Расія абвясціла ў Крыме «патаемную» мабілізацыю ваенных
Нягледзячы на тое, што прыхаваная мабілізацыя ў Расіі правалілася, расійцы знайшлі выхад для прыцягнення новых жаўнераў. Крэмль вырашыў адправіць на вайну ва Украіну вайскоўцаў з Крыма, якія здрадзілі прысязе ў 2014 годзе.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на паведамленне дарадцы міністра ўнутраных спраў Віктара Андрусіва.
«У красавіку яны арганізавалі прымусовую мабілізацыю ў ЛДНР. Аднак людзі пачалі хавацца, а на фронце гэтыя салдаты разбягаліся пры першых абстрэлах. Таму Крэмль знайшоў новае рашэнне — мабілізацыю крымскіх здраднікаў 2014 года», — распавёў ён.
Па словах Андрусіва, усяго Украіне здрадзілі каля 14 тысяч вайскоўцаў.
«За восем гадоў многія з іх дэмабілізаваліся і сышлі са службы. Дык вось, цяпер іх у прымусовым парадку мабілізуюць і папаўняюць імі разбітыя брыгады, якія знаходзяцца на аднаўленні ў Крыме. Асаблівасць у тым, што здраднікі не падлягаюць абмену. Яны праходзяць па артыкуле 111 “дзяржаўная здрада”, і будуць прысуджацца да 15 гадоў зняволення», — дадаў ён.
Акупаваны Крым стаў тэрыторыяй, дзе расійскае ваеннае кіраўніцтва аднаўляе баяздольнасць вайсковых падраздзяленняў пасля значных страт у вайне.