Незвычайныя сапёры. Як пацукі ратуюць Нагорны Карабах ад мін

Ва Украіне міны шукаюць сабакі, а ў Нагорным Карабаху нанялі для гэтай працы пацукоў. І яны выдатна спраўляюцца!

Сумчатыя пацукі — сапёры, якія дапамагаюць размініраваць Нагорны Карабах. Фота: Aziz Karimov

Сумчатыя пацукі — сапёры, якія дапамагаюць размініраваць Нагорны Карабах. Фота: Aziz Karimov

Пасля таго, як Азербайджан у 2020-2022 гадах узяў пад свой кантроль тэрыторыі ў Нагорным Карабаху, паўстала пытанне пра размініраванне гэтых абласцей. Для такой складанай і небяспечнай працы было вырашана прыцягнуць сумчатых пацукоў з Танзаніі: яны лёгкія, вёрткія і выдатна працуюць «за ежу». Гэтыя пацукі даўно паказалі сваю эфектыўнасць у зонах іншых ваенных канфліктаў.

12 першых чатырохногіх сапёраў у траўні прыбылі ў Азербайджан з Афрыкі са сваімі куратарамі. Цяпер яны акліматызуюцца ў горным рэгіёне і трэніруюцца, а неўзабаве павінны прыступіць да працы на мінных палях, расказала «Настоящему времени»Лілі Шалом, менеджарка па сувязях з грамадскасцю бельгійскай няўрадавай арганізацыі «APOPO», якая навучае пацукоў-мінашукальнікаў. Фотаздымкі хвастатых сапёраў апублікаваў азербайджанскі фотажурналіст Азіз Карымаў: на іх сумчатых пацукоў рыхтуюць да адпраўкі ў небяспечныя зоны ў Нагорным Карабаху і яго ваколіцах.


Глядзіце таксама

Галоўная вартасць пацукоў — іх вага: жывёлы важаць менш за паўтара кілаграма. Праз гэта яны могуць хадзіць па мінах, і пры гэтым узрывальнікі прылад, якія рэагуюць на націсканне, проста не будуць спрацоўваць. Невялікія супрацьпяхотныя міны, такія, як «матылёк» ПФМ-1 савецкай распрацоўкі выбухаюць пры націсканні цяжару каля пяці кілаграмаў і большага.

Яшчэ адна перавага пацукоў — іх нюх. Яны міны шукаюць па паху трацілавай выбухоўкі. Нюх дае пацукам перавагу перад людзьмі, якія шукаюць міны пры дапамозе металадэтэктараў. Часта яны губляюць час, выкопваючы замест іх кансервавыя банкі або іншыя бясшкодныя металічныя прадметы, але могуць прапусціць пластыкавыя міны, зробленыя з мінімальным выкарыстаннем металу.

Куратары пацукоў кажуць, што яны могуць абшукаць плошчу ў 200 квадратных метраў усяго за 20 хвілін: гэта нашмат хутчэй, чым людзі. Калі пацукі знаходзяць міну, то яны паказваюць сапёрам месца, дзе яна ляжыць, драпаючы зямлю: звычайна гэта адбываецца, калі яны адчуваюць пах выбухоўкі. За выяўленне міны пацукі атрымліваюць ласунак — пюрэ з бананаў і арахісу.

Але ёсць у пацукоў і недахопы: іх працоўныя гадзіны абмежаваны раніцай, а на працягу дня ім абавязкова трэба паспаць.


Глядзіце таксама

Афрыканскія сумчатыя пацукі жывуць каля васьмі гадоў. Іх навучанне доўжыцца дзевяць месяцаў, пасля чаго пачынаецца працоўная кар'ера: у грызуноў яна можа доўжыцца да пяці гадоў. Куратары чатырохногіх сапёраў кажуць, што калі пацукі старэюць і іх матывацыя пачынае згасаць, у камандзе «APOPО» іх адпраўляюць на заслужаную пенсію. Галоўная прыкмета таго, што кар'ера сапёра заканчваецца, паводле слоў дрэсіроўшчыкаў — жывёлы пачынаюць выдаткоўваць больш часу на догляд і сон, чым на вынюхванне мін.

