Пасольства Мексікі ў РФ троліць расіян на ўкраінскай мове

Калі пры аўтарызацыі візы ў графе «Грамадзянства» пазначыць «Расія», то пасля запаўнення дакумента на экране з'яўляецца адмова — прычым на ўкраінскай мове.

На ўкраінскай мове з’яўляецца рэкамендацыя звярнуцца па візу асабіста ў консульскі аддзел

На ўкраінскай мове з’яўляецца рэкамендацыя звярнуцца па візу асабіста ў консульскі аддзел

Праз 100 дзён поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны ў расіян паўсталі складанасці з электроннай аўтарызацыяй пры афармленні візаў у Мексіку. Пра гэта паведамляе РІА «Новости».

Расіяне, якія спрабуюць аформіць электронны дазвол для ўезду ў Мексіку на сайце амбасады гэтай краіны ў Расіі, атрымліваюць адмову ў гэтым — прычым сама адмова прыходзіць на ўкраінскай мове.

Для афармлення электроннага дазволу трэба запоўніць на сайце амбасады Мексікі анкету з асабістымі данымі, у тым ліку пазначыць грамадзянства і даты наведвання Мексікі.

Цяпер жа калі пазначыць у якасці грамадзянства «Расія», то пасля запаўнення анкеты на экране з'яўляецца тэкст на ўкраінскай мове — у ім гаворыцца, што запыт «не апрацаваны».

«На жаль, вымушаныя паведаміць, што Ваш запыт на атрыманне электроннай аўтарызацыі не можа быць апрацаваны», — гаворыцца ў паведамленні.

Далей, таксама на ўкраінскай мове, ідуць рэкамендацыі звярнуцца па візу асабіста ў консульскі аддзел.

Паводле www.unian.net, РІА Новости