Пуцін пашырыў спрошчанае атрыманне расійскіх пашпартоў на ўсіх украінцаў

Да расійскага ўварвання такі парадак распаўсюджваўся на жыхароў акупаванага Данбаса, у траўні да іх дадалі жыхароў Херсонскай і Запарожскай абласцей, часткова акупаваных Расіяй.

paszpart_uk_ras.jpg


Юрыдычна змены выглядаюць вельмі коратка: Пуцін адрэдагаваў свой загад ад красавіка 2019 года і напісаў, што спрошчаны парадак датычыцца ўсіх грамадзян Украіны, а таксама жыхароў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, незалежнасць якіх Расія з падачы яе прэзідэнта прызнала перад уварваннем.
25 траўня Пуцін падпісаў загад аб спрошчаным прыёме ў расійскае грамадзянства жыхароў Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны. Значная частка гэтых тэрыторый акупаваная расійскім войскам, акупацыйныя ўлады заяўлялі аб намеры правесці «рэферэндумы» ужо сёлета і далучыцца да Расіі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што яго краіна мае намер вярнуць усе захопленыя пасля 24 лютага тэрыторыі.
У загадзе Пуціна ад 2019 года было сказана, што разгляд заяў аб прыёме ў грамадзянства Расіі, пададзеных жыхарамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, павінны займаць не больш за тры месяцы.
Спрошчаная працэдура мае на ўвазе атрыманне пашпарта без абавязковых у іншых выпадках іспытаў і захавання патрабавання аб пражыванні ў Расіі больш за пяць гадоў. Для атрымання грамадзянства дастаткова падаць заяву і некалькі іншых дакументаў — у прыватнасці, дакумент, які сведчыць асобу.