Калі Трамп зняў санкцыі з расійскага дызелю, Пуцін адразу адпрэчыў магчымасць мірных перамоў
Ужо сто разоў казалі пра тое, што дыктатары разумеюць толькі сілу, а саступкі ўспрымаюць як слабасць. Як толькі Трамп зняў санкцыі з расійскага дызелю, Пуцін у размове з Трампам адразу адпрэчыў магчымасць мірных перамоў з Украінай, пацвердзіў жаданне ваяваць да дасягнення «усіх мэтаў», і заявіў пра «поспехі РФ на фронце», якіх няма. Ідуць 1690-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 218 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 кастрычніка.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 18 атак расіян у раёнах Бугаеўкі, Ізбіцкага, Графскага, Ваўчанска, Варвараўкі і Вадзянога.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 16 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Іллінаўкі і Мікалаеўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 атакі ў раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і Навапаўлаўкі, а таксама ў кірунках Ганнаўкі, Уладзіміраўкі, Вольнага, Дабраполля, Радзінскага, Біліцкага, Новага Донбаса, Чырвонападдолля, Дарожнага, Мірнага і Васільеўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбіта 12 атак у раёнах Касаўцава, Раздзянкі і Шырокага.
На Паўночна-Слабажанскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па восем атак на кожным.
* * *
У ноч на 10 кастрычніка Расія атакавала Украіну 160 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (110 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 117 БпЛА тыпу Shahed (82 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронаў іншых тыпаў.
Раніцай 10 кастрычніка расійскія войскі нанеслі ўдар кіруемымі авіябомбамі па пяціпавярховым жылым доме ў Запарожжы. У выніку атакі загінулі сем чалавек, яшчэ 10 атрымалі раненні.
Раніцай 10 кастрычніка супрацьпаветраная абарона збіла паблізу Львова расійскі рэактыўны беспілотнік, які перад гэтым заляцеў на тэрыторыю горада. Гэта першы вядомы выпадак, калі рэактыўны расійскі БПЛА заляцеў непасрэдна на тэрыторыю Львова.
Расійскія войскі вечарам у чацвер, 8 кастрычніка атакавалі «Шахедам» Івана-Франкоўск. У выніку падзення абломкаў загінуў чалавек.
* * *
* * *
Трамп заключыў здзелку з Пуціным па дызелі з-за нежадання Украіны спыніць удары па НПЗ, піша выданне Axios са спасылкай на дасведчанага аб сітуацыі амерыканскага высокапастаўленага чыноўніка.
Па словах чыноўніка, рашэнне Трампа было прынята пасля таго, як Зяленскі праігнараваў паўтузіны просьбаў спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах: «Зяленскі казаў Трампу і яго пасланнікам Стыву Уіткафу і Джарэду Кушнеру, што гатовы спыніць атакі на расійскія НПЗ, калі расіяне спыняць удары па ўкраінскіх электрастанцыях».
Аднак, па словах амерыканскага чыноўніка, Трамп хацеў, каб Украіна ў аднабаковым парадку спыніла атакі на расійскія НПЗ, паколькі прэзідэнт ЗША не лічыў удары па расійскіх НПЗ раўнацэннымі расійскім абстрэлам энергасістэмы Украіны.
Варта адзначыць, што раней такую пазіцыю Трампа абвяргаў прэзідэнт Украіны. А «энергетычнае перамір’е» адпрэчыла Расія.
Украінскі чыноўнік заявіў Axios, што Уіткаф і Кушнер пагражалі адрэзаць Украіну ад амерыканскіх разведданых у выпадку працягу ўдараў. Амерыканскі чыноўнік абверг, што такія пагрозы гучалі, і заявіў, што ЗША з'яўляюцца надзейным партнёрам, які надае боепрыпасы і разведданыя.
У пятніцу вечарам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным і дамовіўся з ім аб пастаўках мільёнаў тон расійскага дызельнага паліва ў ЗША. Адразу пасля гэтага Міністэрства фінансаў ЗША праз Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) выдала генеральную ліцэнзію №135, якая дазваляе аперацыі па продажы, дастаўцы, разгрузцы і імпарце дызельнага паліва расійскага паходжання ў Злучаныя Штаты тэрмінам да 17 красавіка 2027 года.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі рэзка раскрытыкаваў такія дзеянні Трампа, назваўшы зняцце санкцый «абсалютна жудасным крокам». Ён падкрэсліў, што гэта «падарунак Пуціну на дзень нараджэння» забяспечыць агрэсара дадатковымі мільярдамі на працяг вайны.
* * *
Памочнік расійскага лідара Юрый Ушакоў заявіў, што Уладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам адхіліў магчымасць мірных перамоў і падкрэсліў, што Расія будзе працягваць баявыя дзеянні, пакуль не дасягне «ўсіх сваіх мэт».
Па словах Ушакова, амерыканскі лідар «цёпла павіншаваў Пуціна з днём нараджэння, нефармальна пажадаў яму поспехаў і дабрабыту і перадаў прывітанне ад першай лэдзі». Пуцін у адказ падзякаваў Трампу за ўвагу да дыялогу з Масквой і падкрэсліў нязменнасць расійскай пазіцыі ў дачыненні да агрэсіі супраць Украіны.
Кіраўнік Крамля катэгарычна выключыў магчымасць аднаўлення мірных перамоў. Ён абвінаваціў Украіну ў нібыта спробах сарваць расійскія выбары. Таксама Пуцін пераконваў Трампа, што ўкраінскі супраціў «не мае ніякіх перспектыў», а расійскія акупацыйныя войскі «цалкам валодаюць ініцыятывай і рухаюцца наперад».
Ушакоў сцвярджае, што па выніках размовы Трамп даручыў перадаць атрыманыя ад Расіі «сігналы» ўкраінскаму боку.
* * *
Нягледзячы на дамоўленасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным пра зняцце санкцый з расійскага дызельнага паліва, Украіна працягне наносіць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, піша Financial Times са спасылкай на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка.
Па інфармацыі выдання, Украіна не плануе спыняць атакі дальнабойнымі беспілотнікамі па расійскай энергетычнай інфраструктуры. «Мы будзем паліць [расійскія] нафтаперапрацоўчыя заводы», – сказаў украінскі чыноўнік.
* * *
ЗША дазволілі пастаўку расійскага дызелю на сусветныя рынкі, аднак Масква не прапанавала Вашынгтону ніякіх саступак у перамовах пра мір ва Украіне, адзначае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
9 кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра дамоўленасць з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным па экспарце дызелю. Па словах амерыканскага прэзідэнта, мэта рашэння – павялічыць пастаўкі паліва на рынкі ЗША і іншых краін.
Інстытут падкрэслівае, што ў 2025 годзе на Расію прыпадала менш за 10% (9,5%) сусветнага экспарту дызельнага паліва, а 8 ліпеня 2026 г. Масква часова забараніла экспарт дызелю, і гэтае рашэнне не адменена.
У ISW лічаць, што дазвол на экспарт расійскага дызелю можа павялічыць даходы Масквы і дасць ёй дадатковыя рэсурсы для працягу вайны супраць Украіны. Гэта можа ўскладніць намаганні ЗША, накіраваныя на спыненне баявых дзеянняў. Прыбыткі ад продажу нафтапрадуктаў дазволяць Расіі і далей фінансаваць ваенныя выдаткі.
Такім чынам, паслабленне абмежаванняў можа прынесці Расіі эканамічную выгаду, не забяспечыўшы саступак Масквы адносна спынення вайны супраць Украіны, пішуць эксперты ISW.