў, што «многія з вас яшчэ не ведаюць, якім менавіта з'яўляецца маё рашэнне».
«Гэта вельмі добрае рашэнне, і яно будзе карысна для краіны, а таксама, на мой погляд, для ўсяго свету, бо мы сапраўдна знаходзімся на сусветнай арэне», — заявіў Трамп.
У сваіх тлумачэннях Трамп згадаў вайну з Іранам, якая, па яго словах, «праходзіць паспяхова» і заявіў, што нядаўна яго краіна «была мёртвай», а цяпер яна — «самая дынамічная краіна ў свеце».
* * *
Хоць раптоўнае рашэнне Трампа адмяніць санкцыі супраць Расіі і выклікала велізарнае абурэнне сярод членаў Кангрэса, але хуткага адказу на дзеянні Дональда Трампа чакаць не варта, адзначае Associated Press.
Раней амерыканскія заканадаўцы пераважнай большасцю галасоў (86 галасамі супраць 11) прынялі «закон Ліндсі Грэма», прадэманстраваўшы двухпартыйную падтрымку Украіны ў вайне супраць Расіі. Аднак Трамп заблакаваў яго ўвядзенне.
«Гэта больш чым безадказна, — напісаў у сацыяльных сетках сенатар-рэспубліканец Том Ціліс. — Гэта проста недапушчальна, што цяперашняя адміністрацыя капітулюе перад расійскім дыктатарам, які незаконна ўварваўся ва Украіну».
Сенатар-рэспубліканец Джон Корнін сказаў, што «Ліндсі быў бы шакаваны».
Лідар дэмакратаў у Сенаце Чак Шумер заявіў, што «аказваючы расійскай эканоміцы падтрымку, здзелка Трампа з д'яблам становіцца ўсё больш бруднай».
Дэмакратка Элізабет Уорэн заявіла, што Трамп «дэманстратыўна ігнаруе» Кангрэс і «дазваляе Пуціну працягваць яго захопніцкую вайну». Яна заклікала сваіх калег прыняць меры, каб змяніць гэты курс.
Аднак у публікацыі гаворыцца, што «далейшае развіццё падзей застаецца вельмі нявызначаным, паколькі Палата прадстаўнікоў і Сенат знаходзяцца на канікулах да заканчэння выбараў. Трамп заявіў, што адмяняе санкцыі на нявызначаны тэрмін, спасылаючыся на меркаванні нацыянальнай бяспекі. Малаверагодна, што Кангрэс зможа прыняць якія-небудзь меры ў адказ на дзеянні Трампа, пакуль заканадаўцы не вернуцца ў Вашынгтон».
* * *
Адмена маштабных санкцый супраць расійскіх энерганосьбітаў, прадугледжаных «законам Ліндсі Грэма», працягнецца 60 дзён, заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё.
Як піша Reuters, Рубіё паведаміў, што Трамп мае намер выкарыстаць гэты тэрмін, каб ацаніць эканамічныя наступствы гэтага кроку.
«Думаю, прэзідэнт хоча выкарыстаць гэты 60-дзённы перыяд, каб прааналізаваць, да якіх наступстваў для сусветнай эканомікі – і нават для эканомікі ЗША – прывядзе ўвядзенне санкцый і пошлін», – заявіў ён.
Ён адзначыў, што сітуацыю ўскладняе тое, што «Акт Грэма» прадугледжвае не толькі санкцыі супраць Расіі, але і пошліны на тавары з краін, якія імпартуюць расійскія энергарэсурсы. У якасці прыкладу Рубіё прывёў Індыю – важнага партнёра ЗША, які па-ранейшаму моцна залежыць ад расійскай нафты.
Рубіё таксама выступіў у абарону асобнага пагаднення ЗША з Расіяй, накіраванага на павелічэнне паставак дызельнага паліва на сусветныя рынкі. «Гэта паліва ў любым выпадку будзе прададзена. Розніца толькі ў тым, якая яго частка дастанецца ЗША», – сказаў Рубіё.