Марк Шукуру, член групы «APOPО», кажа, што жыхары Нагорнага Карабаха праявілі цікаўнасць да іх гадаванцаў і былі заінтрыгаваныя: ці праўда пацукі так добра працуюць? Шмат каму цяжка паверыць, што яны могуць знаходзіць міны са стоадсоткавай дакладнасцю.

Цяпер мінныя палі запавольваюць тое, што Баку называе «вялікім вяртаннем» азербайджанцаў у Нагорны Карабах. У 1990-я гады, пасля ўзброенага канфлікту з Арменіяй, тысячы азербайджанскіх сем'яў з Карабаха сталі вымушанымі перасяленцамі, калі рэгіён пачалі кантраляваць армяне. Міжнародная крызісная група ў нядаўняй справаздачы прыводзіць даныя: на тэрыторыях Азербайджана, адваяваных у этнічных армян у 2020 годзе, было закладзена да мільёна мін.


Глядзіце таксама

Адным з самых вядомых чатырохногіх герояў-сапёраў на сённяшні дзень з'яўляецца ўкраінскі джэк-расэл-тэр'ер Патрон. Гэта сабака кіраўніка піратэхнічнай групы Упраўлення ДСНС Украіны па Чарнігаўскай вобласці Міхаіла Ільева. Упершыню пра Патрона свет даведаўся пасля публікацыі на старонцы Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях Украіны 15 сакавіка 2022 года — праз тры тыдні пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, калі сабаку сталі прыцягваць да выяўлення супрацьпяхотных мін.

Патрон вельмі хутка стаў вядомы па ўсёй Украіне. У Вікіпедыі пра гэтага сабаку ёсць артыкулы на 18 мовах. Акрамя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, джэк-расэл сустракаўся з прэм'ерамі Канады і Вялікабрытаніі. Патрон намаляваны на паштовай марцы і муралах у Роўне, Палтаве, Запарожжы і Кіеве. Цяпер у яго акаўнце ў Instagram амаль 400 тысяч падпісчыкаў.

Напарнік Патрона па размініраванні Міхаіл Ільеў так апісвае працу свайго хвастатага калегі:

— Калі мы бяром супрацьтанкавыя міны, яны спрацоўваюць пры націсканні ад 150 да 300 кілаграмаў. Гэта значыць, мы разумеем, калі наступіць чалавек ці нехта яшчэ, то міна не спрацуе. Калі браць супрацьпяхотныя міны, то там сіла націску — ад пяці кілаграмаў. Патрон важыць чатыры кілаграмы. Таму я думаю, што, дзякуй богу, нічога з ім не здарыцца, і мы на гэта спадзяемся.

Калі сабака знаходзіць выбухованебяспечны прадмет, ён падае каманду, што нешта знайшоў, садзіцца побач з гэтым прадметам, і далей працуюць ужо сапёры. І паколькі Патрон пастаянна знаходзіцца са мною побач, мы з ім працуем удваіх, то я бачу ўсе яго каманды, якія ён мне падае, што ён шукае. Я за ім, вядома, даглядаю і перажываю, як за ўвесь асабовы састаў. Таму што розныя сітуацыі могуць быць.

На выбуховыя работы, на падрывы або на працу агнястрэльнай зброі Патрон рэагуе нармальна, адэкватна. Нікуды не бяжыць, у яго няма аніякай панікі, таму што з самага дзяцінства, калі я пачаў з ім займацца, я яго прывучаў да падрываў: гэта значыць, калі ідзе знішчэнне выбухованебяспечных прадметаў пры дапамозе кантраляванага падрыву. Вядома, першыя два разы я яго трымаў побач з сабой, і потым ён усё зразумеў, што гэта ўсё нармальна. І да цяперашняй пары не было такіх выпадкаў, што ён кудысьці бяжыць ці ў яго пачынаецца паніка. Ён нармальна рэагуе.

Калі была актыўная фаза размініравання і абстрэлы ў Чарнігаўскай вобласці, дэтанацыя боепрыпасаў, шмат сабак бегалі па горадзе, не ведалі, куды схавацца, шукалі нейкі сабе прытулак, куды можна схавацца і пераседзець. Патрон нармальна на ўсё гэта рэагаваў: проста глядзеў, што будуць рабіць людзі. Глядзеў, ці будуць яны кудысьці ехаць, ці не будуць. Проста быў побач.