Пуцін перабольшыў поспехі сваёй арміі ў вайне з Украінай у 45 разоў
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін працягвае жыць у выдуманым ім свеце, заяўляючы пра віртуальныя поспехі расійскай арміі на фронце. Але яго выдуманы свет прымушае яго працягваць вайну. У ЗША, падобна, пачынаецца супрацьстаянне Трампа і Кангрэса, а Еўропа ўжо рыхтуецца да міру ва Украіне. Ідуць 1697-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне адбылося 238 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 кастрычніка.
На Паўночна-Слабажанскім кірунку адбылося 12 баявых сутыкненняў у раёнах Навадзмітраўкі, Таўстадубавага, Малой Слабодкі, Бунячынага, Дарашоўкі, Нескучнага, Шпіля, Графскага, Садкоў і Могрыцы.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана 25 баявых сутыкненняў каля Старыцы, Малой Ваўчай, Чугуаўкі і Радзькоўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 баявых сутыкненняў у раёнах Канстанцінаўкі, Доўгай Балкі, Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Аляксеева-Дружкоўкі, Мікалаеўкі і Навапаўлаўкі.
30 атак адбіта на Пакроўскім кірунку ў раёнах населеных пунктаў Тарэцкае, Грузкае, Вольнае, Кучараў Яр, Светлае, Дабраполле, Сяргееўка, Маладзецкае, Навапаўлаўка і Мар'еўка.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 13 атак расіян у раёнах населеных пунктаў Ваздвіжаўка, Роўнае, Андрэеўка, Капані, Чароўнае і Ягораўка.
* * *
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін падчас нарады з ваенным камандаваннем 16 кастрычніка заявіў пра нібыта захоп 6500 кв. км тэрыторыі Украіны ў гэтым годзе, пішуць расійскія СМІ.
Па словах Пуціна, з пачатку года расійскія войскі захапілі каля 6,5 тыс. квадратных кіламетраў тэрыторыі Украіны і 310 населеных пунктаў. Пры гэтым, пад кантролем Украіны застаюцца нібыта толькі каля 10% Данецкай вобласці і 16,5% Запарожскай вобласці.
Гэтая заява супярэчыць даным украінскага Генштаба, незалежных аналітыкаў і нават расійскіх Z-ваенкораў.
Па даных аналітычнага праекта DeepState, расійскія войскі акупавалі каля 21,3 тыс. квадратных кіламетраў Данецкай вобласці, гэта прыкладна 80% яе тэрыторыі. Пад кантролем Украіны каля 20% Данецкай вобласці, гэта удвая больш, чым сцвярджаў Пуцін. У Запарожскай вобласці, па даных DeepState, пад расійскай акупацыяй знаходзіцца 65,4% тэрыторыі, а не 83,5%, як заявіў Пуцін.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пацвярджае даныя DeepState. Па падліках ISW, на 1 кастрычніка пад кантролем Украіны знаходзіцца 5382 квадратныя кіламетры Данецкай вобласці, гэта каля 20% яе тэрыторыі.
Па даных ISW, па выніках дзевяці месяцаў чысты прырост акупаванай расійскай арміяй тэрыторыі склаў 144,51 кв. км, а не 6500, як заявіў Пуцін.
* * *
У ноч на 17 кастрычніка Расія атакавала Украіну балістыкай, крылатымі ракетамі, “Калібрамі” і 332 ударнымі дронамі, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Расіяне выкарысталі:
- балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/KN-23;
- крылатыя ракеты Х-22/32;
- крылатыя ракеты марскога базавання «Калібр»;
- 332 ударных беспілотніка тыпу Shahed, S-8000 «Бандэроль», Гербера, дроны-імітатары тыпу «Пародыя».
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 293 мэты: 4 крылатыя ракеты «Калібр» і 289 БПЛА.
У Харкаве ў выніку расійскіх ракетных удараў увечары 16 кастрычніка пацярпелі 15 чалавек, сярод іх трое дзяцей.
Расійская армія нанесла авіяўдары па Херсоне, у выніку чаго загінуў кіроўца «хуткай дапамогі», 13 чалавек атрымалі раненні, з іх двое — дзеці.
У Вінніцы расійская атака пашкодзіла грамадзянскую інфраструктуру. Горад застаўся без святла, крытычна важная інфраструктура працуе на рэзервовым сілкаванні.
