Найміты для вайны ва Украіне? У Эфіопіі перад амбасадай Расіі ў чазе стаяць сотні мужчын

СМІ мяркуе, што чэргі каля амбасады могуць сведчыць аб наборы Расіяй мясцовых наймітаў на вайну ва Украіне. Аднак у расійскай амбасадзе заявілі, што эфіопы хацелі "праявіць салідарнасць" з РФ.

efiopija_czarha.jpeg

Перад амбасадай Расіі у сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе выстраіліся ў чаргу сотні мужчын. Пра гэта піша The Addis Standard.

СМІ мяркуе, што гэта можа сведчыць аб наборы Расіяй мясцовых наймітаў на вайну ва Украіне, аднак у амбасадзе РФ заявілі, што не займаюцца наборам вайскоўцаў і сцвярджаюць, што мужчыны, якія сталі ля амбасады, хацелі проста "праявіць салідарнасць" з РФ.

"У сувязі з гэтым, яшчэ раз выказваючы ўдзячнасць усім неабыякавым грамадзянам Эфіопіі, паведамляем, што Амбасада не прымае заяваў аб прызыве ва Узброеныя Сілы Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, што Узброеныя Сілы Расійскай Федэрацыі валодаюць дастатковым патэнцыялам для выканання ўскладзеных на іх адказных задач", — адказалі ў амбасадзе РФ.

Раней, аднак, з’явілася інфармацыя, што Расія перакінула на Данбас да 20 тысяч наймітаў з Сірыі, Лівіі і іншых краін, дзе ідуць баявыя дзеянні. А некалькі тыдняў таму было паведамленне, што ў РФ прыбыў першы кантынгент сірыйскіх наймітаў для праходжання вайсковай падрыхтоўкі перад адпраўкай ва Украіну.