Крыніцы: У Расіі з-за прыгожынскага бунту затрымалі 13 афіцэраў. Уключна з Суравікіным

Расійская спецслужба затрымала прынамсі 13 высокапастаўленых вайскоўцаў, у тым ліку генерала Сяргея Суравікіна, у сувязі з мяцяжом Яўгена Прыгожына. 15 афіцэраў адхілілі ад службы або звольнілі. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы.

Фота getty images

Фота getty images

Паводле інфармацыі крыніц выдання, Суравікіна затрымалі праз некалькі гадзін пасля пачатку бунту, цяпер яго ўтрымліваюць у Маскве. Яму не прад'яўлялі ніякіх абвінавачванняў у здзяйсненні злачынства. Ён не знаходзіўся ў СІЗА, але, паводле крыніц, праходзіў неаднаразовыя допыты, паколькі следчыя высвятлялі яго ролю ў паўстанні.

Адзін з суразмоўцаў выдання сцвярджае, што Суравікін ведаў пра планы паўстання, але не ўдзельнічаў у мяцяжы.

Генерала могуць адпусціць, калі Пуцін вырашыць, што рабіць з наступствамі бунту, на думку суразмоўцаў выдання.

Усяго для допыту былі затрыманыя прынамсі 13 старэйшых афіцэраў, некаторых з іх пазней адпусцілі. Каля 15 афіцэраў былі адхіленыя ад выканання абавязкаў або звольненыя.

«Гэтыя затрыманні звязаныя з чысткамі ад тых, каму, як мяркуюць, больш нельга давяраць», — сказаў адзін з суразмоўцаў.

Намеснік Суравікіна Андрэй Юдзін і намеснік начальніка вайсковай выведкі Уладзімір Аляксееў таксама былі затрыманыя, але пазней іх адпусцілі. Яны адхіленыя ад выканання службовых абавязкаў, іх перамяшчэнні абмежаваныя, і яны знаходзяцца пад наглядам.

Аляксееў, як паведамляе WSJ, меў даўнія сувязі з ПВК Вагнера, аднак, як і Суравікін, у пачатку бунту публічна заклікаў наймітаў скласці зброю.


Глядзіце таксама

Сярод іншых затрыманых-былы генерал-палкоўнік Міхаіл Мізінцаў, які раней займаў пасаду намесніка міністра абароны, а ў канцы красавіка далучыўся да вагнераўцаў.

Мізінцаў атрымаў мянушку «мяснік Марыупаля» за тое, што кіраваў расійскім штурмам горада, які суправаджаўся масіраванымі бамбаваннямі грамадзянскіх кварталаў, каб прымусіць горад да капітуляцыі.

Мізінцаў быў зняты з пасады намесніка міністра, адказнага за лагістыку, і далучыўся да прыгожынскай ПВК за некалькі месяцаў да бунту.

Ні Крэмль, ні Міністэрства абароны Расіі не адказалі на запыты выдання аб каментарах.

Раней расійская ФСБ заявіла аб спыненні справы аб ваенным мяцяжы супраць Прыгожына і вагнераўцаў. Аднак Суравікін, якога заходнія СМІ неаднаразова звязвалі з Прыгожыным, не з'яўляўся на публіцы з моманту звароту да вагнераўцаў у ноч на 24 чэрвеня, у якім заклікаў іх скласці зброю.

Пра затрыманне Суравікіна паведамляла Financial Times. Паводле дадзеных газеты, ён знаходзіцца пад вартай, але пакуль не ясна, ці абвінавачаны ён у змове або затрыманы для допыту.

Bloomberg таксама пісаў, што генерала на працягу некалькіх дзён дапытвалі ваенныя пракуроры аб яго сувязях з Прыгожыным. Крыніца агенцтва сцвярджала, што Суравікіна ўтрымліваюць «у адным месцы», але ён не знаходзіцца ў турме.

У РФ зняпраўджвалі інфармацыю пра ягонае затрыманне.

12 ліпеня кіраўнік абароннага камітэта Дзярждумы РФ Андрэй Картаполаў у адказ на пытанне журналістаў паведаміў, што Суравікін «адпачывае цяпер» і «пакуль недаступны».

Паводле «Украінскай праўды».