Па даных маніторынгавых каналаў, у ноч на 17 кастрычніка на працягу 20 хвілін расіяне выпусцілі каля 24 ракет па Крывым Рогу і Запарожжы. У выніку атакі на Запарожжа зменшага двое чалавек атрымалі раненні.
У Крывым Рогу расіяне нанеслі ўдары па прамысловым прадпрыемству. Інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, згодна з якім адмяняюцца некаторыя санкцыі, абмежаванні і пошліны ў дачыненні да Расіі, прадугледжаныя «законам Грэма», піша Bloomberg са спасылкай на ўказ Трампа на сайце Белага дома.
«…гэтым я адмяняю прымяненне любых пошлін, прадугледжаных артыкуламі 112 і 113 "закона Грэма" або гэтым указам. Я прадставіў у Кангрэс пацвярджэнне таго, што такая адмова адпавядае нацыянальным інтарэсам Злучаных Штатаў», — заявіў Трамп.
Як адзначае Bloomberg, Трамп адмяніў пошліны, звязаныя з экспартам расійскіх энерганосьбітаў, прадугледжаныя «законам Грэма», які ён падпісаў у мінулым месяцы, бо гэтыя меры ўскладнялі яго здзелку з Расіяй па дызельным паліве.
Трамп скарыстаўся палажэннем пра выключэнне, прадугледжаным законам, які быў ініцыяваны нябожчыкам сенатарам Ліндсі Грэмам у якасці адказу Расіі за ўварванне ва Украіну. Гэты закон таксама замацаваў і пашырыў санкцыі, накіраваныя супраць Масквы.
Адмова ад пошлін рызыкуе выклікаць новы супраціў з боку членаў Кангрэса, у прыватнасці многіх рэспубліканцаў, якіх абурыла рашэнне ў дачыненні да расійскага дызельнага паліва, адзначае выданне.
* * *
Член Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША, дэмакрат Грэгары Мікс прадставіў двухпартыйны законапраект, мэта якога — заблакаваць пагадненне Трампа паміж ЗША і Расіяй пра дызельнае паліва, паведамляецца на сайце Камітэта Палаты прадстаўнікоў ЗША па замежных справах.
Законапраект забараняе Амерыканскай карпарацыі міжнароднага развіцця (DFC) інвеставаць у расійскую энергетыку; анулюе агульныя ліцэнзіі, выдадзеныя Упраўленнем па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША, і забараняе выдачу новых ліцэнзій; а таксама абавязвае адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўвесці санкцыі супраць расійскай энергетыкі.
Сярод суаўтараў дакумента названыя 17 членаў Палаты прадстаўнікоў.
«У час, калі Злучаныя Штаты павінны былі б узмацняць ціск на Крэмль, Дональд Трамп грае з Пуціным і заключае пагадненні дзеля ўласнага абагачэння, замест таго каб падтрымаць Украіну. Гэта супярэчыць усяму, што адстойваюць Злучаныя Штаты. Кангрэс павінен дзейнічаць. Кожны член Кангрэса, які заяўляе, што абураны гэтым, павінен далучыцца да прыняцця гэтага законапраекта», — заявіў Мікс.
* * *
У лістападзе ў Польшчу прыбудуць не менш за 1500 ваенных з Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Польшчы. Яны будуць адпрацоўваць сцэнар разгортвання еўрапейскіх сіл ва Украіне пасля магчымага спынення агню, пішуць The Times і Daily Mail.
Падчас вучэнняў ваенныя будуць адпрацоўваць перамяшчэнне войскаў і дастаўку неабходных запасаў, уключаючы паліва і харчаванне.
Мэта вучэнняў — падрыхтаваць еўрапейскія краіны да магчымага разгортвання ваеннага кантынгенту ва Украіне пасля спынення баявых дзеянняў. У гэтым сцэнары замежныя сілы павінны стаць элементам стрымання Расіі.
Міністр абароны Вялікабрытаніі Вэс Стрытынг пацвердзіў, што ў наступным месяцы тысячы ваенных прымуць удзел у маштабных вучэннях у Польшчы. Па яго словах, яны павінны дапамагчы падрыхтавацца да ваеннай падтрымкі і пасляваеннага аднаўлення Украіны.